Не скучать, а тело тренировать предлагают в Докшицком районе

Аматар-цяжкаатлет Ігар Берднікаў дапамагае Аляксандру Шылкову і Максіму Масіенка правільна трэніравацца

Аматар-цяжкаатлет Ігар Берднікаў дапамагае Аляксандру Шылкову
і Максіму Масіенка правільна трэніравацца

Шэрасць. Сум. Дэпрэсія. Адным словам, восень! Нават крыўдна становіцца за гэту пару года, у якой, безумоўна, хапае і прыемнасцей. А каб іх было больш, не трэба сядзець у чатырох сценах і глядзець у акно.  Даўно даказана, што найлепшы стымул для настрою – актыўнасць. Менавіта заняткі спортам бадзёраць і назапашваюць новымі ідэямі і жаданнямі. А той, хто жадае і марыць, – жыве.

Доказам таму, што фізкультура ў прыярытэце ў дакшычан, з’яўляецца разнастайнасць спартыўных секцый для дзяцей і дарослых. Калі вы яшчэ не вырашылі, якому віду спорту аддаць перавагу, спадзяёмся, што наша падборка дапаможа знайсці сваё асаблівае лякарства ад суму.

Аквастымулятар
Самы вядомы спартыўны аб’ект райцэнтра, канечне ж, водна-аздараўленчы цэнтр. Папулярнасцю карыстаецца аквааэробіка, заняткі праходзяць па серадах і пятніцах, у 18 гадзін, а ў 13.30 у гэтыя ж дні – для людзей пажылога ўзросту. Акрамя гэтага, рознаўзроставая група збіраецца па аўторках у 10 гадзін.

Трэба падкачацца,
трэба-трэба
падкачацца…
Аматары бегу ці веласіпедных вандровак могуць скарыстацца паслугамі трэнажорнай залы. Трэніроўкі адбываюцца ў працоўныя дні цэнтра з 14 да 21 гадзіны, у суботу і нядзелю – з 11 да 17 гадзін.
Таксама трэнажорныя залы ёсць у ФСК “Ураджай” і Докшыцкай ДзЮСШ. “Пацягаць жалеза” або пазаймацца на трэнажорах аматары здаровага ладу жыцця прыходзяць сюды з задавальненнем. Акрамя вячэрніх заняткаў з 18 да 20 гадзін, некаторыя спяшаюцца сюды і ўдзень. Як, напрыклад, Ігар Берднікаў. Малады мужчына працуе пазменна на чыгунцы. Заняткі спортам лічыць абавязковымі ў рэжыме дня. А таму ў свае выхадныя таксама ідзе ў трэнажорку.
Ёсць аматары цяжкай атлетыкі і сярод дзяўчат. Напрыклад, Марыя Плыгаўка, якая спорт лічыць неад’емнай часткай свайго жыцця.
Патрэніравацца на кардыё- і сілавых трэнажорах могуць і жыхары некаторых сельсаветаў, наведаўшы спортзалы Парплішчанскай, Глінскай, Бягомльскай школ. Створаны патрэбныя ўмовы для трэніровак супрацоўнікаў і ў многіх арганізацыях і прадпрыемствах.

Хоць футбол,
хоць валейбол…
Мы заб’ём
пераможны гол!
Самым папулярным відам спорту ў жыхароў раёна з’яўляецца валейбол. Пра гэта сведчаць не столькі вялікая наяўнасць секцый, у якіх вучаць правілам гэтай гульні, як масавасць і актыўнасць іх наведвальнікаў. У добрае надвор’е валейбалісты з усяго раёна амаль па кастрычнік збіраліся на пляцоўцы на беразе гарадскога возера. Зараз літаральна праз дзень сустракаюцца ў спартыўных залах гарадскіх школ. Часта выязджаюць на спаборніцтвы і сяброўскія паядынкі ў санаторый “Лясное”. Кіруе гэтым аб’яднаннем Віталь Лямец. Трапіць у яго суполку можна па аўторках і чацвяргах у 19 гадзін, калі наведацца ў спартыўную залу СШ № 1 г. Докшыцы. Некаторыя жаночыя каманды па панядзелках і чацвяргах збіраюцца ў СШ № 2 г. Докшыцы. Там іх чакае Алена Таляронак. Аднымі з самых актыўных валейбалістак лічацца работніцы райста, якія, дзякуючы пастаянным трэніроўкам, апошнім часам дэманструюць нядрэнныя вынікі на раённых спаборніцтвах.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *