Николай Коляго из Докшицкого района нашёл своё предназначение в помощи жителям села

“Працавітасцю гэтага чалавека можна толькі захапляцца: ледзь світае – ён ужо на нагах, сцямнее, а гук яго трактара яшчэ чутны”, “Шчыры, спагадлівы, з любой просьбай звернешся – чым можа, дапаможа”, “Для пажылых, адзінокіх людзей, для тых, хто не мае ўласнай тэхнікі, ён вялікі памочнік і выратавальнік”, – так характарызуюць аднавяскоўцы жыхара Крыпуль Мікалая Калягу.

Бацька з дачкой ніякай работы не баяцца.

Бацька з дачкой ніякай работы не баяцца.

Сам пра сябе Мікалай Мікалаевіч гаворыць сціпла:
– Не так я ўжо і ўмею многа, але ад таго, што мне зрабіць па сіле, імкнуся не адмаўляцца. Сваю справу распачаў шэсць гадоў таму. Хоць я і шматдзетны тата, пяцёра дзетак у мяне, аднак галоўнай прычынай стаць індывідуальным прадпрымальнікам было нават не жаданне палепшыць матэрыяльнае становішча сям’і. Гэта вельмі важна, дзеля гэтага працую зараз, а тады для мяне было галоўным разар­ваць сваё сяброўства з алкаголем, стаць для ўсіх, хто мне блізкі і хто мяне ведае, іншым чалавекам, такім, якога ёсць за што паважаць. Як гэтага ­дасягнуць немедыкаментозна? Трэба заняцца нечым, што патрабуе вялікай самааддачы, што я і зрабіў. Набыў трактар МТЗ-82, далей паступова ўвесь камплект сельгас­агрэгатаў да яго. З дапамогай свайго вернага “жалезнага каня” і аказваю розныя паслугі людзям не толькі ў сваёй вёсцы, але і ў акрузе, а таксама ў населеных пунктах Даўгінаўскага сельсавета суседняга Вілейскага раёна. Работы хапае круглы год, таму часу на глупствы не застаецца. Рады, што людзі павярнуліся да мяне, убачылі, што я на нешта здатны, што магу быць гаспадаром свайго лёсу.

Мікалай Каляга сапраўды бярэцца за любую работу ў межах уласных магчымасцей: нарыхтоўвае і дастаўляе людзям дровы, апрацоўвае зямельныя ўчасткі, займаецца грузаперавозкамі, выразае на могілках старыя дрэвы, займаецца разборкай трухлявых пабудоў.
– Заўжды дапаможа, калі звернешся, – пацвярджае пачутае старшыня сельскага Савета дэпутатаў Міхаіл Акунявец. – А яшчэ дае магчымасць неяк трымацца на плыву тым, хто з-за алкагольнай залежнасці не змог наладзіць належным чынам сваё жыццё. Людзі працуюць, зарабляюць уласную капейку, што часам і ад злачынстваў стрымлівае.
У руплівага працаўніка і дома ­падрастаюць памочнікі. Напрыклад, старэйшая дачка Аліна, якая паступіла вучыцца на повара-кандытара, ужо ў ­шэсць гадоў умела запрэгчы каня (!) і на “ты” з рознага роду тэхнікай. Сямейны тандэм накіроўваўся на поле разганяць бульбу, таму не сталі іх надоўга затрымліваць: надвор’е зараз капрызнае, трэба выкарыстоўваць кожную сонечную гадзіну.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *