Почти два десятилетия работает в Докшицком районе Елена Протас

dscn5696Гэта прыгожая, мілая жанчына з вачамі-вішнямі з тых работнікаў прылаўка, да якіх хочацца вяртацца зноў і зноў, каб зрабіць пакупку. Быць прыязным і добразычлівым, нават калі ў цябе асабіста на душы кошкі скрабуць, не ленавацца перакінуцца словам з кожным пакупніком, зрабіць выгляд, што ён самы жаданы і доўгачаканы – гэта, напэўна, адны з галоўных патрабаванняў да чалавека, які вырашыў прысвяціць сябе гандлёвай прафесіі. І калі ўсё гэта прысутнічае, то тады стаж работы за прылаўкам вымяраецца дзесяцігоддзямі, як у прадаўца аддзела “Кулінарыя” піцэрыі “Лепім самі” Алены Протас.

У спажывецкай кааперацыі па сённяшніх рэаліях, калі выпускнікі навучальных устаноў, адпрацаваўшы вызначаны тэрмін, звальняюцца, як кажуць, пачкамі, Алена Іванаўна амаль што ветэран. Каля двух дзесяцігоддзяў прапаноўвае яна пакупнікам булачкі і піражкі, салату і катлеты, мясныя паўфабрыкаты, напіткі і іншую прадукцыю, галоўнае месца сярод якой займае тая, што выпускаецца прадпрыемствамі райста. Большасць з яе мае невялікі тэрмін захоўвання, таму немалога майстэрства патрабуе ўменне яе тэрмінова рэалізаваць, не памыліцца ў аб’ёмах, якія трэба заказаць. Усё гэта, канечне, прыходзіць з вопытам, ведамі і, самае галоўнае, жаданнем вучыцца, а не ўцякаць ад цяжкасцей.
Веды Алена адразу пасля заканчэння сярэдняй школы ў Шаркаўшчыне паехала набываць у Полацкі кааператыўны каледж, бо, як не банальна гэта гучыць, але з веданнем таго, што яна будзе толькі прадаўцом, маленькая Лена, пэўна, нарадзілася. Любімым баўленнем часу ў дзяцінстве было стаяць ля прылаўка ў краме, якая знаходзілася побач з бацькоўскім домам, і з цікаўнасцю назіраць, як там завіхаецца прадавец. Дзяўчынцы падабалася ўсё, нават як цётка ў белым халаце шчоўкае лічыльнікамі. Самай большай марай стала самой навучыцца на іх лічыць. Навучылася ўсяму, пакуль атрымлівала дыплом таваразнаўцы, але працаваць пайшла толькі прадаўцом. І ў Докшыцах, куды мужа, на той час афіцэра міліцыі, перавялі служыць у аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, выказала жаданне таксама стаць за прылавак.
Яна і зараз не ўяўляе сябе ні ў якой іншай сферы і, прызнаецца, што на працу ідзе з задавальненнем, асабліва пасля таго, як яе “Кулінарыя” стала пасля рэканструкцыі сучасным, прыгожым аб’ектам. Алена Іванаўна радуецца сучаснаму інтэр’еру, новаму абсталяванню, багатаму асартыменту, што несумненна прываблівае наведвальнікаў, колькасць якіх павялічылася ў некалькі разоў. Большым стаў і калектыў. Прыйшло шмат моладзі, для якіх Алена Протас ужо як настаўнік, а яны для яе напамін пра той час, як сама пачынала рабіць першыя крокі ў гандлі. Непасрэдны кіраўнік Алены Іванаўны начальнік аддзела грамадскага харчавання райста Ганна Палячонак сцвярджае, што менавіта на такіх работніках, як Протас, трымаецца сёння галіна, і гэта не падлягае сумненню.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: за прылаўкам прадавец 5-й катэгорыі Алена Протас.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *