В налоговом законодательстве поможет разобраться Андрей Курдеко из Докшиц

dscn3752Стаць студэнтам фінансава-эканамічнага каледжа галоўны дзяржаўны інспектар упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Докшыцкім раёне інспекцыі МПЗ Рэспублікі Беларусь Андрэй Курдзека марыў са школы. На той час гэта была адна з самых прэстыжных навучальных устаноў, і для Андрэя стала мэтай даказаць не столькі іншым, колькі сабе, што ўсё немагчымае – магчыма. Трэба толькі пастарацца.

– Як кажуць, матэматычны склад розуму, напэўна, атрымаў у спадчыну ад мамы, якая каля 40 гадоў адпрацавала ў краме роднага Порплішча, – гаворыць суразмоўца. – Матэматыка заўсёды была любімым прадметам, якім з задавальненнем займаўся дадаткова самастойна. Лічу, што вялікая роля ў выхаванні цвёрдасці характару належыць маёй першай настаўніцы Раісе Мікалаеўне Пупінай. Нават калі з першага разу паступіць у каледж не атрымалася, яшчэ больш старанна пачаў працаваць. Стаў студэнтам, абраўшы спецыяльнасць “падаткі і падаткаабкладанне”.
Практыку праходзіў у падатковай інспекцыі ў Докшыцах, куды і думаў вярнуцца пасля атрымання такой жаданай спецыяльнасці. З-за адсутнасці свабоднай вакансіі пачаў працоўную дзейнасць бухгалтарам раённага аддзела адукацыі. Але пра перспектыўнага падаткавіка-практыканта, які зарэкамендаваў сябе добрым спецыялістам, у інспекцыі памяталі. У хуткім часе прапанавалі часовае месца дзяржаўнага падатковага інспектара, якое стала пастаянным. Завочна атрымаў вышэйшую адукацыю ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Вось ужо дванаццаты год кантралюе своечасовасць і паўнату паступленняў у дзяржбюджэт ад усіх катэгорый насельніцтва.
У яго абавязках значацца налічэнні маёмасных падаткаў, дэклараванне даходаў, апрацоўка дагавораў па найме жылля, работа з уладальнікамі агра­экасядзіб, рамеснікамі і многае-многае іншае.
– Яшчэ сем гадоў таму ў інспекцыі працаваў 21 чалавек, – адзначае Андрэй Яўгенавіч. – Цяпер пяць, а аб’ём работы, у прынцыпе, застаўся той же. Кожны дзень не падобны адзін на другі. Напрыклад, зараз займаемся налічэннем зямельнага падатку. І, канечне, бясконца ідуць кліенты: хто за кансультацыяй, хто за дапамогай. Сёння вельмі шмат зваротаў наконт падключэння касавага абсталявання да дыстанцыйнай сістэмы кантролю.
– Работа з людзьмі патрабуе пэўных рыс характару?
– Гэта, у першую чаргу, тактоўнасць, увага да праблем кожнага, – адказвае суразмоўца. – Галоўная задача падатковага інспектара, які ведае закон, не пакараць, а навучыць. Калі пачынаў, то першым дарадчыкам у пэўных пытаннях быў Вацлаў Іосіфавіч Андрыеўскі. Ён заўсёды гаварыў, што наша прафесія вучыць, каб усё было па законе, якога трэба прытрымлівацца і самому.
Быць адукаваным супрацоўнікам падатковых органаў – гэта значыць своечасова сачыць за змяненнямі ў заканадаўстве, валодаць прававой інфармацыяй, пільна абараняць інтарэсы дзяржавы. Маленькі калектыў упраўлення, якім кіруе Марыя Васілевіч з пастаўленымі задачамі спраўляецца годна. Спецыялісты абслугоўваюць 344 індывідуальныя прадпрымальнікі, 328 юрыдычных асоб і 13 714 фізічных. З пачатку года ў райбюджэт пералічана 8 409 145 руб­лёў.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Андрэй Курдзека.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *