Безопасность во время уборочной кампании контролируют сотрудники РОВД

img_6800Вялікая ўвага надаецца пытанням бяспекі працы падчас уборачнай кампаніі. З гэтай прычыны супрацоўнікамі ДАІ праводзяцца штодзённыя праверкі перадрэйсавых і паслярэйсавых кантроляў.

На маршруце – ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Рабочы дзень аграрыяў традыцыйна распачынаецца з рабочай планёркі ў Доме механізатара, на якой кожны вадзіцель абавязкова праходзіць медыцынскі агляд. Сёння праверка алкаметрам адбываецца пад пільным позіркам в.а. старшага дзяржаўтаінспектара АДАІ РАУС лейтэнанта міліцыі Уладзіміра Карніловіча, а таксама фотакамеры журналіста, што, дарэчы, ніколькі не бянтэжыць кіроўцаў. Нават наадварот, яны ўпэўнена падыходзяць да медыцынскага работніка, усім сваім выглядам дэманструючы, што ім няма чаго хвалявацца. Так і ёсць, ва ўсіх прыбор паказвае, як кажуць, па нулях.

– Ад фізічнага стану кожнага вадзіцеля залежыць бяспека і іншых удзельнікаў дарожнага руху, – каментуе дзяржаўтаінспектар. – На жаль, не ўсе гаспадаркі дысцыплінаваныя ў гэтым пытанні. Напрыклад, КУП “Докшыцкі”, КУСГП імя Чэрныша і ДП “Гняздзілава-Агра” праводзяць агляд прыборам, які не прайшоў паверку, што з’яўляецца парушэннем і падставай да прыцягнення да адказнасці.

Штодзённа супрацоўнікі ДАІ ажыццяўляюць кантроль за своечасовым праходжаннем дзяржтэхнагляду. Правяраюць камплектнасць сельгастэхнікі абсталяваннем, якое ўплывае на бяспечную эксплуатацыю транспартнага сродку. Кантралююць спраўнасць знешніх светлавых прыбораў.

Таксама дзеля бяспекі ўборачнай кампаніі дзяржаўтаінспекцыя выконвае суправаджэнне камбайнаў на поле, а таму ў супрацоўнікаў зменены графік дзяжурстваў, па якім патруляванне праводзіцца пераважна паблізу сельгаспалёў.

Пад слоганам “Ураджай убраць – тэхніку не згубіць” спецыяльныя рэйды праводзяць супрацоўнікі міліцыі, у якіх на кантролі захаванасць зернескладоў, наяўнасць і ўкамплектаванасць сельгастэхнікі, знаходжанне работнікаў на працы ў стане алкагольнага ап’янення.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *