Трудолюбием и сплочённостью отличаются животноводы МТФ «Свирки» Докшицкого района
Калі не захоўваць тэхналогіі і карміць жывёлу няякаснымі кармамі, то любая, самая новая малочнатаварная ферма з найлепшым абсталяваннем у наш час можа аказацца незапатрабаванай.
– Вынікі работы на ферме не могуць залежаць ад аднаго чалавека, – упэўнена загадчыца МТФ “Свіркі” ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Наталля Новік. – Няма чаго ўтойваць: не ўсё атрымліваецца, як хацелася б, але галоўным лічу тое, што наш калектыў імкнецца працаваць лепш. Усіх, хто працуе ў жывёлагадоўлі, можна назваць людзьмі асаблівай загартоўкі. Работа гэта, як вядома, ні асабліва камфортнымі ўмовамі, ні разнастайнасцю і насычанасцю падзей не вылучаецца: з дня ў дзень практычна аднолькавы алгарытм дзеянняў. Аднак ёсць людзі, якія і да звыклай руціны адносяцца з душой, не проста сумленна выконваюць свае абавязкі, а і любяць жывёлу, клапоцяцца пра яе, як пра ўласную. Такія ў нас аператары па адкорме БРЖ муж і жонка Сцепаняны – Мікалай і Армінэ. Сярэднясутачная прывага кожнага з 308 бычкоў, якіх яны на дадзены момант даглядаюць, складае 570 грамаў. Добрыя словы магу выказаць і ў адрас аператараў машыннага даення Таццяны Куніцкай, Іны Казлоўскай, Марыны Красковіч, падменнай Аксаны Падбярэзкай, Лідзіі Штоберт. 216 галоў у нас налічвае дойны статак, і зараз мы доім 6,8 кілаграма малака ад каровы. Калі ў цэлым па гаспадарцы ёсць невялікі мінус у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года, то мы, наадварот, павялічылі надоі, плюсуем прыкладна на паўтоны. Канешне, сем кілаграмаў не падстава для вялікага гонару, ад “Таргуноў” і “Бягомльскага” адстаём, аднак зараз у нас большасць кароў цельных, асноўная колькасць ацёлаў чакаецца ў лютым, адпаведна і надоі павялічацца. Што датычыцца кармавой базы, то ў гаспадарцы яна закладзена нядрэнная.
Наталля Мікалаеўна адзначыла, што сур’ёзных парушэнняў працоўнай дысцыпліны няма. Бездакорна спраўляюцца са сваімі абавязкамі механізатары Юрый Лініч, які працуе на кормараздатчыку, і Сяргей Мікульскі. Немалы працоўны стаж маюць жывёлаводы Мікалай Габруковіч, Аляксей Станкевіч, Аляксандр Раманчук, Юрый Парцянка і слесары Уладзімір Навойчык і Аляксандр Красковіч. Калектыў згуртаваны: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Што і павінна быць, каб у дастаткова няпростых на сённяшні дзень умовах дабівацца станоўчых вынікаў.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота В. Чарвінскага.