Богатый урожай собрали со школьных огородов в Докшицком районе

У Параф’янаўскай СШ умеюць вырошчваць цыбулю.

У Параф’янаўскай СШ умеюць вырошчваць цыбулю.

Некалі вырошчванне сельгаскультур на пры­школьных участках выкарыстоўвалася толькі ў вучэбных мэтах. Цяпер прадукцыя са школьных агародаў, у першую чаргу, дазваляе зрабіць больш таннымі абеды вучняў і прыносіць даволі значныя даходы.

Накарміць дзяцей якасна і нядорага – стала ўжо традыцыяй большасці навучальных устаноў. Звычайна вырошчваецца вызначаны набор гародніны. Але, напрыклад, ­
СШ № 1 г. Докшыцы не першы год збірае ўраджай клубніц. Сёлета насельніцтву райцэнтра рэалізавана 160 кілаграмаў гэтых ягад. Установай адукацыі заключаны дагавор на забеспячэнне гароднінай ААТ “Таргуны”. Ужо з новага ўра­джаю сельгасгаспадарцы, а таксама насельніцтву, прададзена больш за адну тону бульбы, каля 110 кілаграмаў морквы, 150 кілаграмаў агуркоў, 107 – памідораў. Для пасадкі звычайна выкарыстоўваецца не толькі прышкольны агарод. Напрыклад, “другі хлеб” вырошчваецца на землях, выдзеленых ААТ “Барсучанка”. Для апрацоўкі глебы ў школы ёсть свая тэхніка. Да догляду будучага ўраджаю падключаны і вучні, якія праполваюць, паліваюць культуры падчас практыкі. Лішкамі прадукцыі забяспечваюцца дашкольныя ўстановы раёна. У мінулым годзе частку ўраджаю набыла Докшыцкая ЦРБ.

У гэтым годзе абноўлена цяпліца ў Парплішчанскай СШ. Вясной у ёй вырошчвалася расада кветак, якой сёлета было рэалізавана каля чатырох тысяч адзінак. На летні сезон тут культывуюцца памідоры і перцы. На паўтара гектарах вырошчваецца бульба. Частка гэтай тэрыторыі – прышкольная, астатняя – таксама ААТ “Барсучанка”. Гаспадарка дапамагае і з уборкай гародніны. Звычайна яе атрымліваюць каля 25 тон, з якіх восем ідзе на харчаванне ў школьную сталовую. Астатняя прадаецца насельніцтву на восеньскім кірмашы ці здаецца на харчовы камбінат “Весялова”.

Чакае кірмаш і Крулеўшчынская СШ, дзе плануе рэалізаваць буракі, моркву, фасолю, бульбу. Апошняй забяспечваюцца яшчэ і дашкольныя ўстановы.
Нядрэнны ўраджай “другога хлеба” сабраны ў Сітцаўскай СШ. Летась гэту гародніну пастаўлялі ў Валкалацкую бальніцу. У насельніцтва карыстаецца попытам капуста, вырашчаная на пры­школьным участку. Радуюць у гэтым годзе сваім добрым ураджаем агуркі, позні гатунак якіх дазваляе вучням ласавацца вітаміннымі салатамі ўсю восень.
У аграгарадку Параф’янава на базары па аўторках мясцовая школа прадае цыбулю. Карыстаецца попытам у насельніцтва таксама морква, бульба, буракі, капуста, часнок, бо вырошчваецца без мінеральных угнаенняў, лічыцца экалагічна чыстай.

Бягомльская дапаможная школа-інтэрнат з фермерскай гаспадаркі прадала насельніцтву 670 кілаграмаў свініны і ялавічыны, а гэта 3 900 рублёў школьнага прыбытку. Ад рэалізацыі вырашчанага на школьным агародзе ўжо атрымана 1400 рублёў. Больш за тры тоны рознай гародніны і садавіны падрыхтавана для продажу на кірмашы.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота з асабістага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *