Председатель районного объединения профсоюзов Ядвига Шульгат подвела итоги 2018 года
Канец каляндарнага года – самы гас, час, каб падвесці вынікі працы і намеціць планы на будучае. Пра тое, чым 2018-ты быў адметным для раённага аб’яднання прафсаюзаў мы пагутарылі з яго старшынёй Ядвігай Шульгат.
– Ядвіга Іосіфаўна, дной з важнейшых тэм года для Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі стала праца над законапраектам Працоўнага кодэкса. Якія прапановы прафсаюза былі падтрыманы?
– У цэлым ФПБ унесла каля 40 прапаноў, кожная з якіх была сфарміравана на падставе тых запытаў і праблем, з якімі да прававых інспектараў звяртаюцца члены прафсаюза. У выніку большая частка нашых прапаноў была ўлічана. Напрыклад, прафсаюзы настаялі на захаванні тэрміну папярэджання работніка за 30 дзён аб змене істотных умоў працы, хаця яго хацелі зменшыць да сямі. У законапраект уключаны палажэнні, згодна з якімі прафсаюзная арганізацыя мае права прымаць удзел у абмеркаванні кантракта з работнікам. Гэта дазволіць пазбегнуць сітуацый, калі супрацоўніку прапаноўваюць заведама нявыгадныя ўмовы працы. Таксама наймальнік павінен будзе паведамляць прафлідару пра намер не прадаўжаць кантракт з работнікам. Сярод істотных прапаноў і адзіныя падыходы да прымянення матэрыяльнай адказнасці пры нанясенні шкоды наймальніку як для тых, хто працуе па кантракце, так і для тых, хто па працоўным дагаворы. Таксама прадугледжана, што штрафы, якія накладаюцца на наймальніка, у далейшым не будуць спаганяцца з работнікаў. Яшчэ адзін прынцыповы момант – гэта прадаўжэнне і перазаключэнне кантрактаў з добрасумленнымі работнікамі на максімальны тэрмін, альбо перавод іх на бестэрміновы працоўны дагавор з захаваннем усіх сацыяльных і матэрыяльных гарантый і шэраг іншых.
– Ці застаюцца запатрабаванымі прававыя прыёмы грамадзян?
– Так. Кожны месяц прававыя інспектары ФПБ наведваюць наш раён. Вялікі плюс такіх прыёмаў у тым, што прафесійную кансультацыю можна атрымаць бясплатна. Сёлета на прыёмы звярнулася 20 грамадзян. Асноўная маса пытанняў тычылася пенсіённага забеспячэння, разліку працоўнага стажу, атрымання водпуску за асабісты рахунак, умоў аплаты за працу ў выхадныя і святочныя дні, па сумяшчальніцтве і інш. Пры неабходнасці да вырашэння пытанняў падключаюцца прадстаўнікі пракуратуры, якія супрацоўнічаюць з ФПБ у межах пагаднення аб ўзаемадзеянні, падпісанага ФПБ і Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь у верасні 2017 года.
– Прафсаюзы праводзяць маніторынг цэн, сочаць за вырашэннем праблемных пытанняў у галіне аплаты працы, занятасці і сацыяльных гарантый. Раскажыце пра гэту работу падрабязней.
– Сапраўды, штомесяц мы аналізуем рэальныя цэны ў крамах і супастаўляем іх з тымі даходамі, якія атрымліваюць людзі. Маніторынг цэн на прадукты харчавання ў нашым раёне праводзіцца па 98 пазіцыях у крамах “Родны кут” і “Еўраопт”. Пра вынікі “народнага кантролю” паведамляем у ФПБ, пасля чаго ўсе дадзеныя паступаюць у Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Камітэт дзяржкантролю. Дадзеныя маніторынгаў па выніках дзевяці месяцаў сведчаць пра тое, што ў цэлым сітуацыя з прадуктамі харчавання была стабільнай, а цэны павышаліся адэкватна ўзроўню інфляцыі. Праўда, ёсць некалькі пазіцый, па якіх быў адзначаны рост, гэта, напрыклад, свініна, мяса птушкі, некаторая гародніна.
Што тычыцца галіны працы і занятасці, то сёлета асаблівую ўвагу мы надавалі пытанням прымянення кантрактнай формы найму. У цэлым па раёне кароткатэрміновыя кантракты заключаны з 46 працэнтамі работнікаў (вобласць – 44 працэнты). Пад асаблівым кантролем арганізацыі, дзе былі дапушчаны парушэнні заканадаўства аб выплаце заробку. Пільна сочым за своечасовай аплатай наймальнікамі абавязковых страхавых узносаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
Усяго калектыўна-дагаворным рэгуляваннем на Докшыччыне ахоплена 7086 чалавек ці амаль 97 працэнтаў ад агульнай колькасці працуючых, а ўзровень беспрацоўя па стане на 1 снежня складае 0,3 працэнта пры сярэдніх па Віцебшчыне 0,7 працэнта.
– Чалавек павінен прыйсці на працу і вярнуцца дадому здаровым. Як сёлета справы з пытаннямі аховы працы?
– Неабходна адзначыць, што дзякуючы арганізаванай рабоце мабільнай групы раёна, рэйдавай групы тэхнічнай інспекцыі ФПБ зменшылася колькасць няшчасных выпадкаў на вытворчасці, аднак, на жаль, упершыню за некалькі апошніх гадоў быў зарэгістраваны адзін выпадак вытворчага траўматызму са смяротным зыходам. У час наведвання прадпрыемстваў і арганізацый было выяўлена 66 парушэнняў нормаў і правілаў аховы працы, наймальнікі атрымалі восем рэкамендацый для іх ліквідацыі. Рэйдавая група ФПБ у кастрычніку наведала раён і пабывала ў ААТ “Барсучанка”, ААТ “Бягомльскае”, ПМК-52, ДРБУ-180, РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, ДЛГУ “Бягомльскі лясгас”, РЭС, на заводзе “Ветразь”, Докшыцкім хлебазаводзе, станцыі Параф’янаў.
– Што на павестцы дня ў раённага аб’яднання на 2019 год?
– Акрамя ўсіх нашых асноўных мерапрыемстваў, сярод якіх дабрачынныя акцыі, конкурсы прафмайстэрства, спартыўныя спаборніцтвы, экскурсійная работа і інш, ужо са студзеня стартуе маштабная справаздачна-выбарчая кампанія ў пярвічных прафсаюзных арганізацыях. Іх у нашым раёне дзейнічае 87, у тым ліку чатыры былі створаны сёлета на прыватным прадпрыемстве “ЯВГ-Сэрвіс”, у раённым архіве, філіяле “Докшыцыводаканал”, аддзеле спорту і турызму. Да таго ж дзейнічае чатыры галіновыя райкамы прафсаюзаў і раённае аб’яднанне. Будуць заслуханы справаздачы, дадзена ацэнка рабоце і абраны прафсаюзныя лідары на ўсіх узроўнях. Завершыцца кампанія ў маі 2020 года правядзеннем з’езду Федэрацыі прафсаюзаў.
Напярэдадні Новага года і Каляд хачу павіншаваць калектывы са святамі, падзякаваць прафактыву за работу і яшчэ раз нагадаць пра тое, што самы час далучыцца да дабрачыннага марафону “Прафсаюзы — дзецям”, каб падарыць веру ў казку і цуд нашай надзеі і будучыні – падрастаючаму пакаленню. Міра вам, дабрыні, спагады і душэўнага камфорту.
Гутарыла Наталля НАВІЦКАЯ.