Докшицкие картингисты стали призёрами республиканских соревнований

2-2Докшыцкая каманда картынгістаў, якія трэніруюцца ў аб’яднанні па інтарэсах раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, годна выступіла на рэспубліканскіх спаборніцтвах “Серыі ДОСААФ”.
– У гонках, якія адбыліся на спартыўна-тэхнічным комплексе “Баравая”, што пад Мінскам, удзельнічалі Вячаслаў Нагурны, Андрэй Гайковіч, Аляксей Янчак і Ягор Цынковіч, – расказвае трэнер каманды Мікалай Стадольнік. – І кожны з нашых “шумахераў” заваяваў прызавое месца ў сваіх класах. Напярэдадні спаборніцтваў юныя гоншчыкі трэніраваліся не толькі на докшыцкім стадыёне. Пабывалі і на картадроме “Баравая”, каб пазнаёміцца з трасай, на якой трэба паказаць не столькі хуткасць, колькі майстэрства кіроўцы. Вельмі хваляваліся за сваіх дзяцей бацькі, якія выдатна спраўляліся з роляй механікаў, падладжваючы тэхніку, рыхтуючы яе да стартаў.
Спаборніцтвы праходзілі ў два этапы. Настрой трошкі сапсавала надвор’е, якое ў дні заездаў было вельмі зменлівым, а таму спартсменам прыходзілася і мокнуць пад дажджом, і смажыцца пад сонцам. Нашы картынгісты паказалі, што яны “не з баязлівага дзясятка”. Срэбраным прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў стаў Вячаслаў Нагурны, які ў класе “ТК” сярод гоншчыкаў 12 – 15 гадоў абышоў сталічных картынгістаў са спецыяльнай школы па аўтамотаспорце. Таксама на другую прыступку п’едэстала ўзняўся самы маленькі прадстаўнік докшыцкай каманды Андрэй Гайковіч. Разам з ім у класе “ТК-Junior” дэбютаваў у гонках Аляксей Янчак, які заваяваў трэцяе месца. Таксама бронза ў Ягора Цынковіча ў класе “R-85”.
Фота з асабістага архіва.
НА ЗДЫМКУ: юныя картынгісты пасля ўзнагароджання.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *