Деревня Боровые Докшицкого района повторила судьбу Хатыни
Журналісцкае расследаванне
Лясная вёска Баравыя Докшыцкага раёна была знішчана карнікамі ў Вялікую Айчынную вайну. Знаходзілася яна за некалькі кіламетраў ад Камайска і Рашкаўкі. Дакладны час трагедыі не ўстаноўлены, колькасць загубленых жыхароў – таксама. Карэспандэнт “Родных вытокаў” пабывала на месцы былога паселішча ў суправаджэнні загадчыцы філіяла Бягомльскага музея народнай славы “Мемарыяльны комплекс “Шунеўка” Ірыны Грыгаровіч.
Рэшткі вёскі
Рэдакцыйная “Ніва” спыняецца паблізу Шунеўкі. Далей – пехам. Пятляць па лясных дарогах не рызыкнулі, таму рухаемся з Ірынай Аляксандраўнай праз гушчар і сцяжынкамі па навігатары. Візуальныя арыенціры – высокія старыя ліпы, яблыні і вярба, нахіленая над сажалкай. Дабраліся толькі праз гадзіны паўтары, бо сучасная навігацыя прымусіла зрабіць не адзін крук.
І вось яна, вёска Баравыя. Яе абрысы добра ўгадваюцца. Цяпер гэта ўзгорачкі з каменнем ад падмуркаў, глыбокія ямы каля іх (мусіць, рэшткі скляпоў) і пладовыя дрэвы. Наўрад ці гэта тыя самыя яблыні, пасаджаныя гаспадарамі сядзіб, хутчэй за ўсё, пусціліся яны з аджылкаў ці прараслі з семечак, але выглядаюць ўнушальна – шматствольныя, з замшэлым голлем. Яблыкі не буйныя, але смачныя – антонаўкі, штрыфель. Мы страсаем плады з галін, бо на зямлі ўсе падабраны дзікімі жывёламі – іх капытамі стаптана ўся тэрыторыя Баравых. На адну з яблыневых галінак нехта павесіў падкову – сагнутую і саржавелую, як быццам на шчасце, якога не было ў гэтых краях. Пэўна, які грыбнік тут яе і знайшоў.
Найбольш прываблівае погляд невялічкі пруд, там-сям зацягнуты цінай і часткова зарослы травою. Летам, расказала Ірына, над ім нізка гайдаюцца вярбовыя галінкі – вачэй не адарваць.
Побач з вадой узняліся бярозкі і іншыя дрэвы. На адным з іх звітае гняздзечка. Жыццё працягваецца. Як горка, што без людзей! Без нашчадкаў карэнных жыхароў. Апусцелая вёска заўсёды выклікае журботу, а зруйнаваная – жах.
Ісціна
З ведамасцей аб сельсаветах Бягомльскага раёна, складзеных не пазней 1 верасня 1924 года, вядома, што ў вёсцы Баравыя Вітуніцкага сельсавета налічвалася на той час 22 гаспадаркі і 96 жыхароў. Толькі такую мізэрную інфармацыю змяшчае пра гэты населены пункт кніга “Памяць. Докшыцкі раён”.
У гэтым годзе падчас расследавання крымінальнай справы, узбуджанай Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, пракуратура Докшыцкага раёна ўстанавіла, што вёска Баравыя была на самай справе знішчана ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі.
Дырэктар Бягомльскага музея Вольга Таляронак разам з калегамі правяла апытанне адзінага на дадзены момант сведкі – Ягора Козела 1924 года нараджэння з Камайска. Ён пацвердзіў, што вёску Баравыя спалілі ў вайну разам з людзьмі. Але не ў адзін дзень з Шунеўкай, – паміж карнымі аперацыямі прайшоў пэўны час. Таксама ўказаў, што астанкі людзей пахаваны там жа.
Музейныя работнікі апыталі сёлета і іншых жыхароў старэйшага пакалення навакольных вёсак. Ніхто з іх не бачыў наступстваў расправы і не можа прывесці доказы таго, што вёска была спалена. У пасляваенныя гады жыхары Камайска і Рашкаўкі касілі там траву і пасвілі жывёлу.
Повязь
Былая загадчыца Бягомльскага музея Ала Каралевіч, якая адпрацавала ва ўстанове шмат гадоў, расказала, што вёска Баравыя знаходзілася ў складзе БССР на памежнай тэрыторыі з Заходняй Беларуссю, таму, па некаторых звестках, да ўз’яднання дзвюх частак краіны, а гэта значыць да верасня 1939 года, жыхароў перасялілі (невядома, калі канкрэтна і ў якой колькасці) у Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці і ў іншыя месцы. Яе сваякі Галіцкія, напрыклад, выехалі аж за Урал.
Мы пагаварылі таксама з жыхарамі раёна, якія так ці інакш звязаны з Баравымі.
Ніна Аксенчык, 1938 г. нар.,
г. Докшыцы, ураджэнка в. Камайск:
– Канечне, Баравыя былі спалены! Мама расказвала, што дзяцей пакідалі ў калодзеж, а дарослых сагналі ў пуню і падпалілі. Дзеці пішчалі так, што было чуваць у Камайску і Рашкаўцы! Адной з жанчын удалося выпаўзці і ўцалець, дык потым яна яшчэ доўга, быццам звар’яцеўшы, брала ў рукі сякеру і казала, што пойдзе ў Баравыя будаваць новую хату… Я неаднойчы была ў Баравых – там жа самыя грыбы і ягады! Бачыла курганкі на месцах хат, слівы, яблыні, кусты шыпшыны. Прыгожае месца. І такі бязлітасны лёс!
Галіна Пруднік, 1954 г. нар.,
в. Асінавік, ураджэнка в. Дабрунь:
– У дзяцінстве не ведала, што гэтую вёску спалілі, але бывала там часта – пасвіла калгасных авечак. Гэта быў пачатак 60-х гадоў. Бачыла падмурак на ўзгорку недалёка ад сажалкі. Кожны, хто бываў у тых мясцінах, захапляўся хараством прыроды. Дадому мы неслі адтуль букеты з кветак шыпшыны.
Аляксандр Сялюк, 1956 г. нар.,
в. Вітунічы:
– У Баравых жылі мае дзядуля з бабуляй па татавай лініі. Дзядуля Васіль быў старшынёй мясцовага калгаса. У 1936 годзе, калі яго не стала, якраз ішло перасяленне вяскоўцаў у Шклоўскі раён. Маёй бабулі Анастасіі ўдалося пазбегнуць чужыны і перабрацца ў вёску Глінішча, дзе жыла яе сястра, гэта непадалёку ад Дубраўкі. Там я і нарадзіўся. Пазней, калі мне было восем гадоў, тую хату перавезлі ў Вітунічы.
Бацька расказваў, што насельніцтву ў Баравых не дазвалялася замыкаць дзверы, таму што вёска знаходзілася на памежжы і была на пільным кантролі пагранічнікаў. Не чуў, што Баравыя спалілі немцы.
P.S. Перад нашчадкамі пераможцаў і ахвяр вайны стаіць глабальная задача ўстанавіць і захаваць гістарычную справядлівасць. Нагадаем, што ў дадзены час у краіне праходзіць акцыя “Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!”, якая і накіравана на ўвекавечанне памяці подзвігу беларускага народа. Пра яе ход можна даведацца на сайце Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.
Падкова на шчасце, якога няма…