Зимними вечерами любит рукодельничать София Янковская из д. Зальховье Докшицкого района

Бабуля Сафія з Зальхаўя – майстар стракатых падножнікаў.

Бабуля Сафія з Зальхаўя – майстар
стракатых падножнікаў.

Рукадзелле ў даўніну было неабходным заняткам. Сяляне ўласнаручна выраблялі для сябе патрэбную тканіну, з якой шылі ­а­д­зенне, ручнікі, пасцельную бялізну. Валоданне рамёствамі асабліва важным было для жанчыны, бо яно ўплывала на яе лёс: замуж хутчэй бралі ўмелую і працавітую дзяўчыну. Усе гэтыя работы былі сезоннымі. Гарачым часам для прадзення ці шыцця лічылася зіма. Нездарма ў народзе яе называлі зімушкай-майстрыхай.
У наш час захавальнікаў народных традыцый часцей знойдзеш на сяле. Адна з іх – жыхарка вёскі Зальхаўе Бярэзінскага сельсавета Сафія Янкоўская і сустрэла нас з шыдэлкам у руках.
– Хутка Каляды, – распавяла бабуля. – Да гэтага свята заўсёды ў хаце прыбіраемся. А яшчэ абавязкова новае ўбранне рыхтуем: і на вокны фіранкі, і на стол абрус з новымі вышыванымі ўзорамі. Я ж вось вырашыла падножнікі абнавіць. Дзе што старое – парэжу і вяжу дарожкі. Сын выразаў драўляны шыдэлак. А яшчэ вельмі люблю шыць. Машынка швейная ёсць. У маладосці якія там абноўкі былі. Усё сваімі рукамі. Пераліцуеш старую рэч, глядзіш – і спадніца як новая атрымалася.
Сафія Іосіфаўна нарадзілася ў Зальхаўі і, як яна сама кажа, тут і згадзілася. Трыццаць чатыры гады адпрацавала ў саўгасе. Даяркай была, на палявыя работы хадзіла. Выгадавала траіх сыноў. Адзін у Расіі зараз жыве, двое – разам з мамкай. Старэйшы да нядаўняга часу сацыяльным работнікам працаваў, даглядаў старэнькую суседку, якую сёлета дзеці забралі ў горад.
– Гэта зараз, узімку, можна заняцца і рукадзеллем, – гаворыць майстрыха, – а ў іншы час хапае другой работы. Садзім вялікі агарод. Шмат бульбы, капусты, іншай гародніны. Усё сваё. Калі быў яшчэ жывы гаспадар, дзве каровы мелі. Цяпер свіней, курэй трымаем. Сыны дапамагаюць. Адна напасць – дзікі. Дзякуй богу, сёлета не чуваць было, а так кожны год у каго-небудзь з суседзяў агарод парыюць. Вунь абвешваем вакол усё шалёсткімі пакетамі. Дачнікі, якіх шмат у нас пасялілася, перш думалі, што гэта смецце “лётае”.
На навагоднія святы чакае бабуля Сафія ў госці ўнучакаў з праўнукамі. Гаворыць, што надта любяць малыя варэнне з лясных ягад, якіх вельмі багата ў тутэйшых лясах. Адна з праўнучак, як і суразмоўца, завецца Сафіяй.
– Напэўна, годная бабуля, калі ў гонар яе дзяўчынку назвалі, – разважае Іосіфаўна. – Лепшай падзякі і не трэба.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *