Активные женщины из Докшиц смогли реализовать себя в полной мере

dscn5977Жыхаркі Докшыц Тамара Лось і Ларыса Кандратовіч фразу, вынесеную ў загаловак, прадоўжылі б удакладненнем “калі пайшлі на пенсію”. Менавіта тады гэтыя цікавыя, актыўныя жанчыны змаглі рэалізаваць сябе напоўніцу, у тым ліку і ў такім захапленні, як дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.
Ужо некалькі гадоў у майстра раённага Дома рамёстваў Таццяны Гаварцовай яны вучацца плесці з лазы розныя цудоўныя рэчы. Ларыса Іванаўна прызнаецца, што яшчэ ў раннім дзяцінстве, уражаная вялікім кашом з накрыўкай, у якім з кірмашу бацькі прывезлі гусей, ужо дарослай марыла сплесці такі ж. Пакуль яшчэ такую рэч не асіліла, але, як зазначае Таццяна Пятроўна, вырабы яе гурткоўцаў, у ліку якіх яшчэ Ганна Гамановіч, Галіна Пакальская, Марыя Васілевіч, Таццяна Кулакоўская, Ірына Салаўёва, на “ўра” разыходзяцца на кірмашах. У першую чаргу, гэта рознага выгляду і памеру кошычкі, якія, па словах Тамары Лось, навучыцца рабіць нескладана, калі маеш жаданне. Праўда, для гэтага яшчэ неабходны такія рысы характару, як цярпенне і ўседлівасць.
Што датычыцца самой Тамары Васільеўны, то былую лыжніцу і бягунню назваць уседлівай складана. Пэўна, такой яна становіцца пасля таго, як сваю няўрымслівую энергію крыху “прытушыць” скандынаўскай хадой, якой зараз займаецца амаль прафесійна. А яшчэ “віруе” шматлікімі ідэямі, прапановамі, што дапамагае не спыняцца, а заўсёды рухацца наперад. Майстрыхі самі нарыхтоўваюць лазу для вырабаў, і хоць работу такую назваць лёгкай нельга, яны ўсё ж такі аддаюць перавагу менавіта гэтаму прыроднаму матэрыялу, а не, напрыклад, папяровым трубачкам.
— Лаза – цёплае, “жывое” дрэва, – тлумачыць Ларыса Іванаўна. – Яго браць у рукі – асалода. Нашы продкі ведалі, што рабілі, а лозапляценне – адно з самых старажытных народных рамёстваў.
Трэба дадаць, што жанчыны яшчэ з задавальненнем наведваюць гурткі па саломапляценні і ткацтве. З’яўляюцца аднымі з самых актыўных удзельніц народнага хору “Залатыя гады”. Без іх не абыходзіцца ніводзін канцэрт калектыву, бо яны цудоўныя чытальнікі вершаў, баек. Ларыса спрабуе сябе як драматычная артыстка. Шмат чытаюць, падарожнічаюць, адным словам, жывуць крыху для сябе, дарабляюць тое, што не маглі, калі працавалі і гадавалі дзяцей. Ларыса Іванаўна шмат гадоў аддала банкаўскай справе і на пенсію выходзіла з пасады дырэктара, а Тамара Васільеўна – вядомы паштовы работнік. Арганізацыя падпіскі ў раёне для яе доўгі час была справай гонару. Быць у гушчы жыцця кабеты працягваюць і зараз. Пенсійны ўзрост, лічаць, таму зусім не перашкода, калі ўмець не нудзіцца, а несці пазітыў, не ўскладняць, а быць удзячным жыццю за ўсё, што адбываецца.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) майстрыхі Тамара Лось і Ларыса Кандратовіч на занятках гуртка па лозапляценні.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *