Тяжёлые удары судьбы не сломали долгожительницу Марию Качар из д. Крипули Докшицкого района
Марыя Качар з Крыпуль размяняла ўжо дзясяты дзясятак гадоў і за сваё жыццё перанесла столькі выпрабаванняў, што хапіла б, напэўна, не на адзін лёс. Кажуць, чалавеку не даецца больш, чым ён можа вытрымаць. Калі так, то невялічкая, танклявая бабуля Марыя, несумненна, вельмі моцная духам жанчына.
Яе жыццё ўвогуле нічым асабліва адметным не вылучаецца – тыповы жаночы лёс даваеннага пакалення. Ураджэнка Вілейскага раёна, яна на радзіме вучылася ў польскай школе, вельмі любіла ўрокі чыстапісання, дэкламуе і зараз вершы на польскай мове. Тыя школьныя гады – самыя яркія ўспаміны з дзяцінства. А яшчэ чамусьці ёй добра запомнілася, як праз вёску ішлі бальшавікі – з ружжамі, у шапках-будзёнаўках, шынялях, з анучамі-абмоткамі на нагах.
Выйшла замуж на Докшыччыну, і некаторы час маладая сям’я жыла на хутары, а пасля пабудавалі хату ў Крыпулях, у якой жыве і да гэтай пары. Адпрацавала ў калгасе шмат гадоў, у паляводстве, муж Мечыслаў быў механізатарам. Двух сыноў, Валодзю і Антона, вырасцілі.
Верагодна, што чалавек у жыцці да ўсяго можа прызвычаіцца. Акрамя адзіноты. Бабуля Марыя, хоць зараз і жыве адна, адзінокай не з’яўляецца. У яе трое ўнукаў, шасцёра праўнукаў і маленькая прапраўнучка. Найчасцей наведваюцца ўнучка Алёна з мужам Васем – яны мінчане. Вось і падчас нашага прыезду якраз завіталі да бабулі, каб прыбрацца ў хаце, нешта памыць, падладзіць штось на панадворку, прыгатаваць сёе-тое з ежы – пра запас. Рада Марыя Адамаўна, і не столькі клопату, бо і сама яшчэ гаспадарыць, і сацработнік дапамагае, колькі іх прысутнасці. Алёне яна ўвогуле замяніла маці, якую дзяўчынка рана страціла. Ударам заўчасная смерць нявесткі стала і для яе. А затым тыя страшэнныя ўдары пасыпаліся на жанчыну як з рога: пайшлі з жыцця двое ўнукаў, пасля адзін за адным, менш чым за год – абодва сыны, яшчэ праз год – муж. Размаўляць пра тое, што дапамагло вытрымаць велізарны мацярынскі боль, не рашылася: бачыла той боль у вачах, адчувала ў інтанацыі, якая паяўлялася, калі бабуля Марыя пачынала ўспамінаць пра родных людзей, і нават бадзёрасць яе і ўсмешка не маглі прыхаваць яго. З ім ёй жыць да канца дзён, аднак не можа не выклікаць павагу тое, што гэта маленькая моцная жанчына не страціла цікавасці да жыцця.
– Стараюся, дзеткі, не заседжвацца, рухацца болей, – распавядае. – Сацыяльны работнік да мяне прыходзіць, і прадуктаў прынясе, і вады, і дроўцаў. Шмат у чым дапамагае, дай бог здароўя. Але ж я і сама есці прыгатую, печку выцеплю, у хаце прыбяруся. У тую ж краму, на пошту схаджу – не сядзець жа цалюткімі днямі адной. Сябровак у мяне ўжо няма, я ў Крыпулях самая старэйшая. Але і адна не сумую. Унучыкі мае мне тэлевізар новенькі падарылі, гэтак добранька паказвае, дык гляджу з задавальненнем. Асабліва навіны люблю, перадачы ўсякія, дзе пра розныя народы, краіны расказваецца. І газеты чытаю, часопісы. Пацяплее – у гародзе тупаю. Пакуль Алёнка прыедзе, глядзіш, і прапалю нешта, і дагледжу. Куры ў мяне ёсць, сабака, два каты ласкавыя. Займаю сябе, не даю цяжкім думкам запанаваць. Прашу ў Бога здароўя для сваіх дзетак і ўсіх людзей. Не разважаю, чаму і за што. Такі мой лёс – перажыць дзяцей. Такі мой крыж. Колькі назначана, буду яго несці.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.