Евгения Парфенович из Докшицкого района увлекается вышивкой в технике «ришелье»
Калі мароз малюе на вокнах узоры, то, прыгледзеўшыся, можна ўбачыць у заінелым шкле дзіўныя кветкі, зоркі, прысыпаныя снегам яловыя лапкі. Нешта падобнае праглядваецца ў вырабах Яўгеніі Парфяновіч з Крулеўшчыны, якая ўсё жыццё вязала шыдэлкам і пруткамі, вышывала крыжыкам, гафтавала.
Яўгенія Аркадзьеўна сустрэла нас на парозе кватэры і гасцінна запрасіла ўвайсці. Пакуль упраўлялася з хатнімі справамі, быў час агледзецца. Дзіва! Пакой абсталяваны па-сучаснаму, і нідзе няма нават намёку на тое, што тут жыве майстрыха: на акне вісяць звычайныя фіранкі, на тумбачцы – куплёная посцілка. І толькі на паліцах, за якія выпадкова зачапіўся позірк, заўважаем бялюткія сурвэткі дзіўнай прыгажосці, нібыта прыхаваныя ад гасцей як найвялікшае багацце.
– А каму гэта ўсё зараз трэба? – шчыра здзіўляецца гаспадыня, скончыўшы завіхацца на кухні. – Раней і абрусы засцілала, і падузорнікамі ложак упрыгожвала, а зараз прыбрала ўсё.
З гэтымі словамі гаспадыня адчыніла шафу, а там, нібыта ў малахітавай шкатулцы, хараство неверагоднае: паліцы ўпрыгожаны сурвэткамі з ажурнымі ўзорамі ручной работы.
– Вучыся, Жэнечка, гафтаваць, – прыгадала Яўгенія Аркадзьеўна словы цёткі Ліды, у якой жыла, прыехаўшы з Міёрскага раёна пасля заканчэння сямігодкі. Цётка была сапраўднай рукадзельніцай і хутка навучыла пляменніцу прамудрасцям гэтага прыгожага рамяства.
Жэні настолькі палюбіўся гэты занятак, што, як толькі прыбягала з работы, сядала за вышыўку. Умелыя рукі стваралі цудоўныя вязаныя падузорнікі, ільняныя абрусы з вышыўкай крыжыкам, гафтаваныя фіранкі, накідкі на падушкі ды посцілкі.
Усё гэта багацце Жэня перавезла ў новую кватэру, калі выйшла замуж. Давялося Яўгеніі Аркадзьеўне пэўны час працаваць на Барысаўскай фабрыцы мастацкіх вырабаў, дзе вышывала ўзоры ўручную, а дома працягвала страчыць на машынцы.
– На стварэнне адной такой шторы, да прыкладу, мне патрэбна было каля тыдня, – гаворыць майстрыха і, дэманструючы шыкоўны выраб, дзеліцца сакрэтамі яго вышыўкі. – Спачатку намячаўся ўзор, адны элементы якога падглядала на розных малюнках, другія – прыдумляла сама, пасля пэўную частку апрацоўвала на машынцы, следам выразала фігурныя дзірачкі. Так пакрысе атрымлівалася вось гэта хараство. І зараз летняй парой упрыгожваю імі вокны.
Многія свае вырабы Яўгенія Аркадзьеўна раздарыла родным і блізкім. Вось і нам прэзентавала невялічкую сурвэтку, з любоўю вышытую сваімі рукамі. Такія падарункі атрымліваць асабліва прыемна, таму што ў кожным з іх – часцінка душы майстра, прыхаваная пад бялюткім узорам дзіўнай прыгажосці.
НА ЗДЫМКУ: майстрыха Яўгенія Парфяновіч.
Таццяна САКОВІЧ.
Фота аўтара.