Где в Докшицах можно дешево пообедать

daГадзіну, якая выдзяляецца ў рабочыя дні на абед, кожны выкарыстоўвае па-свойму. Адзін шпарка крочыць дадому, іншы надае перавагу перакусу на рабочым месцы.
Гараджан, а таксама гасцей горада падсілкавацца смачнымі абедамі запрашаюць аб’екты грамадскага харчавання. Якія стравы там прапануюць і па якім кошце, высвятляла карэспандэнт “РВ”.

У меню кафэ “Александрыя”, якое належыць раённай спажыўкааперацыі, у дзень візіту рэдакцыі значыліся два віды супу. Кліентам прапаноўвалі боршч і грыбны суп-лапшу. Да пюрэ і рысавай кашы – багаты выбар мясных страў. Гэта тэфтэлі “Ёжыкі”, катлета “Папараць-кветка”, мяса “Гняздо зязюлі”, катлета па-гусарску, гуляш. Падлічылі кошт комплекснага абеду, які складаўся з баршчу, тэфтэляў, пюрэ, салаты і двух кавалачкаў хлеба, атрымалася 3,07 рубля. Калі ж заказваць стравы даражэйшыя па цане, заплаціць прыйдзецца 6,23 рубля. Самая танная распушчальная кава ў “Александрыі” каштуе 17 капеек, гарбаты можна папіць за 15 капеек.
Далей рушым у цэнтр горада, дзе недалёка адна ад адной размяшчаюцца дзве кавярні – “Шарм” і прыватная “Ачаг”.
Па словах бармэна Валянціны Далядутка, у “Шарме” ёсць пастаянныя кліенты. У асноўным, яны аддаюць перавагу стравам беларускай кухні: заказваюць дранікі, клёцкі, бліны з вяндлінай, курыцай, творагам. Дарэчы, на два рублі можна паласавацца шасцю блінамі з курыцай, а за 2,78 рубля пададуць чатыры дранікі з мясам.
Штодзень у час абе­дзеннага перапынку ў кавярню наведваецца 20-30 чалавек. Большасць заказвае комплексныя абеды. Часта бяруць боршч, шніцаль “Палескі”, бульбу адварную і салату з капусты. Каштуе такі абед 3 рублі 41 капейка. Калі ж хтосьці пажадае паабедаць “па-каралеўску”, развітацца прыйдзецца амаль з 7-ю рублямі. На гэту суму прынясуць суп бульбяны са шпікам, салату “Случ”, бульбу са сметанковым маслам і рыбу з грыбамі. Не адмаўляюцца кліенты і ад дэсерту: пірожныя розных відаў ад кандытарскага цэха райста разыходзяцца вельмі хутка. За самую таннную духмяную каву тут возьмуць 1,5 рубля.
Перад уваходам у кавярню “Ачаг” кліентаў сустракае шыльда-меню, на якой пералічаны асноўныя стравы, што ў той дзень прыгатавала повар Таццяна Шылько. Сярод іх значацца суп з капусты, адбіўная са свініны, курынае філе і піццы ў асартыменце.
Падсілкаваццва ў кавярню наведваюцца не толькі дакшычане. Абеды заказваюць і тыя, хто знаходзіцца ў камандзіроўцы. Вачыма прабягаемся па меню. Суп з капусты каштуе 60 капеек. На жаль, іншай альтэрнатывы не аказалася. Гарнір прадстаўлены рысавай кашай і пюрэ – таксама па 60 капеек. За порцыю яечні з вяндлінай прасілі 2,1 рубля, за гуляш – 2,6 рубля, за адбіўную са свініны – 3 рублі, курынае філе –2,5 рубля. Самы танны комплексны абед з салатай за 1,2 рубля тут каштуе амаль 6 рублёў. Больш шыкоўны – 8 рублёў. Дарагавата!
У піццэрыі “Смак”, якая размяшчаецца каля гарадскога рынку, можна перакусіць не толькі хот-догамі, піражкамі, смажнямі і бутэрбродамі. Яны, дарэчы, заўсёды разыходзяцца на “ўра”. Меню гэтай кропкі грамадскага харчавання парадавала багатым асартыментам гарачых страў. На абед тут – суп з капусты за 48 капеек, суп бульбяны з фрыкадэлькамі – за 1,2 рубля. З задавальненнем кліенты заказваюць гуляш з ялавічыны, катлеты са свініны і мяса птушкі, яечню з вяндлінай, а таксама гарніры – пюрэ з памідорам, макарону і кашу грэчневую. Кухары штодзень абнаўляюць меню і стараюцца зрабіць абеды не толькі смачнымі, а яшчэ і прыгожа аформленымі. Падлічваем кошт таннага абеду – атрымліваецца 3,8 рубля. За даражэйшы з кашалька трэба будзе дастаць 4,1 рубля.
Такім чынам, лідзіруючыя пазіцыі па танных абедах займаюць аб’екты грамадскага харчавання райспажыўкааперацыі – “Александрыя” і “Шарм”. Можна падлічыць, што, калі пяць разоў на тыдзень абедаць у гэтых кавярнях, а за абед у сярэднім плаціць 3,5 рубля, то за месяц кашалёк пахуднее на 77 рублёў. Ці дорага? Мяркуйце самі. Здаецца, прымальна.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Один комментарий для “Где в Докшицах можно дешево пообедать

  • 18.03.2019 в 2:27 пп
    Permalink

    Хотелось бы хоть пару строк про постные блюда. Где, а главное чем, пообедать жителям и гостям города, соблюдающим Великий пост?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *