Жыхары і госці горада Докшыцы святкавалі Масленіцу
У нядзелю на беразе гарадскога возера было смачна, сыта і весела: гараджане і госці Докшыц святкавалі Масленіцу.
Мерапрыемства пачалося з прывітальнага слова старшыні раённага Савета дэпутатаў Валянціны Рандарэвіч, якая павіншавала ўсіх са святам і ўзнагародзіла дыпломамі і падзякамі актыўных удзельнікаў раённага конкурсу на лепшае навагодняе афармленне будынкаў і жылых дамоў.
Як і патрабуе народная традыцыя, гулянне арганізавалі з размахам. Асноўны акцэнт быў зроблены на тэматычныя пляцоўкі, аформленыя арганізацыямі і ўстановамі раёна ў межах творчага конкурсу. Сярод яго галоўных умоў – наяўнасць бліноў і страў з іх. Сапраўды, якая ж Масленіца без гэтых духмяных і падобных на сонца ласункаў! З ікрой, яйкам, салам, мёдам, варэннем ці згушчаным малаком – штогод гаспадынькі-удзельніцы свята прыдумваюць новыя, часам эксклюзіўныя рэцэпты. Або захапляюць гасцей цікавымі назвамі кулінарных вырабаў з бліноў. Напрыклад, сёлета на докшыцкай масленіцы можна было пакаштаваць “БлінТаўн”, “ВкусОК” і “Слімачкоў пікантных”. Як кажуць, з пылу з жару падавалі мучную смакату работнікі культуры, якія на сваёй пляцоўцы выпякалі бліны старадаўнім спосабам – на калодзе.
Абавязковымі на тэматычных пляцоўках таксама былі масленічныя лялькі, сімвалы сонца і самавары. І, канечне ж, вясёлы настрой. Танцамі і прыпеўкамі, ігрой на розных народных інструментках, і нават на лыжках, яркімі касцюмамі і шчырымі ўсмешкамі канкурсанты стараліся скарыць журы, у саставе якога сёлета былі Валянціна Рандарэвіч, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, дырэктар РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Дзмітрый Каляга, старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Алена Камінская, старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Алена Таляронак і кіраўнік народнага калектыву нацыянальнай кухні, гульні і фальклору “Шчадроўка” Людміла Суднік. У выніку першае месца было прысуджана калектыву Докшыцкай ЦРБ. Другое – у СШ № 1 г. Докшыцы і калектываў аддзела культуры райвыканкама, трэцяе – у Параф’янаўскай СШ імя. А.І. Чэрныша і раённага Цэнтра дзяцей і моладзі.
Падсілкаваўшыся, адны ішлі танцаваць пад вясёлыя найгрышы народнага ансамбля народнай песні “Раніца” ці песні ў выкананні любімых вакальных калектываў “Землякі” і “Кружева”. Другія правяралі свае фізічныя здольнасці на спартыўных пляцоўках ФСК “Ураджай” і Докшыцкай ДЮСШ. Творчую бяспройгрышную латарэю прапаноўвалі актывісты раённай арганізацыі БРСМ. Дзеці з задавальненнем выконвалі заданні ў школе бяспекі ад РАНС ці забаўляліся на гульнёвых дворыках Докшыцкай дзіцячай бібліятэкі і Парплішчанскага СДК. Сувеніры на памяць прапаноўвалі майстры раённага Дома рамёстваў. Сагрэцца гарачай гарбатай ці кавай таксама з блінамі і не толькі, можна было ў гандлёвым павільёне філіяла аблспажыўтаварыства.
– Якраз на беразе возера ладзілася свята Масленіцы і ў маім юнацтве, што прыйшлося на 80-ыя гады мінулага стагоддзя, – гаворыць карэнная дакшычанка Людміла Кудзерка, якая ўжо больш за дваццаць гадоў жыве ў Грэцыі, але кожны год прыязджае на малую радзіму разам са сваім мужам Лаўрэнцісам. – І ў моцныя завеі мы, удзельнікі тэатралізацыі, былі ў лёгкіх касцюмах Вясны і Зімы. На тройках коней, упрыгожаных стужкамі і кветкамі, мы ехалі ад Дома культуры праз горад да возера. З гульняў былі папулярнымі перацягванне каната і абавязкова ледзяны слуп з прызам наверсе!
Завяршылася народнае гулянне традыцыйным спальваннем чучала зімы і карагодам каля вогнішча. Дакшычане па ўсіх правілах праводзілі зіму. Як доказ гэтаму, напрыканцы свята на пахмурным з раніцы небе засвяціла сонейка. Хутка вясна!
Яўгенія Малевіч.
Фота аўтара.




























