На ботанический сад сделала похожей свою усадьбу жительница Докшиц Светлана Толкач

Нават ружы не колюць ласкавыя рукі Святланы Толкач.

Адшукаць дом Святланы і Аляксандра Толкачаў па вуліцы Якуба Коласа ў Докшыцах нескладана: на ім убачыце шыльду “Дом узорнага парадку” – так нам параілі. Але да шыльдаў прыглядацца не прыйшлося: беспамылкова трапілі на патрэбны адрас па яго “візітнай картцы” – велізарнай колькасці кветак вакол.
Уражаныя такім батанічным садам, у прыгожай і ўсмешлівай гаспадыні, што выйшла насустрач, найперш папыталіся, дзе яна знаходзіць сілы, а галоўнае час, каб ствараць і даглядаць такое хараство. Святлана Антонаўна адказала так:

– Займацца кветкамі – тое, чаго прагне мая душа. А ў такім разе не звяртаеш увагі ні на га­дзіннік, ні на стомленасць. Гэта тваё жыццё, і іншым яно ўжо быць не можа.
Кветкі, шматгадовыя і летнікі, на клумбах і рабатках, у падвясных кашпо і прыаконных ажурных скрынках, на лесвіцах і рашотцы альтанкі – усюды, дзе толькі можна іх пасадзіць, на кожным вольным лапіку зямлі. Здавалася б, час спыніцца ў іх развядзенні, бо, падаецца, даглядаць за тымі, што ёсць, на мяжы магчымасці. Аднак у сонечным і зацішным месцейку заўважаем “пітомнік” – накрытыя ПЭТ-бутэлькамі чаранкі, а яшчэ ў гаршчэчках – тыя, што ўжо ўкараніліся і вось-вось будуць высаджаны на ПМЖ. Святлана Антонаўна паказвае ў глыб двара, на вызваленую з-пад агародных культур і падрыхтаваную для пасадкі зямлю – там паселяцца гартэнзіі і ружы, кляматысы і спірэі… Колькі ўсяго відаў кветак, не кажучы ўжо пра гатункі, іх клапатлівая гаспадыня не падлічвала, але, мусіць, за сотню пераваліла. З апошніх навінак – дыхондра, якая першы год звычайна праходзіць адаптацыю, а разрастацца пачынае на другі. Дык у Святланы яна пусцілася ў рост адразу. І чаранкі спрэс прыжываюцца. Мусіць, не толькі таму, што жанчына шмат чытае спецыяльнай літаратуры па кветкаводстве, але і таму, што расліны адчуваюць яе любоў.

Прыгажосць і гармонія.

Шчыры і заўзяты памочнік Святланы Антонаўны ў добраўпарадкаванні – муж Аляксандр Уладзіміравіч, работнік РЭСа. Ён працуе з металам, каменем, бетонам, і сядзібу Толкачаў упрыгожваюць фантан, рознага роду кампазіцыі, лесвіцы, дарожкі – усяго не пералічыць. Вядома, шмат яшчэ і ў планах, якія гэтыя працавітыя і таленавітыя людзі, без сумнення, ажыццявяць.

Вырошчванне кветак у такім маштабе патрабуе не толькі ведаў і часу, але яшчэ і матэрыяльных затрат. А чаму б не распачаць уласную справу па вырошчванні і рэалізацыі ўсё больш і больш запатрабаванай зараз прадукцыі? – пытаюся.

– Пра гэта я падумаю на пенсіі, – смяецца суразмоўца і тлумачыць: – Вельмі люблю сваю прафесію – я музычны кіраўнік у дзіцячым садку №3. Аддаю і ёй шмат сіл. Пакуль мяне задавальняе такая раўнавага: на рабоце – музыка, без якой таксама сябе не ўяўляю, дома – кветкі. А далей – пабачым.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *