Действовавшей в годы ВОВ подпольной организацией в Глинном руководила молодая учительница

Глінскія школьнікі ля помніка падпольшчыцам.

Глінскія школьнікі ля помніка падпольшчыцам.

Сярод чорна-белых фотаздымкаў, якія беражліва захоўваюцца ў Бягомльскім музеі народнай славы, ёсць партрэты дзяўчат. Аляксандра Ніканава, Ганна Навіцкая, Марыя Гаўрыловіч, Марыя Дземідовіч – чатыры бясстрашныя камсамолкі, удзельніцы падпольнай арганізацыі, што дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Гліннае Бярэзінскага сельсавета. Яе арганізатарам і кіраўніком была Аляксандра Ніканава.

Аляксандра Ніканава.

Аляксандра Ніканава.

Ганна Навіцкая.

Ганна Навіцкая.

Марыя Дземідовіч.

Марыя Дземідовіч.

Вайна вачамі жанчын

Шура, як яе ласкава называлі жыхары не толькі Гліннага, але і навакольных вёсак, прыехала ў наш раён у 1932 годзе пасля заканчэння Магілёўскага педагагічнага вучылішча. Уладкаваўшыся ў мясцовую школу настаўніцай малодшых класаў, актыўна ўключылася ў грамадска-палітычнае жыццё і ўзначаліла камсамольскую арганізацыю тагачаснага саўгаса “Герой працы”. Там жа пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Але будаваць шчасце маладой сям’і не давялося. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Дзмітрый пайшоў на фронт, а Аляксандра засталася з дваімі малалетнімі дзецьмі: пяцігадовай Ларысай і двухгадовай Маяй. Жылі ў свекрыві Алены Навіцкай, якая ўспамінала, што Аляксандра часта сыходзіла з дому. Часам на некалькі дзён, а то і тыдняў. Прычын сваёй адсутнасці не называла – баялася, каб сям’я не пацярпела. Свякроў і сама дапамагала партызанам: пякла хлеб, які Саша насіла ў лес.

– У дакументах, што захоўваюцца ў Бягомльскім музеі народнай славы, адзначана вялікая заслуга ўдзельнікаў падпольнай арганізацыі ў барацьбе з ворагам, – расказвае дырэктар установы Вольга Таляронак. – Аляксандра Ніканава з ліпеня 1941 года дапамагала чырвонаармейцам, якія выходзілі з акружэння, з’яўлялася іх правадніком, забяспечвала прадуктамі харчавання, адзеннем, медыкаментамі. Па заданні Бягомльскага падпольнага РК ЛКСМБ у кастрычніку 1942 года стварыла Глінскую падпольную камсамольскую арганізацыю, у якую ўвайшлі яе блізкія сяброўкі: работніца калгаса “Чырвоны пуцілавец” Марыя Гаўрыловіч, афіцыянтка Бягомльскай сталовай Марыя Дземідовіч і мужава сястра, вучаніца Глінскай сямігодкі Ганна Навіцкая.

Рызыкуючы жыццямі, падпольшчыцы разгарнулі актыўную агітацыйную дзейнасць сярод салдат і афіцэраў калабарацыянісцкага фарміравання “Руская нацыянальная брыгада СС “Дружына” пад камандаваннем палкоўніка Гіль-Радзіёнава. Ніканава наладзіла работу па распаўсюджванні лістовак і партызанскіх заклікаў у варожых гарнізонах у Докшыцах, Глінным, Пустаселлі, Варлані і Беразіне. Акрамя гэтага, дзяўчаты дастаўлялі ў партызанскую брыгаду “Жалязняк” зброю, боепрыпасы, узрыўчатку, медыкаменты, якія ўдавалася дастаць у варожых гарнізонах. Ад юных падпольшчыц жалезнякоўцы ведалі каштоўныя разведдадзеныя пра ўмацаванні ворагаў, што дазваляла партызанам праводзіць баявыя аперацыі супраць акупантаў. Падпольшчыцы ўстанаўлівалі кантакты з калабарацыяністамі, дзякуючы чаму атрымалася перацягнуць на бок партызан некалькі дзясяткаў узброеных салдат і афіцэраў.

Немцы былі вельмі ўстрывожаныя камуністычнай прапагандай у іх фарміраваннях, а таму сталі пільна сачыць за тымі, хто знаходзіўся побач. Смелых дзяўчат выдаў здраднік.

Бессмяротны подзвіг

У 1975 годзе Бягомльскі музей народнай славы прадаставіў сабраныя матэрыялы пра дзейнасць падпольнай камсамольскай групы ў в. Гліннае ў бюро Докшыцкага райкама КП Беларусі дзеля ўвекавечвання памяці камсамолак-гераінь. На будынку мясцовай школы была ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар бясстрашных дзяўчат – Аляксандры Ніканавай, Ганны Навіцкай, Марыі Гаўрыловіч і Марыі Дземідовіч. Вучні разам з настаўнікамі і сёння свята шануюць памяць пра землякоў-герояў.

Глінскія падпольшчыцы сталі актыўнымі ўдзельніцамі складанай і шматхадавой аперацыі, праведзенай камандаваннем брыгады “Жалязняк” па перавярбоўцы і пераходзе салдат калабарацыянісцкага 1-га рускага нацыянальнага палка СС (“Дружына”)  да партызан. Злучэнне войска СС пад камандаваннем Гіль-Радзіёнава сфарміравана ў чэрвені 1942 года з савецкіх ваеннапалонных. У сакавіку 1943 года ператворана ў 1-ы рускі нацыянальны полк СС, потым – 1-ую рускую нацыянальную брыгаду СС. Калі злучэнне перайшло да партызан (16.08.1943 г.), фарміраванне атрымала назву 1-й антыфашысцкай партызанскай брыгады.

З успамінаў старэйшай дачкі Аляксандры Ніканавай – Ларысы Глазко:
– Памятаю, што мамы часта і доўга не было дома, нават тыднямі адсутнічала. Куды і чаго яна хадзіла, мы не ведалі, але бабуля хутчэй за ўсё здагадвалася, таму што кожны раз, як мама некуды збіралася, яна спыняла яе, прасіла:
– Куды ідзеш? Сябе загубіш, дзяцей асіраціш…
На што мама адказвала:
– Не спыняй мяне: або пан, або прапаў.
Толькі потым я даведалася, што дзякуючы групе, у складзе якой была мама, шмат народнікаў і нават немцаў перайшлі да партызан.
Часам мама брала мяне з сабой у Рабінавік, думаю, што для прыкрыцця. У памяці застаўся вобраз барадатага партызана, які хаваў мяне ад холаду пад сваёй плашч-палаткай.
У дзень арышту мамы доўга не было. Калі прыйшла дамоў, яна адразу лягла спаць. Праз некаторы час пачуліся крокі на двары, і амаль праз хвіліну ў хату ўвайшлі немцы… Можа, мама засталася б жыць, калі б адразу ўцякла. Ганна, мая родная цётка, калі арыштоўвалі маму, была ў склепе. Яна выскачыла і пачала крычаць, таму немцы схапілі і яе. Ганне было ўсяго 17 гадоў. Акрамя іх, забралі яшчэ дзвюх Марый, прозвішчаў не помню.
Партызаны хацелі вызваліць арыштаваных, вялі падкоп, але, на жаль, нічога не атрымалася. Вяскоўцы лічылі, што нехта выдаў арганізатараў і папярэдзіў немцаў, таму тыя і ўчынілі жорсткую расправу. Жанчын перад смерцю люта катавалі: у мамы на целе была выразана пяцікутная зорка.

З ліста ў Бягомльскі музей народнай славы малодшай дачкі Аляксандры Ніканавай – Маі Талмачовай:
– Як расказвала наша бабуля, каб выведаць прозвішчы падпольшчыкаў, немцы праводзілі сваю разведку. Яны адпраўлялі лазутчыкаў па хатах, каб выведаць, каго няма дома. Так да нас і іншых дзяўчат часта прыходзіла Дар’я Савельеўна Гаўрыловіч, быццам бы пазычыць сукенку ці туфлі. Яна і выдала маю маці і яе сябровак.

З успамінаў Вольгі Кажапенькі, сяброўкі дзяўчат:
– Целы падпольшчыц знаходзіліся ў падвале аднаго з ускраінных дамоў вёскі Атрубак. Усе былі голыя, збітыя, вочы завязаныя ліфчыкамі, грудзі зрэзаныя. У Ніканавай не было пазногцяў, а пальцы – пераламаныя. Пасля жорсткіх здзекаў падпольшчыц расстралялі.
Перад пахаваннем усіх дзяўчат абмылі ў Поні. Дзвюх Марый хавалі на Глінскіх могілках, а Аляксандру і Ганну – у Шалагірах. У час пахавання ў гонар закатаваных партызаны далі салют. У адказ немцы адкрылі страляніну з боку Гліннага. Пачалася аблава. Яны прачасалі могілкі, нікога не знайшлі. Магілу чапаць не сталі.
Пасля расправы з Ніканавай немцы праследавалі і яе родзічаў. Свякроў некалькі разоў выклікалі на допыт у штаб.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *