Владимир Кургей с Докшицкого района принимал участие в знаменитом параде победителей на Красной площади в 1945 году

img_4436Яго баявы шлях пачаўся на Украіне. Бярдзічаў і Шапятоўка, Чарнавіцы і Сандамір, Варшава і Познань, Гдыня і Кольберг – вось далёка не поўны пералік месцаў, якія вызваляў сялянскі хлопец з вёскі Беразіно.
У ваеннай біяграфіі майго дзядулі ёсць яшчэ адзін адметны эпізод, якім мы, яго нашчадкі, вельмі ганарымся. Уладзімір Кургей, як лепшы баец-ардэнаносец, прымаў удзел у парадзе Перамогі ў Маскве ў чэрвені 1945 года. Яму выпаў вялікі гонар разам з іншымі савецкімі салдатамі кінуць да падножжа маўзалея Леніна сцягі пераможанай нацысцкай Германіі. Пра гэты вядомы з кінахронікі эпізод Вялікай Айчыннай вайны мой дзядуля рас­казваў так:
– У пачатку чэрвеня нас прывезлі ў Маскву, выдалі новую парадную форму. Мы з вялікай адказнасцю рыхтаваліся да будучага маршу. І вось настаў гэты доўгачаканы дзень. Настрой быў узнёсла-радасны. З музыкай і песнямі падыходзілі да плошчы масквічы. Людзьмі былі запоўнены ўсе тратуары. У 10 гадзін пачаўся парад. Пад гукі ваеннага марша, з баявымі сцягамі, прабітымі кулямі, мы чаканным крокам прайшлі па Чырвонай плошчы. Гэтыя хвалюючыя хвіліны засталіся са мной на ўсё жыццё.
Пасля гістарычнага парада Перамогі дзядуля вярнуўся ў сваю часць і служыў у Германіі аж да 1947 года. Пасля дэмабілізацыі прыехаў у роднае Беразіно. Салдат Перамогі заўсёды адчуваў сябе на баявым пасту. Ён з задавальненнем сустракаўся з моладдзю, быў жаданым госцем у школе. Я, асабіста, адчула аднойчы вельмі вялікі гонар за свайго баявога дзеда, калі на экскурсіі ў Дзяржаўным музеі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску экскурсавод раптам назвала яго прозвішча і паказала фотаздымак на стэндзе.
Сваіх дзяцей і ўнукаў салдат Перамогі вучыў любіць бацькаўшчыну, сваіх родных. Яго ўжо даўно няма побач, але з намі яго запавет: каб жылі, любілі і памяталі.

А. Кургей,
в. Беразіно.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *