Правила содержания домашних животных подскажет РУП ЖКХ «Докшицы-коммунальник»
Некалькі разоў на год ля смеццевых кантэйнераў райцэнтра прыходзіцца назіраць за з’яўленнем новага сямейства каціных. З аднаго боку, гэтыя маленькія пухнатыя камячкі выклікаюць пачуцці пяшчоты і замілаванасці. А з другога… Многія з іх, калі становяцца дарослымі, выглядаюць нездаровымі, якімі з’яўляюцца і на самой справе. А калі натрапіш на зграю бадзяжных сабак, то невядома чым такая сустрэча скончыцца.
– Першая прычына распаўсюджання безнаглядных жывёл – невыкананне звычайных правілаў утрымання сабак і катоў, – гаворыць намеснік начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай і прававой работы РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Марына Шыталь. – Правілы ўтрымання хатніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёлін абавязваюць гаспадароў выконваць санітарна-ветэрынарныя нормы і правілы ўтрымання гадаванцаў, захоўваць бяспеку людзей.
– Якія асноўныя моманты гэтага прававога акта павінен выконваць уладальнік хатніх гадаванцаў?
– Сабак і катоў неабходна зарэгістраваць у трохдзённы тэрмін: у Докшыцах – у РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, на тэрыторыі раёна – у сельвыканкамах. Шчанят і кацянят – ва ўзросце ад трох да трох з паловай месяцаў. Уладальнікам выдаецца рэгістрацыйнае пасведчанне і жэтон, які павінен быць заўсёды прымацаваны да ашыйніка жывёліны. Адной сям’і дазваляецца ўтрымліваць не больш за дзве жывёлы. У кватэры, дзе пражывае некалькі наймальнікаў, – не больш за адну жывёліну на сям’ю пры згодзе ўсіх паўналетніх грамадзян, якія тут пражываюць. Пасля рэгістрацыі сабакі яго ўладальнік абавязаны адзін раз у квартал выплачваць падатак у памеры, устаноўленым заканадаўствам: 1,5 базавай велічыні – за сабаку патэнцыйна небяспечнай пароды, 0,3 базавай велічыні – у астатніх выпадках. Ад падатку вызваляюцца: інваліды па зроку, непрацуючыя пенсіянеры, інваліды першай і другой груп пры адсутнасці рэгістрацыі па месцы іх жыхарства працаздольных членаў сям’і, а таксама тыя, хто пражывае ў аднакватэрных, блакіраваных жылых дамах, пры ўмове ўтрымання імі не больш чым аднаго сабакі ў выпадку, калі жывёла не выкарыстоўваецца ў прадпрымальніцкай дзейнасці.
– Якія яшчэ патрабаванні павінны выконваць уладальнікі чатырохлапых сяброў?
– У трохдзённы тэрмін паведамляць у арганізацыю, дзе зарэгістравана жывёла, а таксама ў ветэрынарную ўстанову па месцы жыхарства пра продаж, гібель, прапажу гадаванца. Дастаўляць котак і сабак у ветустанову для абследавання і прышчэпак супраць шаленства. Не дапускаць забруджвання жывёламі агульнадаступных
месцаў.
Да ведама
Адловам бадзяжных жывёлін у раёне, як сабак, так і катоў, займаецца РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. Звяртацца па тэлефоне 5-70-73.
– Якія правілы існуюць наконт выгулу?
– Выгульваць сабак на кароткім павадку і ў намордніку трэба ў месцах, адведзеных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Шчанят да трох месяцаў і дэкаратыўных сабак ростам да 25 сантыметраў у карку можна выводзіць без намордніка. На тэрыторыі г. Докшыцы і
г.п. Бягомль рашэннем райвыканкама вызначанымі месцамі для выгулу з’яўляюцца невыкарыстоўваемыя пустуючыя зямельныя ўчасткі, на тэрыторыі раёна – лясныя масівы і таксама невыкарыстоўваемыя пустуючыя зямельныя ўчасткі. Забараняецца прыводзіць сабак і катоў у крамы, на прадпрыемствы грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, у школы і дашкольныя ўстановы, грамадскія будынкі, паркі, скверы, на стадыёны, рынкі, а таксама жывёлагадоўчыя фермы (дадзеныя патрабаванні не распаўсюджваюцца на сабак-павадыроў). Нельга выгульваць сабак на прыдамавых тэрыторыях. Паводле арт. 15.47 КаАП, за парушэнне правілаў утрымання хатніх жывёл прадугледжана папярэджанне або штраф ад 1 да 15 базавых велічынь. Калі жывёла нанесла шкоду здароўю людзей ці маёмасці, уладальніка пакараюць штрафам ад 10 да 30 БВ або адміністрацыйным арыштам.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.