Флешмоб во Всемирный день здоровья прошел в Докшицах
Масавым флэшмобам работнікаў ТЦСАН, а таксама актывістаў БРСМ быў адзначаны ў райцэнтры Сусветны дзень здароўя, які сёлета святкаваўся 7 красавіка. Аматары здаровага ладу жыцця сабраліся на плошчы ля ГЦК і пад кіраўніцтвам моладзевага актывіста раёна Вікторыі Ждановіч разам выканалі спартыўную зарадку. Да тых, хто скакаў і размінаўся, далучаліся і мінакі, сярод якіх у асноўным былі дзеці.
– За 15 хвілін такога актыўнага адпачынку адразу супер-здаровым не станеш, – падзялілася сваімі ўражаннямі ўдзельніца мерапрыемства загадчыца аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Алена Сарокіна, – але добрымі эмоцыямі назапасішся напоўніцу. А як вядома, пазітыў таксама лечыць.
– Галоўная мэта Сусветнага дня здароўя – прыцягнуць увагу людзей да клопату пра сваё здароўе, растлумачыць неабходнасць прафілактыкі захворванняў, – адзначыла загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Наталля Каляга. – Гэта наша першае мерапрыемства такога плану. У наступны раз спадзяёмся сабраць яшчэ больш прыхільнікаў здаровага ладу жыцця. Для гэтага разгледзім прапановы па часе і месцы правядзення флэшмобаў.
– Мы выбіраем спорт! – дружна праскандзіравалі васьмікласнікі СШ № 2 г. Докшыцы і рушылі па вуліцах горада для распаўсюджвання агітацыйных лістовак з інфармацыяй аб ЗЛЖ.
Ці ведаеце вы, што самае здаровае месца ў свеце – японскі востраў Акінава. На ім жыве 450 чалавек узростам звыш 100 гадоў. Сярэдняя працягласць жыцця жанчын на гэтым востраве – 86 гадоў, мужчын – 78 гадоў.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.