В Докшицком районе полным ходом идёт уборка кукурузы

Сёлетнія пачаткі як кветкі – лічаць Анастасія Васільева і Леанід Жызнеўскі.

У ААТ “Барсучанка” кукурузай сёлета засеяна 650 гектараў. Землі розныя, таму, адзначыў галоўны аграном гаспадаркі Андрэй Альхімёнак, і ўраджайнасць будзе адрознівацца.
– Найбольш культура ўра­дзіла на ўчастках каля вёсак Пералоі і Казлы, – паведаміў Андрэй Іосіфавіч. – Пакуль там работу не распачынаем, паколькі амаль палову вырашчанага ў гэтым годзе плануем убіраць на зерне, а значыць, для гэтага яно павінна дасягнуць аптымальнай спеласці. Вядома, будзем арыентавацца на пагодныя ўмовы і суадносна з імі ­ўносіць карэктывы ў свае дзеянні. Магчыма, нейкую колькасць з запланаваных 300 гектараў на зерне давядзецца нарыхтаваць і зялёнай масай.

Пакуль нарыхтоўка “царыцы палёў” на сілас яшчэ толькі набірае абароты. На палетках за вёскай Варганы рупіцца каманда ў складзе Леаніда Жызнеўскага на КВК і Івана Аляхновіча, Віталя Лобача і Сяргея Гапанёнка – на адвозцы. Нейкі час назіраем, можна сказаць, за віртуознай работай сельскіх працаўнікоў. Сяргей Гапанёнак кіруе трактарам паралельна з КВК так, што прычэп напаўняецца ­здробненай масай раўнамерна, ніводнага куточка не застаецца незапоўненага, і пры гэтым у такім аб’ёме, што, здаецца, зялёную гару, не рассыпаўшы, нельга давезці да траншэі. Аднак трактар набірае хуткасць, “зялёнка” плаўна пакалыхваецца на хаду і нідзе не губляецца. Зразумела: прафесіяналізм, вопыт, адказнасць. Леанід Леанідавіч Жызнеўскі, напрыклад, працуе ў гаспадарцы механізатарам без малога тры дзясяткі гадоў, аднолькава спрытна кіруе і пасяўным агрэгатам, і збожжаўборачным камбайнам, і на кормаўборцы незаменны, і на рамонтных работах ас. Іван Феліксавіч Аляхновіч, які, мусіць, паўвека за рулём свайго МАЗа, хоць ужо на пенсіі, але яшчэ ў страі, патрэбны і паважаны чалавек у сельгаспрадпрыемстве. Таму брыгадзір паляводчай брыгады Насця Васільева, якая кантралюе работу на ўчастку і якасць закладкі сіласу, спакойная і ўпэўненая: усё будзе зроблена належным чынам.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *