Докшицкий район принял участие в областном празднике тружеников села «Дажынкі-2019» в Браславе (+ ФОТО)

img_1416-cvАбноўлены і святочна прыбраны чакаў у суботу гасцей на фестываль-кірмаш “Дажынкі-2019” Браслаў – перліна беларускага прыазер’я. Паўсюдна гучала жывая музыка ў выкананні духавых аркестраў, на сіняй роўнядзі Дрывят  плаўна пакалыхваліся ў чаканні воднай феерыі бела-­блакітныя паруснікі.

Па традыцыі абласныя “Дажынкі” сабралі афіцыйныя дэлегацыі ўсіх раёнаў і гарадоў, ветэранаў сельскагаспадарчай вытворчасці. Прадстаўнічую дэлегацыю нашага раёна ўзначаліў старшыня райвыканкама Алег Пінчук.
Маршрут азнаямлення гасцей з аб’ектамі Браслава пачаўся з раённага Цэнтра культуры, дзе ўсіх уразілі акцёры Парка “жывых” скульптур, у калекцыі якога ўжо паўсотні вобразаў. Цікавасць выклікалі выстава жывапісу “Браслаўская палітра”, адкрыццё абноўленай раённай галерэі гонару. Пабывалі госці свята і ў гарадской сярэдняй школе №2, якую пасля рэканструкцыі будынка і абсталявання навучальнага працэсу па праве можна лічыць школай будучага.
Папулярным прыпынкам у фестывальным маршруце стала пляцоўка на набярэжнай, дзе размясцілася выстава “Тэхнічная творчасць і рэтра-тэхніка прафтэха”. На пляцоўцы «Кірмаш дабрыні» пропаноўваў сувеніры гасцям свята і Докшыцкі РК ГА «БРСМ».
Галоўнае мерапрыемства “Дажынак” з узнагароджаннем герояў жніва-2019 доўжылася больш за тры гадзіны. Яно пачалося відовішчнай дзеяй са снапамі і караваямі з усіх раёнаў.
– Браслаў сёння сустракае залаты фонд аграпрамысловага комплексу Віцебшчыны, – адзначыў ва ўступным слове старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў. – У складаны па пагодных умовах год нашы аграрыі намалацілі 980 тысяч тон збожжа, і вага сёлетняга каравая на трэць большая за мінулагоднюю. А па вытворчасці зерня ў разліку на бала-гектар мы ўступілі толькі брэстаўчанам.
Сёлета Ганаровыя граматы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь старшыня Палаты прадстаўнікоў Ула­дзімір Андрэйчанка уручыў тром працаўнікам сяла, сярод якіх прадстаўнік нашага раёна – механізатар ААТ “Таргуны” Юрый Малюжанец (на здымку). Падзяку старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта атрымаў галоўны інжынер ААТ “Барсучанка” Уладзімір Коўзан. Граматай Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу адзначаны працоўныя дасягненні трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Віктара Судніка. Пераможцамі ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў” стала ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” – сярод сельскагаспадарчых арганізацый і ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” – сярод лесагаспадарчых прадпрыемстваў. На галоўную сцэну свята запрашаліся іх кіраўнікі Генадзь Кальчынскі і Аляксандр Давідовіч для ўручэння каштоўных прызоў – трактароў МТЗ.
Завяршылася свята феерычным канцэртам, напрыканцы якога заслужаная артыстка Расіі Варвара са зводным хорам Віцебскай вобласці, у якім спяваў і докшыцкі хор ветэранаў “Залатыя гады”, выканала гімн “Хлеб – усяму галава”. Удзел у свяце прынялі і іншыя творчыя калектывы нашага раёна — аркестр духавых інструментаў, ансамбль барабаншчыц, танцавальныя пары Валкалацкага і Параф’янаўскага СДК. Эстафету “Дажынак” Браслаў перадаў Віцебску і Віцебскаму раёну.
Алена НЕСЦЯРОНАК.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *