Агрогородок Крулевщина Докшицкого района — на тройном водоразделе Немана, Западной Двины и Днепра
Пад такой назвай паселішча ўпершыню пісьмова ўзгадваецца ў 1784 годзе. Пазней на ваенна-тапаграфічнай карце яно пазначана засценкам Круляўшчызна. На пачатку мінулага стагоддзя тут пралягла чыгунка і пабудавана станцыя Круляўшчына. Яе потым перайменавалі ў Сяславіна — у гонар рускага генерала вайны 1812 года Аляксандра Сяславіна. Ад чыгункі да Глыбокага праклалі вузкакалейку. У паселішчы дзейнічалі паравознае дэпо, паравы млын, лесапілка, пякарня.
У 1919 годзе гэтыя землі акупіравалі белапалякі. Чыгуначную станцыю перайменавалі на польскі лад — Круляўшчызна.
Згодна з Рыжскім дагаворам 1921 года мясцовасць адышла да Докшыцкай гміны Дунілавіцкага павета буржуазнай Польшчы. Вузкакалейку перабудавалі ў чыгунку. Над сялянскімі сядзібамі ўзняліся крыжы касцёла і праваслаўнай царквы.
Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР вёска стала цэнтрам сельсавета. Пачалася пракладка чыгункі да Лепеля. Вайна спыніла будоўлю. У Крулеўшчыне размясціўся буйны гітлераўскі гарнізон. У жніўні 1943 года партызаны 1-й Антыфашысцкай брыгады разграмілі яго.
У пасляваенны час у Крулеўшчыне пачалі дзейнічаць камбінат будаўнічых матэрыялаў, торфабрыкетны завод, МТС, чыгуначныя службы. Сяляне аб’ядналіся ў калгас, рэфармаваны ў КУП «Докшыцкі». Адкрыліся сярэдняя школа, два дзіцячыя сады, Дом культуры.
У 2010 годзе вёска атрымала статус аграгарадка Докшыцкага раёна.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Антонавіч СУПРАНЁНАК.
Праз невялікія сенцы зайшлі ў дом. У зале на зэдліку перад жалезнай грубкай сядзеў гаспадар. У прасторным пакоі цёпла і ўтульна. З пажаўцелага фотапартрэта на сцяне пазірала маладая пара.
Перахапіўшы мой позірк, гаспадар удакладніў:
— Адразу пасля вайны з Вольгай пажаніліся. Яна працавала санітаркай у бальніцы, а я ўсё жыццё на чыгунцы. Амаль паўвека пражылі разам. Дваццаць шосты год пайшоў, як яе не стала… Дом не пустуе. Дзеці, унукі наведваюцца. Ужо і праўнукі ёсць.
Сустрэцца праз 75 гадоў пасля Вялікай Перамогі з жывым сведкам той страшэннай вайны ў наш час — удача. Амаль стогадовы Сяргей Антонавіч Супранёнак здзівіў цудоўнай памяццю. Юнаком падаўся ў чыгуначнікі. Марыў вадзіць саставы па сталёвых магістралях. Пэўна, так яно і было б, каб не вайна. Сяргей Антонавіч, перавёўшы дыханне, узгадаў, як летам 1941 года ў Крулеўшчыну ўварваліся акупанты. Навезлі шмат тэхнікі. Узбуйнены фашысцкі гарнізон ахоўваў чыгуначную станцыю і забяспечваў перавозку на фронт ваенных грузаў і войскаў. Ворагі зладзілі сістэму абаронных збудаванняў, дзотаў, хадоў зносін, акопаў.
Праз год савецкія воіны вызвалілі вузлавую чыгуначную станцыю. Сяргея Супранёнка, як і іншых яго равеснікаў, прызвалі ў дзеючую армію. Месяц засвойвалі ваенную справу ў Полацку. Чыгуначным саставам прызыўнікоў адправілі на фронт пад Варшаву. У 383-м артылерыйскім палку, які ўваходзіў у 1-ы Беларускі фронт пад камандаваннем легендарнага маршала Георгія Жукава, яму даверылі зараджаць снарадамі супрацьтанкавыя гаўбіцы.
Перамогу Сяргей Супранёнак сустрэў на рацэ Эльбе. Праз дзесяцігоддзі з ажыўленнем узгадвае, як браталіся з амерыканскімі саюзнікамі.
Сяргей Антонавіч жвава падняўся з зэдліка, дастаў з шафы парадны касцюм, які ўпрыгожваюць баявыя ўзнагароды: ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі «За адвагу», «За вызваленне Варшавы», «За перамогу над Германіяй». Адзначаны франтавік і падзякай Галоўнакамандуючага. Ля веснічак развіталіся з бацькам і сынам Супранёнкамі. З буслянкі пазіралі птушкі.
Адзінага ў сельсавеце франтавіка запрашаюць на сустрэчы ў сярэднюю школу, дзе вучыліся яго сыны. Армейскую службу праходзілі Фёдар і Аляксандр Супранёнкі на брэсцкай заставе імя Кіжаватава.
На сустрэчах са школьнікамі Сяргей Антонавіч не толькі ўзгадвае пра падзеі Вялікай Айчыннай, але і пра тое, як у пасляваенныя гады забудоўвалася, пашырала межы Крулеўшчына. Для рабочых камбіната будаўнічых матэрыялаў і торфабрыкетнага завода, чыгуначнікаў узводзіліся шматкватэрныя жылыя дамы. Упрыгожылі паселішча трохпавярховая сярэдняя школа, два дзіцячыя сады, Дом культуры.
Адна з галоўных вуліц аграгарадка названа ў гонар ваеннага лётчыка Івана Палявога. Загінуў ён у паветраным баі непадалёку ад Крулеўшчыны. Астанкі героя перазахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры Докшыц.
Памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ўшанавана помнікам, усталяваным на высокім пагорку. На мармуровай дошцы выбіты прозвішчы 42 землякоў, якія загінулі ў баях з гітлераўцамі. Над святыняй шэфствуюць вучні сярэдняй школы. Юныя краязнаўцы пад кіраўніцтвам настаўніцы Наталлі Рандарэвіч займаюцца і вывучэннем гісторыі роднага краю. Сёлета дыпломам першай ступені рэспубліканскага конкурсу адзначана дзесяцікласніца Ангеліна Дайлідзёнак за навуковае даследаванне пра баявых і ратных герояў Докшыцкага раёна.
Наталля Уладзіміраўна з вучнямі распрацавалі турыстычны маршрут па праваслаўных святынях раёна. Краязнаўцы сабралі звесткі пра знявечаных нямецка-фашысцкімі акупантамі святароў Докшычыны. Кіраўнік мясцовай улады Аляксандр Іваньковіч, настаўнік, гісторык па адукацыі, настроены сістэматызаваць матэрыял пра спадчыну ўнікальнага аграгарадка.
Старшыня сельвыканкама Аляксандр ІВАНЬКОВІЧ і намеснік старшыні райвыканкама Аксана ПАЛАЧАНІНА.
Крулеўшчынская сярэдняя школа — адна са старэйшых у раёне. Год таму педкалектыў узначаліў Віктар Гаўрыловіч, з якім сустрэліся. У дні вясновых канікул цішыня панавала ў прасторным будынку. Падняліся на другі паверх у краязнаўчы пакой, аформлены экспазіцыяй пра мясцовы жывёльны і раслінны свет. Уражваюць чучалы звяроў і птушак. Суседні кабінет абсталяваны пад сялянскую хатку мінулых часоў. Тут праводзяцца заняткі па гісторыі і прыродазнаўстве.
Школьнікі Ігнат БРЫЛЬЯНТАЎ і Мікіта БОЖАЛКА.
У школе дзве з паловай сотні вучняў. Дырэктара радуе, што ў верасні чакаецца больш як 30 першакласнікаў. Такога папаўнення даўно не было. Сёлета школу заканчваюць шэсць юнакоў. Яны засвойваюць прафесію цесляра, а дзесяцікласніцы вучацца на швачак. Заняткі праводзяць педагогі Вячаслаў Ждановіч і Ганна Юрэвіч. У кабінеце працоўнага навучання, абсталяваным сучаснай бытавой тэхнікай, дзяўчынкі шыюць пасцельную бялізну, пледы. Вырабы рэалізуюць. На 70 сотках школьнікі вырошчваюць гародніну і прадаюць насельніцтву. За атрыманыя грошы набываецца спортінвентар, тэлевізары, іншыя неабходныя для школы рэчы.
Захапляюцца навучэнцы і спортам. Асабліва папулярны валейбол і настольны тэніс. У перыяд вясновых канікул з юнымі спартсменамі займаецца педагог Вікенцій Сувораў.
Амаль 80 навучэнцаў у дзіцячай школе мастацтваў. Дзейнічаюць у Крулеўшчыне два дзіцячыя сады. У скверы, што ў цэнтры аграгарадка, абсталяваны дзіцячы гарадок.