Алексей Васильев из Докшицкого района один из лучших работников МЧС
Кожны яго дзень пачынаецца з ранішняй прабежкі, бо гэта найлепшы сродак трымаць сябе ў добрай фізічнай форме. Такая загартоўка для арганізма вельмі карысная, лічыць пажарны інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Аляксей Васільеў, які працуе ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях. Прыйшоў сюды тры месяцы таму, але нават за такі кароткі тэрмін стала зразумела, што малады афіцэр адказна ставіцца да службы.
– Прафесія абавязвае быць менавіта такім, – гаворыць лейтэнант унутранай службы. – Гэтаму нас вучылі ў інстытуце. Таму стараюся годна выконваць пастаўленыя задачы.
Курсантам Гомельскага інжынернага інстытута МНС Аляксей Васільеў стаў пасля заканчэння Парплішчанскай СШ. Праз год адбылася рэарганізацыя ўстановы, таму з другога курса вучобу ўжо працягваў у Мінску.
Асноўная задача Аляксея – арганізацыя прафілактычнай работы па папярэджанні пажараў на аб’ектах сацыяльнай сферы, у жылым сектары, а таксама на будаўнічых аб’ектах. Пажарны інспектар непасрэдна працуе на некалькіх участках, абслугоўвае тэрыторыю Докшыцкага, Парплішчанскага, Тумілавіцкага і Бярэзінскага сельсаветаў. Наладзіў улік адзінокіх і непрацаздольных грамадзян, якія жывуць адны, шматдзетных, нядобранадзейных сем’яў, асоб, якія злоўжываюць алкаголем. З гэтым кантынгентам стараецца праводзіць дакладную пажарна-прафілактычную работу.
Ад Васільева ў пэўнай ступені залежыць, ці будзе будаўнічы аб’ект уведзены ў эксплуатацыю. Таму яшчэ на пачатковай стадыі запрошвае праектную дакументацыю і, калі бачыць у ёй парушэнні пажарнай бяспекі, адпраўляе на дапрацоўку. Зараз інспектар трымае на кантролі будаўніцтва домікаў гасцінічнага тыпу, якія ўзводзяцца на базе фермы ў вёсцы Маргавіца.
Яскрава характарызуе Аляксея Васільева як спагадлівага чалавека наступны выпадак. У рэдакцыю патэлефанаваў пенсіянер Ігар Зубовіч, які жыве ў Мінску. Ён расказаў, што днямі разам з таварышам прыязджаў па журавіны ў балота, што ля вёскі Дзядкі. Назбіраўшы ягад, яны заблудзіліся і выйшлі ў Порплішчы. Убачылі маладога чалавека, папрасілі дапамагчы зарыентавацца, у які бок ім трэба ісці, каб вярнуцца назад у Дзядкі, дзе пакінулі ўласны аўтамабіль. Хлопец папрасіў крыху пачакаць, а потым сам адвёз ягаднікаў да патрэбнага ім месца. Гэтым маладым чалавекам аказаўся лейтэнант Васільеў. За такі высакародны ўчынак пенсіянеры вельмі ўдзячны выратавальніку, а таксама яго бацькам, якія выхавалі дастойнага сына, сапраўднага мужчыну.