Бегомльское отделение Беларусбанка лучшее в республике
Бягомльскае аддзяленне № 209/127 Цэнтра банкаўскіх паслуг №209 г. Докшыцы філіяла № 216 ААТ “ААБ Беларусбанк” з’яўляейцца лепшым структурным падраздзяленнем. Сёлета яно заняло І месца ў рэспубліканскім конкурсе на лепшае аддзяленне па выніках дзейнасці за 2018 год у групе малых аддзяленняў. Узнагароды пераможцам уручыў дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг Сяргей Зубар.
– Вельмі прыемна віншаваць вас з такім вялікім дасягненнем, – звярнуўся Сяргей Анатольевіч да работнікаў. – Спадзяюся, што вы здолееце захаваць набыты аддзяленнем статус і ў наступным годзе.
Перамога не была выпадковай: некалькі гадоў запар аддзяленне, кіраўніком якога звыш трыццаці гадоў была Марыя Майсяёнак, станавілася пераможцам у вобласці, у мінулым годзе заняло ІІІ месца ў рэспубліцы.
Спецыялістам сапраўды ёсць чым ганарыцца. Рэнтабельнасць дзейнасці аддзялення склала 41,3 працэнта, тэмпы росту тэрміновых сродкаў фізічных асоб дасягнулі 120 працэнтаў, камісійных даходаў – 140 працэнтаў. Аб’ёмы здзейсненых плацяжоў з выкарыстаннем банкаўскіх аплатных картак склалі 1450 тысяч рублёў, крэдытаў выдадзена на суму 244 тысячы рублёў. Акрамя гэтага, спецыялістамі аддзялення было аформлена 800 аплатных картак. У мінулым годзе Кніга водгукаў і прапаноў папоўнілася чатырнаццаццю новымі запісамі ад удзячных кліентаў.
Вядучым спецыялістам па продажы рознічных банкаўскіх прадуктаў і паслуг з’яўляецца Вераніка Куршын. Яна толькі год выконвае абавязкі кіраўніка аддзялення, але ўжо паспела зарэкамендаваць сябе з самага лепшага боку. Умее арганізаваць калектыў, падтрымаць дысцыпліну і спытаць з кожнага. Яе праца адзначана ўдзячнасцю старшыні праўлення банка.
– Зараз мяне перапаўняюць эмоцыі, – падзялілася яна. – Вельмі прыемна, што наша мэтанакіраваная праца і нашы старанні так высока ацэнены. Ганарымся, што апраўдалі ўскладзеныя на нас спадзяванні. Зараз трэба працаваць над тым, каб захаваць і прымножыць іх.
У мінулым годзе Беларусбанку споўнілася 95 гадоў, а сёлета 10 лютага 75-годдзе адзначае аддзяленне ў Бягомлі. Для мільёнаў грамадзян “Беларусбанк” з’яўляецца сімвалам надзейнасці і стабільнасці, народным банкам, які заўсёды побач.
НА ЗДЫМКУ: дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг Сяргей Зубар узнагароджвае спецыялістаў лепшага аддзялення рэспублікі Вераніку Курныш, Вольгу Палякову, Іну Зайцаву і Лілію Батура.
Таццяна САКОВІЧ.
Фота аўтара.