Молодёжь Докшиччины побывала в Карпатах

img_20190712_105748Для многіх летні адпачынак – гэта рэалізацыя мары папесціцца на сонейку, акунуўшы ногі мінімум на докшыцкім возеры. У старшыні ФСК “Ураджай” Дзмітрыя Лобана (на здымку) мара была нетрывіяльная: узысці на самую высокую гару Украіны – Гаверлу. Маршрут на адну з самых вядомых вяршынь Карпат не з лёгкіх, а таму, каб пераадолець яго без асаблівых цяжкасцей, Дзмітрый запрасіў з сабой мясцовую актыўную моладзь. У кампаніі ўсё ж лягчэй і палаткі “разбіць”, і вогнішча зладзіць. Тапаграфічнай картай з адзначаным шляхам падзяліўся вядомы мясцовы турыст Валерый Лобан, які падарожнічаў у Карпатах у мінулым годзе.
– Каб дабрацца да падножжа гары, спачатку пераадольвалі маршрут на цягніку – чатырнаццаць гадзін ад Мінска да Львова, а там яшчэ некалькі кіламетраў на аўтобусе да мястэчка Ворахта, – расказвае Дзмітрый. – Гара Гаверла – жывапісная карпацкая вяршыня, самая высокая кропка якой знаходзіцца на вышыні 2061 метр над узроўнем мора. Яе назва з румынскай мовы перакладаецца як “цяжкапраходнае ўзвышша”, у чым наша турыстычная група ўпэўнілася асабіста.
Карпацкае ўзвышша вельмі папулярнае ў турыстаў. Арганізатары актыўнага адпачынку прапануюць пераадолець на выбар тры віды цяжкасці маршруту. Докшыцкія падарожнікі вырашылі прайсціся па сярэднім.
– Падчас карпацкай вандроўкі з намі былі і нявопытныя ўдзельнікі паходу, – распавядае суразмоўца, – таму дзеля бяспекі ўсё ж не выбіралі складаную сцежку. Пра патрэбны накірунак даведваліся праз спецыяльныя ўказальнікі на дрэвах. За суткі стараліся прайсці як мага больш, бо на ўвесь шлях у нас было толькі тры дні. Першы дзень сустрэў дажджом, але вяршыня, якая маячыла на гарызонце, прыцягвала да сябе сваёй загадкавасцю, таму асаблівай увагі на выпрабаванне надвор’ем не звярталі. Спадабалася, што на працягу ўсяго шляху для турыстаў створаны патрэбныя ўмовы: абуладкаваны спецыяльныя пляцоўкі для прыпынкаў, нават падрыхтаваны дровы для вогнішча.
Сцяжыны да вяршыні перасякаюць некалькі кліматычных паясоў. Першы – пояс яловых лясоў, які паступова змяняецца карлікавым крывалессем з альпійскай сасны і сібірскага ядлоўцу. Вышэй за 1900 метраў – альпійскія лугі. На самой справе Гаверла мае дзве вяршыні, але не ўсе турысты адважваюцца ісці да другой: многіх страшыць круты ўздым. Акрамя гэтага, другую вяршыню, нібыта коўдрай, накрываюць аблокі, і яе не заўсёды бачна знізу.
Не толькі ўзыходжанне на карпацкую гару было ў нашых планах. Паміж ­дзвюх яе вяршынь бярэ пачатак рака Прут, якая пры спуску ўтварае самы высокі вадаспад украінскіх Карпат – больш за 80 метраў. На яго пошукі мы адправіліся старымі сцежкамі. Аказалася, што ісці ўніз з гары намнога цяжэй, чым падымацца. Вельмі эмацыянальным і запамінальным быў пераход цераз бурлівы паток Прута, які пралягаў па слізкіх камянях. Вада ў горнай рацэ, вядома, проста ледзяная. Але гэта ніколькі не спыніла, напрыклад, Сяргея Міцько, які з задавальненнем некалькі разоў пакупаўся ў Пруце.
Падарожжа, па словах вандроўнікаў, кожнага назапасіла адрэналінам на доўгі час. Да наступнага адпачынку, які таксама абавязкова будзе актыўным.
Фота з асабістага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *