В какую организацию Докшицкого района нежелательно ходить пешком

marko_poloГісторыя, галоўнай гераіняй якой мне “пашанцавала” пабываць, вярнула мяне ў савецкі час, калі ў кожнай установе збіраліся вялікія чэргі, і, каб вырашыць любое больш-менш важнае пытанне, трэба было звярнуцца не ў адну інстанцыю, атрымаць шэраг паперак, паставіць кучу штампаў і подпісаў. І гэта было б звыклай і апраўданай сітуацыяй, калі б адбывалася тады, а не сёння, у час Інтэрнэту.
Збіраючыся ў бюро дзяржрэгістрацыі і зямельнага кадастра, нават уявіць не магла, што прыйдзецца вярнуцца ў час маладосці сваіх бацькоў.
У першы раз, калі пераступіла парог установы, на чаргу не натрапіла, уваход быў вольны, і я, шчаслівая, што хутка спраўлюся, увайшла ў кабінет. Яшчэ не ведала, што радавацца было ранавата. За камп’ютарам сядзела маладая жанчына, якая сустрэла даволі прыязна і ўсім сваім выглядам дала зразумець, што гатова слухаць. Разбірацца з маімі дакументамі доўга не прыйшлося. У галаве пранеслася: “Як мне сёння шанцуе”. Аднак не кажы “гоп”, пакуль не пераскочыш. Жанчына працягнула мне паведамленне аб аплаце працэдуры, патлумачыўшы, што зрабіць аплату можна ў аддзяленні Белпошты. Імгненна ў галаве намаляваўся маршрут ад кабінета рэгістратара маёмасці да пошты і зваротны шлях. Стала сумна. Іншых варыянтаў аплаты мне не прапанавалі, таму рушыла ў дарогу.
Кожны, пэўна, памятае вядомую казку, у якой галоўнага героя прасілі ісці туды – няведама куды, прынесці тое – няведама што. Мне чамусьці прыгадалася гэтая казачная гісторыя, калі я пешшу ішла з канца горада ў цэнтр, каб заплаціць няшчасныя пяць рублёў за паслугу. Ішла і разважала: жывём у ХХІ стагоддзі, а нязручнасці абслугоўвання нікуды не знікаюць. А калі б на маім месцы быў пажылы чалавек ці, не дай бог, інвалід?
Думкі матэрыяльныя. У наступны раз майго наведвання бюро якраз і пабачыла пажылую жанчыну, якой тлумачылі, дзе і як можна заплаціць за паслугу. Яна моўчкі слухала і ківала. А я, у сваю чаргу, зноў прыгадвала сваё мінулае падарожжа за тры моры і спа­дзявалася, што жанчыну прывезлі на машыне. У іншым выпадку яна проста можа не дайсці да той пошты.
Сапраўды, штодзень у бюро з разнастайнымі пытаннямі звяртаецца шмат людзей, чаму б не змясціць дзесьці побач “акенца” для правядзення фінансавых аперацый? Даведалася, што раней было такое, аднак куды яно знікла?
Трэці і канчатковы прыход у бюро таксама не абышоўся без прыгод. На гэты раз натрапіла на чаргу. Людзі, якія выходзілі з кабінета з паведамленнямі аб аплаце той ці іншай працэдуры, праз некаторы час зноў вярталіся ў чаргу з паштовымі квіткамі. Паток хадакоў не заканчваўся. Адна сямейная пара нешта вельмі бурна абмяркоўвала. З іх эмацыйнай гутаркі высветлілася, што прыехалі яны з Мінска і ўжо ў трэці раз сядзяць у чарзе пад кабінетам рэгістратара маёмасці. Відаць, былі на машыне, таму адлегласць да касы іх не надта турбавала. Прычына абурэння была ў іншым, аднак з іх вуснаў таксама неаднаразова чуўся выраз: аж не верыцца, што ў ХХІ стагоддзі жывём!
І мне не верылася. Працягвала чакаць сваёй чаргі, загадзя засмучаючыся, што зноў прыйдзецца ісці плаціць аж на пошту. Паглыбілася ў разважанні, якія прывялі мяне да высновы: чаму б не наладзіць работу так, каб заплаціць за паслугу можна было на месцы, да прыкладу, праз М-Банкінг? Упэўнена, што гэта вырашыла б пытанні з чэргамі і, у першую чаргу, з незадаволенымі кліентамі.
Тым не менш, пакуль што зноў плятуся на пошту з паведамленнем аб аплаце ў руцэ, шукаю плюсы ў добрым надвор’і і спадзяюся, што калісьці “машына часу” перамесціць нас з Савецкага Саюза ў аператыўную сучаснасць, дзе няма чэргаў і пытанні рашаюцца хутка і на месцы.
Таццяна ШУСТОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *