Светлана Гмыза культработник по призванию в Докшицком районе

img_0036Здаецца, зусім нядаўна, у 2017 годзе, Святлана Гмыза папоўніла рады культработнікаў. За гэты час яна не толькі стала загадчыкам сектара ГЦК, але і салісткай народнага ансамбля народнай песні “Раніца”. Акрамя гэтага стварыла свой калектыў “Кружева”, а сёлета пад апеку ўзяла яшчэ і Докшыцкую батлейку. За плённую працу нядаўна Святлана Гмыза ўзнагароджана Граматай упраўлення культуры аблвыканкама.
– Свет культуры вельмі разнастайны і цікавы, – лічыць Святлана. – Той, хто прыйшоў у яго, павінен быць актыўным, ініцыятыўным, жыццярадасным. Знаёмыя часта здзіўляюцца майму пазітыўнаму настрою, нягледзячы на бясконцыя рэпетыцыі ці выступленні ў выхадныя і святочныя дні. З упэўненасцю адказваю, што вельмі-вельмі люблю сваю работу. Гэта адчуванне, што займаюся сапраўды справай свайго жыцця, песціць у ва мне мой муж, і я вельмі ўдзячна яму за гэта. Звычайна, калі дзялюся з ім эмоцыямі пасля таго ці іншага мерапрыемства, ён уважліва слухае і кажа, што вельмі рады, бо калі браў замуж, то хваляваўся, як мне будзе ўдалечыні ад дома, ад родных і сяброў, якія засталіся ў Маладзечне.
У культуру Святлана ішла мэтанакіравана. Бацькі – аматары музычнага мастацтва – з дзяцінства выхоўвалі любоў да яго і ў сваіх дзяцей (у Святланы ёсць малодшы брат).
– Спачатку была музычная школа, – успамінае Света. – Тата – баяніст-самавучка, мама – гітарыстка. Напэўна, таму і я навучылася іграць. Удасканальвала навыкі інструменталіста ў Маладзечанскім музычным вучылішчы, па заканчэнні якога была накіравана ў Свіслач у народны ансамбль “Весялуха”. Але хутка вярнулася на радзіму, у аркестр пры вучылішчы, у які запрасілі былыя настаўнікі. Акрамя гэтага паспявала выкладаць у Радашковіцкай ДШМ і спяваць у народным вакальным ансамблі “Беразіначка”. Літаральна сем дзён на тыдні поўнасцю прысвячаліся музыцы. Калі апынулася ў Докшыцах, то адразу ўладкавалася мастацкім кіраўніком у ГЦК, і ўжо ў лютым рыхтавала сваё першае мерапрыемства. Прыйшлося ўпершыню пісаць сцэнарый, прадумваць рэпертуар, відэапрэзентацыю. Вельмі дапамог вытрымаць гэты “экзамен” на прафгоднасць калектыў ГЦК. Падтрымлівалі ва ўсім, падказалі, пазнаёмілі з патрэбнымі людзьмі. Безумоўна, шчырыя адносіны каляжан стымулявалі на далейшую дзейнасць. Праз некалькі месяцаў нарадзіўся ансамбль “Кружева”, асноўны напрамак якога – эстрадныя спевы. Вельмі люблю ўсё народнае – традыцыі, песні, танцы. А таму з задавальненнем прыняла прапанову ўзначаліць творчы калектыў “Докшыцкая батлейка”. Дапамагае і тое, што люблю вязаць, шыць і вышываць, а таму і герояў для тэатральных пастановак ствараю ўласнаручна.
Ёсць у Святланы Гмыза яшчэ адно захапленне, сямейнае. Разам з мужам яны апантаныя вандроўнікі. На карце, якая ўпрыгожвае адзін з пакояў іх дома, адзначаны месцы, дзе яны пабывалі. Увечары яны разам усаджваюцца ля тэлевізара, уключаюць канал пра падарожжы і плануюць наступны агульны адпачынак.
Яўгенія ГІЧАНСКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *