Пройденный путь от истории к современности
Станаўленне беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове адбывалася ў складаных геапалітычных умовах: развязанай Першай сусветнай вайны, рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Своеасаблівай кропкай адліку лічыцца Першы Усебеларускі з’езд у снежні 1917 года, сазваны з дазволу і пры фінансаванні савецкай Расіі. Выбранаму на з’ездзе органу павінна была перайсці ўся паўната ўлады. Але з’езд быў разагнаны, і працэс стварэння беларускай дзяржаўнасці быў перарваны. Беларускім секцыям РКП (б) на павестцы дня ўдалося ўзняць яго толькі ў снежні 1918 года на канферэнцыі ў Маскве. Яна прызнала неабходнасць стварэння Часовага рабоча-сялянскага ўраду Беларусі.
У апошні снежаньскі тыдзень Цэнтральнае савецкае і камуністычнае кіраўніцтва дало згоду на самавызначэнне Беларусі і дазвол на стварэнне БССР. 30 снежня пастанова аб тэрыторыі Беларусі ўключыла ў новую дзяржаву Мінскую, Смаленскую, Магілёўскую, Віцебскую і Гродненскую губерніі, населеных пераважна беларусамі. Вечарам 1 студзеня 1919 года быў сфарміраваны Часовы рабоча-сялянскі урад, які ўзначаліў Дзмітрый Жылуновіч. Але 27 лютага ў Вільні на аб’яднаным з’ездзе ЦК Беларусі і Літвы было прынята рашэнне аб аб’яднанні рэспублік, і ўзнікла Савецкая Сацыялістычная рэспубліка Літвы і Беларусі. Праіснавала яна да 31 ліпеня 1920 года, калі ў Мінску зноў было ўрачыста аб’яўлена аб стварэнні БССР. У сакавіку 1921 года да Польшчы адышла значная частка заходняй тэрыторыі Беларусі. У 1926 годзе да БССР былі далучаны ўсходнія тэрыторыі Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерній, папярэдне выведзеныя са складу РСФСР. Наступным актам гістарычнай справядлівасці стала далучэнне ў 1939 годзе заходніх тэрыторый, што былі да гэтага часу пад Польшчай.
Наступным выпрабаваннем для беларускай дзяржаўнасці стала Вялікая Айчынная вайна. Толькі дзякуючы вялікай стойкасці, мужнасці, самаахвярнасці беларускага народа была заваявана Вялікая Перамога. Вялікім дасягненнем стала прызнанне БССР на міжнародным узроўні і ўжо ў 1945 годзе рэспубліка стала членам ААН.
З 1945 па 1990 гады краіна не толькі аднавіла разбураную вайной гаспадарку, але і стала індустрыяльна, культурна і духоўна моцна развітай рэспублікай. Вядучай галіной у прамысловасці было машынабудаванне. Працавала 150 буйных прадпрыемстваў так званага саюзнага значэння. У 70-х гадах завяршыўся пераход да агульнай сярэдняй адукацыі. Працавалі 33 ВНУ, 167 навуковых устаноў. З’явілася цэлая плеяда таленавітых літаратараў: В. Быкаў, А. Адамовіч, У. Караткевіч, Н.Гілевіч, Р. Барадулін, А. Дудараў і іншыя.
Менавіта ў перыяд БССР быў закладзены моцны грамадска-палітычны, эканамічны і культурны падмурак беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, якая вытрымала праверку часам і стала падставай для будаўніцтва суверэннай Рэспублікі Беларусь.
Падрыхтавала Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.