Велотуристы из Докшицкого района осилили 600 км за 8 дней

img_20190711_123042Шэсцьсот кіламетраў за восем дзён пераадолелі юныя велатурысты з Параф’янаўскай школы. Паход быў павышанай складанасці, а таму ў ім удзельнічалі ў асноўным старшакласнікі з вялікім вопытам падарожнікаў. Скрупулёзна падышла моладзь і да выбару маршруту, скласці які дапамагалі настаўнікі Анатоль Грыгаровіч і Сяргей Палачанін.

– Кожны прыпынак на нашым шляху звязаны з пэўнымі гістарычнымі падзеямі, – гаворыць Анатоль Іосіфавіч. – А таму падчас падарожжа мы не толькі атрымлівалі асалоду ад самой паездкі, але і пабачылі шмат цікавага.
Адной дарогай звязалі вандроўнікі беларускія гарады і мястэчкі: Параф’янава – Беразіно – Лепель – Смаляны – Барань – Александрыя – Копысь – Ляўкі – Шклоў – Магілёў – Буйнічы – Бялынічы – Курган Славы – Даўгінава. Сем разоў прыпыняліся на начлег. Кожнае месца запаміналася нейкай адметнасцю. У Смалянах пабачылі руіны старажытнага замка Белы Ковель. Трошкі спазніліся на рэспубліканскае свята Купалля ў Александрыі, але гэта ніколькі не перашкодзіла палюбавацца найпрыгажэйшымі відамі Дняпра. У Магілёве схадзілі ў заасад. Трапіўшы ў вёску Салтанаўка Магілёўскай вобласці, пачулі шмат цікавага пра знакамітую бітву з французамі, якая адбылася ў ліпені 1812 года пад кіраўніцтвам расійскага палкаводца Мікалая Раеўскага. Пабываўшы ў Даўгінаве, даведаліся, што тут вучыўся некалі Змітрок Бядуля.

img_20190709_171518 img_20190709_133738
– Адной з самых доўгачаканых асабіста для мяне стала экскурсія на мемарыяльным комплексе “Буйніцкае поле”, – распавядае Анатоль Грыгаровіч. – Ён адкрыты на месцы абарончых баёў 1941 года. Тут у пачатку Вялікай Айчыннай вайны гераічна змагаліся воіны 388-га стралковага, 340-га артылерыйскага палкоў і магілёўскае народнае апалчэнне, якія 16 дзён абаранялі горад ад праціўніка. Гэтыя падзеі сталі вядомы дзякуючы пісьменніку Канстанціну Сіманаву, які разам з фотакарэспандэнтам Паўлам Трошкіным 14 ліпеня 1941 года ў разгар баёў знаходзіўся пад Магілёвам. Героі Магілёўскай абароны паслужылі прататыпамі персанажаў трылогіі “Жывыя і мёртвыя”.
Уразіў Курган Славы. Гэта месца сімвалізуе замыканне мінскага кальца, у якое трапіла 110 тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў. Тым больш сёлета святкуем 75-годдзе вызвалення.
Кожны дзень параф’янаўскія велатурысты праязджалі каля 70-80 кіламетраў. Іх двухколавыя сябры везлі і кіроўцаў, і паходны рыштунак, патрэбныя інструменты, ежу, запчасткі для ровараў. Падобную нагрузку не вытрымлівалі пакрышкі, якія ў дарозе прыходзілася і падклейваць і ўвогуле мяняць. У некаторых турыстаў здарыліся неспадзяваныя знаёмствы з мясцовымі не вельмі дружалюбнымі насякомымі. Валацугі за час падарожжа пераспрабавалі розныя віды круп, але ўсе аднагалосна самай любімай стравай назвалі макароны з сырам. А яшчэ палюбілі кісель.
Сваімі ўражаннямі ад паходу па­дзялілася яго ўдзельніца Ксенія Грыгаровіч:

img_20190711_114518 img_20190711_204829 img_20190714_215452
– Вельмі люблю падарожнічаць. І хоць ужо не з’яўляюся навучэнкай школы, але ўсё роўна з вялікім задавальненнем удзельнічаю ў школьных турыстычных паходах. Тым больш, што кампанія звычайна збіраецца амаль адна і тая ж – усе аматары адпачынку на свежым паветры. Сёлета па роднай Беларусі падарожнічала разам з Аляксандрам Грыгаровічам, Дзмітрыем Жукавым, Дзмітрыем Малюжанцам, Уладзімірам Лазаравым, Святланай Дабрыян, Артурам Букатым, Кірылам Шычко і Артурам Марозам. У нас не было ніякага дзялення па абавязках, усё заўсёды рабілі разам – і гатавалі, і хадзілі па дровы. Кожны дзень ставілі і збіралі лагер, рамантавалі веласіпеды. Як мне здаецца, падлеткі павінны ўмець рабіць усё, у будучым гэта вельмі спатрэбіцца, а паход у гэтым плане вельмі каштоўная школа жыцця. Дарэчы, падарожжы не толькі фізічнае выпрабаванне, але і маральная загартоўка. Мы вучыліся дапамагаць адзін аднаму, падстаўляць плячо ў неабходны момант. Безумоўна, складана выйсці са сваёй такой улюбёнай зоны камфорту, адкінуць усялякія “хацелкі”. А разам гэта рабіць намнога прасцей, бо калі побач надзейныя сябры, любыя цяжкасці пераадольныя. Яшчэ адзін сакрэт – гэта пачуццё гумару, якое таксама вельмі дапамагае. Вось так — з жартамі, падколамі, «мемасікамі» і на пазітыве — мы і пераадолелі наш маршрут.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота з асабістага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *