Секретом успеха делится техник-осеменатор КУП «Докшицкий» Валерий Гапанёнок

img_2364Ёсць прафесіі не вельмі вядомыя, але дужа патрэбныя. Людзі, якія выбіраюць іх, не з’яўляюцца публічнымі, але яны старанна працуюць з дня ў дзень, добрасумленна выконваючы свае абавязкі. Да такіх работнікаў можна з упэўненасцю аднесці спецыялістаў па штучным асемяненні БРЖ, а прасцей – тэхнікаў-асемянатараў. Менавіта яны ключавое звяно ў ланцужку ўзнаўлення статку. Дзякуючы іх рабоце павялічваецца або трымаецца на ўзроўні грамадскае пагалоўе жывёлы ў раёне.

Валерый Гапанёнак працуе тэхнікам-асемянатарам у КУП “Докшыцкі” трэці год. Але ўжо летась стаў пераможцам раённага спаборніцтва з вынікам выхаду цялят 102 галавы на сто кароў і цялушак. З аднаго боку, стаж работы ў прафесіі зусім яшчэ невялікі. З другога, могуць аспрэчыць некаторыя, у такой рабоце нічога складанага няма. Сперма знаходзіцца ў вадкім азоце ў сасудзе Дзьюара пры тэмпературы мінус 196 градусаў. У тэрмастаце пры тэмпературы 38-39 градусаў яе патрэбна размарозіць, праверыць на рухомасць сперматазоідаў, уставіць саломінку з семянным матэрыялам у шпрыц, надзець ахоўныя чахлы і ўвесці семя ў матку каровы або цялушкі – рэктацэрвікальны спосаб. Мінус пры ім – у канцы дня баляць рукі. Здавалася б, сапраўды нескладана. Працэсу навучаюць на спецыяльных курсах пры Віцебскай ветакадэміі. Аднак вынік работы у розных спецыялістаў чамусьці адрозніваецца. У кагосьці, як у Валерыя Гапанёнка, выхад цялят вышэйшы за сотню, а ў кагосьці і напалову меншы. У чым прычына?
– У адказнасці, – лічыць Валерый Леанідавіч. – Усё трэба рабіць своечасова. Карова не трактар, у якім запчастку можна памяняць сёння, а можна праз тыдзень. Асемяняюць яе, калі яна знаходзіцца ў палавой ахвоце, што доўжыцца 10-12 гадзін. Упусціш момант – чакай 18-20 дзён да новай ахвоты. Прапусціш і яе – вось табе і ялаўка, а там і да бясплоддзя недалёка. Ад такой каровы ўжо карысці няма, яе патрэбна выбракоўваць, і гаспадарка нясе страты. Па-другое, важна дакладна захоўваць тэхналогію. Парушыш тэмпературны рэжым, стэрыльнасць, зацягнеш працэс, не праверыш сперматазоіды на рухомасць – работа насмарку. Па-трэцяе, у выніках работы тэхніка-асемянатара вялікая доля заслугі таксама і ветэрынарнага ўрача, і галоўнага заатэхніка, гэтак жа, як вынікі іх работы часткова залежаць ад майго старання. Мы адзіны механізм, і мне ў гэтым плане пашанцавала, бо каманда наша згуртаваная і, скажам так, спрацаваная.
Цікавімся у Валерыя Леанідавіча, наколькі справядлівы выраз, што ў асемянатара вочы павінны быць на кончыках пальцаў. Ён пагаджаецца з высновай, што рукі ў яго прафесіі – галоўны інструмент: сапраўды, працаваць даводзіцца ўсляпую, таму яны павінны быць вельмі адчувальнымі.
Нягледзячы на сучасныя тэхналогіі, лёгкай і чыстай такую работу не назавеш, і працаваць тэхнікам-­асемянатарам, як падаецца, можа далёка не кожны. Раннія пад’ёмы (кароў патрэбна агледзець да пачатку даення), пастаянныя пераезды з адной фермы на другую, увечары ўсё паўтараецца. Рабочы дзень, як у тым фільме ў цара, ненарміраваны – сітуацыі бываюць розныя.
Пад апекай Валерыя Гапанёнка амаль 700 галоў на пяці малочнатаварных фермах гаспадаркі. Клопатная прафесія, што і казаць. Да ўсяго, тэхнік-­асемянатар – гэта своеасаблівы перынатальны цэнтр: ён кантралюе ўвесь працэс ад асемянення да ацёлу, дапамагае ветурачу выяўляць і лячыць захворванні, вакцынаваць жывёлу, рэкталіць, вядзе неабходную дакументацыю. І менавіта ад яго вопыту і адказнасці ў многім залежыць, ці будзем мы з малаком і мясам.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКУ: старшыня райвыканкама Алег Пінчук уручае Падзяку тэхніку-асемянатару КУП “Докшыцкі” Валерыю Гапанёнку.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *