Почти 50 лет отработал в сельском хозяйстве Николай Стариченок, бывший агроном и директор КУСХП им. Черныша
… Зямля, зямля,
Свой пэўны кут, свая ралля:
То – наймацнейшая аснова
І жыцця першая умова.
Зямля не зменіць і не здрадзіць,
Зямля паможа і дарадзіць –
гэтае перакананне Міхала, галоўнага героя бессмяротнай паэмы “Новая зямля” класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа стала жыццёвым крэда для былога галоўнага агранома і дырэктара, на вялікі жаль, таксама ўжо былога сельгаспрадпрыемства, КУСГП імя Чэрныша, кавалера ордэна “Знак пашаны” Мікалая Старычонка, які працы ў сельскай гаспадарцы аддаў амаль пяць дзясяткаў гадоў і, несумненна, сваё сэрца.
Ураджэнец вёскі Чысці-Вардамскія, дзіця пасляваенных гадоў, Мікалай, як і ўсе яго равеснікі, выдатна разумеў: будзеш працаваць на зямлі – надзейна будзеш мець кавалак хлеба на сваім стале. Змалку прывучаны да нялёгкай сялянскай працы, ён не ўспрымаў яе як цяжкі абавязак – гэта было такім жа натуральным і неад’емным, як піць сцюдзёную калодзежную ваду, слухаць пошчак салаўя ў вясновым гаі, хадзіць басанож па росных травах, вучыцца ў школе, любіць бацькоў і свой родны кут. Гэта было абавязковай часткай жыцця, без якой, лічыў юнак, мужчына не мужчына.
Мабыць, таму малады Коля Старычонак пасля заканчэння дзесяці класаў – а атэстат ён меў добры – не паехаў паступаць у горад, застаўся дома, папрацаваў крыху ў паляводстве, пакуль не прыйшоў час ісці ў армію. Вярнуўшыся, кажа, падумваў крыху, ці не паехаць вучыцца ці працаваць у горад, але цяга да роднай зямлі ўзяла верх, ды і бацькоў адных пакідаць не хацелася. Таму адкінуў ваганні і зноў прыступіў да працы на зямлі. І рабіў гэта так шчыра, з такой адданасцю, з такім запалам, што неўзабаве быў назначаны на пасаду брыгадзіра паляводчай брыгады, якая паказвала ўсё лепшыя і лепшыя вынікі ў сваёй рабоце і ў хуткім часе заняла перадавыя пазіцыі, пра што сцвярджае добры дзясятак грамат і падзяк. “Вось яно, маё!” – дакладна асэнсаваў хлопец і, зразумела, задумаўся аб атрыманні адпаведнай адукацыі. А тут спаткаў сваю Анечку, хуценька “ўзяў у абарот”, каб не перахапіў хто іншы, – прапанаваў руку і сэрца. А нявеста яго не толькі падтрымала, але яшчэ і настаяла, каб паступленне ў ВНУ не адкладвалася ў доўгую скрыню.
– Толькі вяселле адгулялі – мой малады муж паехаў “штурмаваць” Горацкую сельгасакадэмію, – успамінае верная спадарожніца Мікалая Іванавіча на працягу ўжо паўвека Ганна Паўлаўна, у мінулым настаўніца матэматыкі ў Бярозкаўскай школе. – Дык, пакуль вучыўся завочна, і галоўным аграномам стаў, і дзетак трое ў нашым доме з’явілася, і гаспадаркай абзавяліся – усюды паспелі, – рэзюмуе са смехам.
– Узначальваў гаспадарку на той час малады, энергічны, апантаны справай Іван Уладзіміравіч Грыцкевіч, – распавядае далей Мікалай Іванавіч. – Мы з ім разумелі адзін аднаго з паўслова, мабыць, найперш таму, што любілі тое, чым займаліся. Контурнасць палёў на той час у саўгасе была зусім нізкай – сем гектараў найбольшая плошча. Арганізавалі асобную брыгаду з неабходнай тэхнікай – трактарамі, бульдозерамі, карчавальнікам. Паступова, год за годам нашы механізатары ліквідавалі непатрэбныя дарогі, пералескі, пагоркі, і мэты сваёй у рэшце рэшт мы дасягнулі: нашы нівы сталі няхай не такімі неабсяжнымі, як зараз у “Таргунах” ці райаграсэрвісе, але, згадзіцеся, 70 гектараў гэта не сем, ёсць дзе разгарнуцца. А колькі камення пазбіралі за маю “аграномаўскую” бытнасць – мусіць, усю гаспадарку змаглі б абнесці такой сцяной, як праславутая кітайская. Ды і ўраджайнасць мы на нашых дастаткова бедных глебах здолелі падняць так, што год за годам атрымлівалі ўзнагароды і ў раёне, і ў вобласці.
Пытаюся ў майго абаяльнага суразмоўцы, колькі ж гадоў аддадзена аграноміі, а колькі дырэктарству, і атрымліваю нечаканы адказ.
– Аграномам я быў заўжды, а дырэктарам – пяць ці шэсць разоў.
Як такое можа быць? Мікалай Іванавіч тлумачыць, што да пасады дырэктара ён ніколі не імкнуўся і, смяецца, як мог, упіраўся, але ж абставіны вымушалі браць на сябе такі абавязак. І ён не проста браў, а з максімальнай аддачай яго выконваў, што не магло не адбівацца на выніках станоўча. І ўсё ж у размове былы дырэктар увесь час вяртаецца непасрэдна да сваёй прафесіі і ўсяго, што з ёй звязана.
– Любіў і люблю прастору, поле, працу на ім, сваіх вяскоўцаў, гул камбайнаў і трактароў, пах збожжа на сушылцы, цвіценне рапсу і грэчкі. Не кабінетны я работнік, пасяджэнні і нарады пераносіў з цяжкасцю: ты тут сядзіш, а там спраў неўправарот. Аграном павінен быць на полі – гэта яго месца, яго, ды і любога сельскага працаўніка, храм. Таксама лічу, кіраўніку гаспадаркі найперш неабходна знаходзіцца ў кантакце са сваім вялікім калектывам: як павядзеш сябе з людзьмі, такога і поспеху чакай. Даводзілася і хваліць, і ўшчуваць, але абразіць, прынізіць чалавека ніколі не дазваляў не толькі сабе, але і іншым.
Мікалай Іванавіч і зараз такі ж актыўны і няўрымслівы. Ужо тое, што ён у сваіх Бярозках трымае пасеку з пяццю дзясяткамі вуллёў, гаворыць само за сябе. А яшчэ ж і іншых спраў па хатняй немалой гаспадарцы безліч. Жартуе: кампенсую жонцы сваю саракагадовую адсутнасць дома як паўнацэннага гаспадара. Цяпер яны ўвесь час разам, радуюцца наездам дзяцей і ўнукаў, спакойнай і шчаслівай сумеснай жыццёвай восені. Як бывае ў тых, хто сумленна і шчыра адпрацаваў на карысць людзей і радзімы. Няхай так будзе яшчэ доўга-доўга.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.