Воспитатель из Докшиц стала призёром областного этапа «Учитель года – 2020»
Выхавальніца ясляў-садка № 1 г. Докшыцы Кацярына Палянская стала дыпламантам трэцяй ступені абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесіянальнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”.
Шанс прадэманстраваць свае веды ў выхаванні малечы нараўне з іншымі лепшымі работнікамі дашкольных устаноў вобласці выпаў Кацярыне Аляксандраўне пасля перамогі ў раённым туры. “Выхавальнік – гэта вялікае дзіця”, – так яна параўнала дзейнасць сваіх калег падчас візітоўкі на конкурсе. Найбольшую цікавасць ва ўсіх выклікаў яе вопыт у развіцці пазнавальнай актыўнасці дашкольнікаў з дапамогай лега-канструявання.
– Абласны конкурс якраз супаў з напружанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, а таму першы яго тур быў завочны, – расказвае Кацярына Аляксандраўна. – Прыйшлося па відэасувязі абараняць свой вопыт работы. У выніку з 21 удзельніка журы выбрала пяцярых, і мяне ў тым ліку. Напэўна, самым хвалюючым для мяне быў другі тур, які праходзіў на працягу трох дзён у Віцебску. Графік мерапрыемстваў для ўдзельнікаў быў распісаны літаральна па гадзінах: адкрытыя заняткі ў незнаёмых групах дашкалят, майстар-класы з выхавальнікамі, псіхолага-педагагічнае тэсціраванне. У адных выпрабаваннях па балах станавілася трэцяй, у іншых – другой. Канчатковы вынік вырашалі дзясятыя балаў. Ва ўсякім разе, лічу, што нават проста ўдзел у конкурсе – гэта нядрэнны вопыт.
Як адзначаюць калегі Кацярыны, яна актывіст па жыцці. Пастаянна ўдзельнічае ў метадычных практыкумах, тыднях педагагічнага майстэрства, майстар-класах, конкурсных праграмах. У мінулым годзе спрабавала сябе ў інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу для груп кароткачасовага знаходжання дзяцей у дашкольных установах”. Удзельнічала ў даследчым мерапрыемстве “STEM-падыход у педагогіцы дзяцінства” на базе БДПУ імя М. Танка. З’яўляецца рэспандэнтам вячэрняй групы “Мацярынская школа”, што функцыянуе ў яслях-садку. А яшчэ Кацярына Аляксандраўна вучыць дашкалят танцаваць у аднайменным аб’яднанні па інтарэсах, якое дзейнічае ва ўстанове. У мінулым годзе яе творчыя выхаванцы атрымалі ўзнагароду на фестывалі “Сонечны круг”.
У яслях-садку Кацярына Палянская працуе сем гадоў. Сёлета яе групу інтэграванага навучання і выхавання наведваюць 16 дзяцей. Акрамя гэтага, яна з’яўляецца дэфектолагам у яслях-садку № 2. Атрымаць прафесію выхавальніка марыла з дзяцінства. Прыкладам былі мама Валянціна Сваток і родная цётка Вера Падбярэзска, якія працавалі ў дзіцячым садку ў Несцераўшчыне. Каця ўдзельнічала ў ранішніках. Вельмі падабалася ёй гуляць з малечай, чытаць ёй кніжкі, вучыць апранацца, трымаць правільна лыжку. Так захапленне стала любімай прафесіяй, якой яна прадоўжыла дынастыю выхавальнікаў.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.