Профессиональный праздник отметила библиотекарь из Парафьяново

dscn4341ws2Першыя мары аб будучай прафесіі звычайна з’яўляюцца яшчэ ў дзяцінстве. Спачатку, калі назіраеш за працай дарослых, потым стараешся быць падобнымі на іх. І вось ужо ў дзіцячых гульнях спрабуеш сябе ў ролі любімай выхавацельніцы, або такога, здаецца, важнага і вельмі паважанага суседа, які працуе выратавальнікам. І як здорава, калі вось такая мара дзяцінства рэалізуецца ў жыцці. Работа тады – толькі любімая, і адносіны да яе самыя адказныя.

У бібліятэкара Рэгіны Красоўскай (на здымку) атрымалася менавіта так.
– Чытальнікам бібліятэкі стала яшчэ першакласніцай, – успамінае суразмоўца. – У ёй тады працавала Лідзія Мікалаеўна Цягуновіч. Менавіта яна стала для мяне правадніком у таямнічы і захапляльны свет кніг. Чытанне стала для мяне самым любімым заняткам. Падарожнічала разам з любімымі літаратурнымі героямі, уяўляючы сябе імі. А потым з захапленнем дзялілася сваімі ўражаннямі з сябрамі і ўсіх абавязкова вяла ў бібліятэку. Вось ужо 28 гадоў працую тут і працягваю прывабліваць да кнігі і тых, хто побач.
На сённяшні дзень у Параф’янаўскай бібліятэцы налічваецца з самога аграгарадка і яшчэ дзевяці вёсак сельсавета 860 чытачоў. Вопыт работы дапамагае Рэгіне Мікаласаўне загадзя вызначыць, каму якую літаратуру трэба прапанаваць. Аднымі з самых актыўных аматараў чытання ў аграгарадку можна назваць Ніну Аўрыцэвіч, Андрэя Буйневіча, Аляксандра Чучуліна, для якіх за патрэбнымі ім кнігамі часам прыходзіцца ездзіць і ў райцэнтр . Актыўны наведвальнік бібліятэкі адна з самых старэйшых чытачоў – 85-гадовая Соф’я Дубава.
– Зараз дзеці, канечне, не так шмат чытаюць, як мы ў іх узросце, – гаворыць бібліятэкар. – І таму разам з загадчыцай бібліятэкі Ірынай Палачанінай арганізуем для дзяцей масавыя мерапрыемствы, каб яны часцей да нас прыходзілі. Больш у гульнявой форме. Асабліва падабаюцца школьнікам сустрэчы, прымеркаваныя да юбілейных дат пісьменнікаў. Як кажуць самі вучні, потым на ўроках лягчэй. А таму ідзём насустрач іх прапановам. Для дзяцей 5-7 класаў працуе эколага-эстэтычны клуб “Мурашнік”. Дзецям вельмі падабаецца знайсці якія-небудзь цікавыя факты пра расліны ці птушак і звяроў, а потым паназіраць за жыццём жывых істот. У чытальнай зале ёсць экалагічны куток, у якім самі дзеці размяшчаюць любімыя кнігі аб прыродзе і малюнкі на гэту тэму.
Ёсць у Параф’янаўскай бібліятэкі цікавінка, якая безумоўна прываблівае яе наведвальнікаў. Гэта фотасалон. Рэгіна Мікаласаўна вельмі любіць фатаграфаваць і з задавальненнем дзеліцца сваім майстэрствам з іншымі. Стварыла міні-музей, дзе сабрала фотаматэрыялы, якімі карысталіся фатографы мінулага стагоддзя.
– Зараз дзеці не ведаюць, што значыць “злавіць патрэбны кадр”, каб фотаплёнкі хапіла на ўсю фотасесію, – гаворыць Рэгіна. – У музеі можна ўбачыць і стары фотаапарат, і фотапавелічальнік, і фотаплёнкі з негатывамі. З цікаўнасцю слухаюць наведвальнікі і пра тое, як адбываўся ўвесь працэс з’яўлення фотаздымка.
Збіраюць работнікі бібліятэкі і летапіс роднага краю. Асабліва чулліва знаёмяць з альбомам фотаздымкаў былога Параф’янава, стварыць які дапамагалі ўсе вяскоўцы. На кадрах – будынак школы 1951 года, дзіцячы садок у 60-ых гадах, крамы, шапікі, аптэка, чыгуначны вакзал. Акрамя гэтага шмат матэрыялу сабрана пра мясцовых славутых землякоў, напрыклад, протапрасвітара Віталя Баравога.
– Бібліятэкар – гэта пасрэднік паміж кнігай і чытачом, – гаворыць Рэгіна Красоўская, – адчуваць сябе ім асабіста мне дапамагае любоў да прафесіі.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *