Парафьяновцы установили новый оберег

image_5На ўездзе ў вёску Параф’янава з нядаўняга часу радуе вока шасцімятровы металічны крыж.
– Тры гады таму на гэтым месцы ўстанавілі драўляны крыж, пафарбавалі яго, – распавядае ксёндз-пробашч Раман Мурзіч, які і стаў натхняльнікам справы па аднаўленні абярэга. – Але фарба стала хутка лупіцца, часта трэба было фарбаваць нанова. Таму і прыдумалі зрабіць крыж з больш трывалага матэрыялу. Спачатку не ўяўлялі, як ён будзе выглядаць. Варыянтаў было шмат, і толькі дзякуючы Духу святому ідэя ператварылася ў рэальнасць. Распачаць такую важную, а галоўнае патрэбную справу дапамаглі месцічы Марыя і Франц Зінкевічы. Аснову крыжа зрабіў Эдуард Няверка, які жыве ў Мінску, але часта прыязджае ў бацькоўскі дом. Усё астатняе аздабленне і ўпрыгожанне выканалі глыбоцкія майстры з кузні “У ажуры”. Адметнасцю сімвала веры стала фігурка з выявай Езуса, прывезеная з Польшчы.
Устанаўліваць прыгожы і велічны сімвал ля дарогі дапамагалі Франц Зінкевіч, Эдуард Няверка, Іосіф Матэцкі, Казімір Бахановіч, Віктар Несцяронак, Іосіф Маркевіч, Станіслаў Шнітко і Аляксандр Матэцкі. Тэхніку выдзеліла Параф’янаўскае лясніцтва. Канечне, такую прыгажосць вёска займела дзякуючы, у першую чаргу, ахвяраванням мясцовых жыхароў. Цяпер яны з нецярплівасцю чакаюць яшчэ адну важную падзею – асвячэнне крыжа, якое прынясе Божую ласку і збаўленне. Асвячэнне адбудзецца ў парафіі падчас святкавання Місій з 20 па 28 кастрычніка.
Крыж, як сімвал веры і пашаны да Бога, лічаць вяскоўцы, стане своеасаблівым абярэгам ад усіх нягод.
Таццяна
ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота прадаставіў Р. Мурзіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *