В среду состоялся районный совет ветеранов, об своей работе рассказала председатель ветеранской организации отдела по образованию райисполкома Доната Лопатко.
На пасяджэнні прэзідыума раённага савета ветэранаў, які адбыўся ў сераду, аб сваёй рабоце расказала старшыня ветэранскай арганізацыі аддзела па
адукацыі райвыканкама Даната Лапатка.
Мяркуючы па яе справаздачы, у арганізацыі памятаюць пра сваіх настаўнікаў, ветэранаў педагагічнай працы. Арганізацыя – адна з самых шматлікіх у раёне, на ўліку ў ёй значацца 583 ветэраны. І каб ніхто з гэтых людзей не застаўся без увагі, у многім залежыць ад кіраўнікоў пярвічных ветэранскіх арганізацый школ і садкоў. Прыкладам станоўчай работы Даната Генрыхаўна назвала пярвічку Сітцаўскай СШ, дзе значацца 29 ветэранаў працы галіны. Сярод іх такія заслужаныя людзі, як выдатнік асветы БССР і СССР, старшы настаўнік і настаўнік-метадыст Ірына Елісеева, выдатнік адукацыі РБ Яніна Казлоўская, ардэнаносец Лілія Жалейка, ветэраны вайны Уладзімір Бурдыка і Кацярына Лакуцэвіч. За кожным з гэтых людзей замацаваны шэфы са школы, якія не толькі дапамагаюць спраўляцца з бытавымі праблемамі, але і віншуюць са святамі, запрашаюць да сябе на ўрачыстасці. Ганаровымі членамі калектыву застаюцца ветэраны педагагічнай працы і ў Тумілавіцкай СШ. З задавальненнем наведваюцца ў родную школу Ала Занько, Леаніда Кулікоўская, Людміла Салянка, Марыя Літвінава, Ларыса Палтаран і іншыя. Яны ведаюць, што ім заўсёды дапамогуць у апрацоўцы прысядзібнага ўчастка, а то і з прышкольнага прададуць за сімвалічную цану гародніну, малако са школьнай фермы. Не абдзелены ўвагай ветэраны ў Докшыцкай
СШ № 1, дзе іх налічваецца 71 чалавек. І, нягледзячы на гэту значную колькасць, прафсаюзныя актывісты не забываюцца павіншаваць юбіляраў, наведаць адзінокіх калег, пацікавіцца, якая ім патрэбна дапамога, даведацца пра здароўе і падтрымаць добрым словам, а ў складаным выпадку і матэрыяльна. Вялікай увагі заслугоўвае прыклад, які сведчыць пра тое, што ў гэтай установе адукацыі грамадская ветэранская арганізацыя – гэта не фармальнасць, а аб’яднанне неабыякавых людзей, якія сапраўды гатовы прыйсці на дапамогу бліжняму. Яны добраўпарадкавалі пахаванне былога настаўніка замежнай мовы, ветэрана вайны Мікалая Гарадкова, зрабілі новы помнік, бо ў гэтага чалавека сёння ўжо няма нікога з родных.
Цёпла адгукалася выступоўца аб супрацоўніцтве з галіновым прафсаюзам, у прыватнасці, з яго старшынёй Таццянай Ягоравай, якая пры арганізацыі мерапрыемстваў заўсёды памятае пра ветэранаў працы. Гэтыя людзі і самі вялікія энтузіясты, на пенсіі не сядзяць склаўшы рукі: рыхтуюць да паступлення вучняў, пішуць вершы, збіраюць розныя калекцыі, вышываюць, вяжуць, наведваюць гурткі і аб’яднанні па інтарэсах. Пра рознабаковыя захапленні ветэранаў-педагогаў лепш за ўсё даведацца на выставе, якую райкам прафсаюза і ветэранская арганізацыя арганізоўваюць кожную восень напярэдадні святкавання Дня настаўніка.
Справаздачай Данаты Лапатка размова пра ветэранскае жыццё-быццё не завяршылася. Яна, з падачы старшыні райсавета ветэранаў Іосіфа Падрэза, плаўна перарасла ў шчырую гутарку пра тое, “што яшчэ не дагледзелі”. Сярод прапаноў і заўваг членаў прэзідыума былі і вельмі слушныя. Напрыклад, далучэнне да раённага прафкалектыву ветэранаў дзіцячага садка № 4, што ў Крулеўшчыне, які раней быў “чыгуначным” і таму крыху выпаў з поля зроку. Узнялі ветэраны пытанне і наконт пад’езду да сеткавай крамы “Хіт” у Докшыцах. Невялічкая пляцоўка для стаянкі аўтамабіляў не задавальняе нікога. Гэтыя і іншыя пытанні прэзідыум узяў на кантроль, і можна не сумнявацца, што будуць прыкладзены ўсе намаганні для іх станоўчага вырашэння.
На пасяджэнні таксама быў зацверджаны план работы раённага савета ветэранаў на 2020 год.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота аўтара.