Антисанитария царит в одном из домов агр. Волколата
У раёне дзейнічаюць пастаянныя аглядавыя камісіі, у склад якіх уваходзяць прадстаўнікі ўлады, РАНС, РАУС, сацыяльнай службы і іншых. Яны рэгулярна наведваюць домаўладанні, каб яшчэ раз нагадаць грамадзянам аб правілах пажарнай бяспекі. У рэйдзе, які праводзіўся ў аграгарадку Валкалата, прынялі ўдзел старшыня Валкалацкага сельсавета Пётр Кацейка, пажарны інспектар РАНС Андрэй Мальчонак, супрацоўнік раёна газазабеспячэння Уладзімір Гмырак і карэспандэнт “РВ” Таццяна Падбярэзкая.
На маршруце – дом Ганны Падрэз, што знаходзіцца на вуліцы Цэнтральнай. Спецыялісты звяртаюць увагу на электраправодку, пячное ацяпленне, на тое, у якім стане знаходзіцца газавая пліта. Пасля раяць жанчыне набыць пажарны апавяшчальнік і прымацаваць яго на столі ў спальным пакоі, а таксама замяніць перадтопачны ліст каля печкі, які не адпавядае памерам.
У гутарцы з Янінай і Іосіфам Мацюшонкамі высветлілася, што днямі ў гаспадароў узніклі праблемы з печчу. Калі яе цеплілі, дым не ішоў у комін, пакуль гаспадар яго не пачысціў.
– Чысціць комін трэба абавязкова, – нагадаў пажарны інспектар, – а яшчэ не забудзьцеся абкласці цэглай трубу на гарышчы, бо пры яе награванні дастаткова нават самай маленькай іскры, каб справакаваць пажар.
Прадстаўнік газавай службы выказаў здагадку, што ў пенсіянераў, мабыць, дзесьці ў хляве захоўваецца яшчэ адзін газавы балон. Бо вяскоўцы ў гэтым плане дамавітыя: у гаспадарцы, напрыклад, спатрэбіцца таго ж парсючка абсмаліць. І сапраўды, як прызналіся сужэнцы, такі балон быў. Пенсіянерам было патлумачана, што гэта небяспечна, бо балон з часам стане ржавець, а гэта можа прывесці да непрадказальных наступстваў. Таму Мацюшонкам, ды і іншым гаспадарам уласных дамоў, было прапанавана перадаць балон газавікам у кошт аплаты новага.
Людміла Чумак пераехала ў Валкалата з Ліды. Пакуль абжываецца, але печку, як ёй і рэкамендавалі, затынкавала яшчэ летам. А вось пажарны апавяшчальнік набыць да гэтай пары не паспела, і дарэмна. Па недакурках у хаце бачна, што жанчына сябруе з цыгарэтай.
– Калі, напрыклад, у доме людзей, якія жывуць адны, у дрэнным стане знаходзіцца печ, калі не працуе альбо ўвогуле адсутнічае апавяшчальнік, мы дасылаем ліст дзецям, сваякам, каб праявілі клопат, – гаворыць старшыня Валкалацкага сельсавета Пётр Кацейка. – А каб замяніць батарэйку ў апавяшчальніку, нават нікуды не трэба ехаць. Яе можна заказаць у паштальёна. З гэтым праблем ніколі не ўзнікала.
Яшчэ адзін адрас, па якім наведаліся ўдзельнікі рэйду, – дом Антона Бурака. Праўда, пасля ўсяго там убачанага наўрад ці можна назваць яго жыллём. Ужо на парозе прыйшлося ледзь не пераскокваць праз кучу смецця, якая вырасла тут не за адзін дзень. Поўная антысанітарыя панавала і ў жылых пакоях, а ад паху, які распаўсюджваўся ў хаце, хацелася хутчэй выбегчы на вуліцу, каб зрабіць глыток свежага паветра.
– Калісьці Антон Бурак жыў у ведамасным доме ў Станіслаўцах, – расказаў Пётр Баляслававіч, – і давёў яго да аварыйнага стану. Нягледзячы на гэта, кіраўніцтва ДП “АграСітцы”, дзе мужчына і сёння працуе на ферме жывёлаводам, пайшло насустрач і выдзеліла дом у аграгарадку. У яго Бурак засяліўся летась, але ўжо праз пару месяцаў жыллё было не пазнаць. Таму сельвыканкам накіраваў паведамленне кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства, каб паўздзейнічалі на неахайнага работніка.
За дзень работы аглядавай камісіі было абследавана каля двух дзясяткаў домаўладанняў. Асноўная рэкамендацыя, якая была дадзена грамадзянам, – устанавіць пажарны апавяшчальнік.
– Асноўная мэта – не дапусціць гібелі людзей ад знешніх прычын, – зазначыў пажарны інспектар Андрэй Мальчонак. – Таму пастаянна гутарым з імі, тлумачым, нагадваем яшчэ і яшчэ раз правілы пажарнай бяпекі.
Тэкст і фота Таццяны Падбярэзкай.