Партизаны Докшиччины не давали покоя немецко-фашистским захватчикам
На тэрыторыі тагачаснага Докшыцкага раёна, якім ён быў у даваенных межах, дыслацыраваліся і праводзілі баявыя дзеянні партызанскія брыгады імя Даватара, імя Ракасоўскага, імя Леніна, Мядзведзева (з 1944 года імя ЦК КП(б)Б). Пачынаў барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў і асобны партызанскі атрад “Баявы”, сфарміраваны з былых спартсменаў-добраахвотнікаў для дыверсійна-разведвальнай работы.
Брыгада імя Леніна была створана ў ліпені 1942 года як беларуская дыверсійная брыгада асобага назначэння пад камандаваннем Максіма Гарбаценкава. На тэрыторыі раёна яна дзейнічала з верасня па снежань 1943 года. Кіраўніцтва партызанскімі фарміраваннямі ажыццяўлялі Докшыцкія падпольныя райкамы КП(б) Б і ЛКСМБ. Сакратаром падпольнага райкама партыі быў Мікалай Умінскі. У састаў бюро ўваходзілі Анатоль Мядзведзеў, Максім Гарбаценкаў, Уладзімір Свірыд, які кіраваў райкамам камсамола. У раёне дзейнічала 17 падпольных камсамольскіх арганізацый. Камсамольцы распаўсюджвалі нелегальную літаратуру, праводзілі дыверсіі ў нямецкіх гарнізонах. У кастрычніку камсамольцамі-падпольшчыкамі ў Малажанях на аэрадроме было знішчана сем цыстэрнаў з гаручым. Магнітнай мінай на станцыі ў Крулеўшчыне падарвалі ваенны эшалон, які ішоў на Маладзечна.
Антыфашысцкія моладзевыя групы колькасцю 30 чалавек дзейнічалі ў Крулеўшчыне і Докшыцах.
Брыгады імя Леніна і Мядзведзева ўсю восень 1943 года вялі баі з нямецкімі гарнізонамі, раскватараванымі ў Таргунах, Докшыцах, Камайску і спецыяльнымі карнымі атрадамі, якія дзейнічалі на тэрыторыі раёна. Асноўныя баявыя аперацыі разгортваліся ў раёне вёсак Сценка, Дзедзіна, Тумілавічы, Шалагіры, Стараселле. Сустрэўшы рашучы адпор народных мсціўцаў, немцы ўводзілі ў дзеянне танкі, авіяцыю і артылерыю.
Дзесяць гадзін доўжыўся бой у раёне Сценкі 1 верасня. Немцы страцілі сем салдат, 11 было паранена. Партызаны толькі аднаго чалавека. Да вечара фашысты адступілі да вёскі Таргуны. Праз два дні ноччу зводнай групай пад камандаваннем начальніка брыгаднай разведкі Шалькова быў зроблены налёт на засценак Данілаўка. У баі было забіта пяць немцаў, выбухам гранаты параніла партызана лейтэнанта Назаранку. 8 верасня партызаны паўтарылі начны налёт. Немцы зноў панеслі страты і на наступны дзень выступілі калонай да 200 чалавек у накірунку да вёскі Дзедзіна. Яшчэ адна калона накіравалася ў бок Стараселля. Але тут яны былі сустрэты кулямётным агнём 5-га атрада. Ля Дзедзіна адпор ворагу даваў 1-ы атрад. У выніку праціўнік, страціўшы двух чалавек забітымі, адышоў у свае гарнізоны ў Таргуны і Камайск.
Праз два дні фашысты паўтарылі спробу прарвацца ў партызанскую зону і зноў безвынікова. 19 верасня паблізу Дзедзіна адбыўся бой брыгаднай разведкі з немцамі. Забіты былі тры фашысты, партызаны ж страт не панеслі. Назаўтра група немцаў з 40 чалавек, разбіўшы баявую ахову, уварвалася ў Дзедзіна, але, убачыўшы набліжэнне атрада партызан, праціўнік зноў адступіў у Таргуны. Падобныя сутычкі паміж немцамі і партызанамі доўжыліся ўвесь верасень. У баявых дзеяннях загінуў партызанскі разведчык Чыркун, партызан 2-га атрада Максім Міхаль, камандзір разведкі 5-га атрада Трафім Карасцялёў і партызан Іван Падгол.
Актыўныя баявыя дзеянні працягваліся і ў кастрычніку. Фашысты не пакідалі надзеі прарвацца ў партызанскую зону і раз за разам упарта спрабавалі гэта зрабіць. 1 кастрычніка гітлераўцы групай у 300 чалавек акружылі Дзедзіна і сталі зганяць мірнае насельніцтва, падпальваць хаты. 1-ы атрад пры падтрымцы 2-га чатыры гадзіны вёў бой. Удалося адбіць некаторую частку жыхароў, астатніх немцы пагналі з сабой. Удалым для партызан аказаўся налёт на маёнтак Свіное, дзе размяшчалася нямецкая застава. Вельмі хутка праціўнік разбегся, а партызаны захапілі 22 каровы, якія былі падрыхтаваны для адпраўкі ў Германію.
У другой палове кастрычніка немцы калонай у 500 чалавек пры падтрымцы шасці бронемашын, двух сярэдніх танкаў, артылерыйскага і мінамётнага агню пачалі наступленне на асноўную лінію абароны брыгады. Разбіўшы засаду 5-га атрада брыгады “Жалязняк” і баявую ахову 2-га атрада брыгады ЦК КП(б)Б, яны на світанку 18 кастрычніка выйшлі на правы бераг ракі Беразіны ў раёне вёсак Чарнічка-1, Чарнічка-2, Рачныя. Бой працягваўся з 6 гадзін раніцы да 5 гадзін вечара. Карнікам не ўдалося прарвацца на левы бераг. Страціўшы некалькі дзясяткаў забітымі і параненымі, праціўнік адступіў. Партызанам удалося адбіць адну бронемашыну.
Пасля гэтага партызаны перайшлі да актыўных баявых дзеянняў. 6 лістапада былі разгромлены гарнізоны ў Таргунах і Камайску. Але найбольшай удачай можна лічыць знішчэнне гарнізона ў вёсцы Порплішча. У ходзе аперацыі быў штурмам захоплены бункер чыгуначнай аховы, знішчана 19 гітлераўцаў і адзін узяты ў палон. Спалены сельская ўправа і чыгуначная служба. Узарваны чатыры масты на перагоне Параф’янава-Крулеўшчына. Захоплена шмат зброі і боепрыпасаў. Пры штурме асабліва вызначыліся камсамольцы Васілевіч, Гмырак, Свірыд, камандзір 5-га атрада Громаў, начальнік штаба гэтага ж атрада Савін, разведчык Аляксандр Аляксандраў, намеснік камандзіра брыгады лейтэнант Прэме. Пасля гэтай аперацыі актыўнасць фашыстаў аслабела, яны ўжо не прымалі больш-менш значных баявых дзеянняў, аж да вясны 1944 года, да карнай аперацыі “Кармаран”, якую праводзілі рэгулярныя воінскія часці франтавых злучэнняў.
Падрыхтавала
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.