6:0 в пользу музыканта и поэта Александра Малюженца из города Докшицы

photo_На гэтым тыдні музыканту, спеваку, паэту, аўтару слоў і музыкі некалькіх дзясяткаў песень, кіраўніку гурта “ХХ век”, вядучаму свят і мерапрыемстваў, фотамайстру Аляксандру Малюжанцу споўнілася шэсцьдзясят. Мы сустрэліся напярэдадні такой значнай даты на яго рабочым месцы, у фотастудыі “Дыліжанс”, каб… не, не падвесці якіясьці вынікі, а проста пагутарыць пра адвечнае, пра дарагое яго сэрцу, пра тое, што з вышыні пражытага ацэньваецца як найважнейшае, пра тое, што яшчэ хацелася б здзейсніць.

 – Усе мы родам з дзяцінства. Якое яно было ў Вас і які падмурак заклала для далейшага жыцця?

– Якое было? Шчаслівае! Пазнаваць свет і кожны дзень адкрываць для сябе новае – хіба ж гэта не шчасце? Любоў да прыроды – з дзяцінства. Для мяне не існуе дрэннага надвор’я, ва ўсіх яго праявах бачу хараство. Пачынаю згадваць свае юныя гады ў родных Таргунах – і разумею, што мыслю своеасаблівымі карцінкамі. Вось дзіцячы садок. Сонца б’е ў вокны, а вакол мяне столькі ўсяго яркага, цікавага, прыгожага, неспазнанага – дух захоплівае. А першая парта ў школе! Бачу яе колер, чую скрып вечка, пах свежай фарбы. А з якім замілаваннем глядзеў на схіленую над сшыткам акуратную дзявочую галоўку з дзвюма коскамі – гэта было маё першае каханне, дзіцячае, у трэцім класе. Хадзіць хвастом за татам і дапамагаць яму рамантаваць тэхніку, шчапаць дровы таксама было шчасцем.

А самы яркі момант памятаю як сёння. Сяджу гэта я, пяцігадовы, на лаўцы, назіраю, як у кусце язміну маленькая шэрая птушачка ладзіць гняздо. А тут да мяне падыходзіць любімая бабуля Зося, і ў руках у яе нейкі чамадан. Кладзе яго на лаўку, адкрывае, а там – акардэон! Я да яго клавіш і кнопак дакранаўся тады, як да святыні. Так вось мая бабулька ўбачыла ў ва мне, малечы, будучага музыку, не пашкадавала грошай на інструмент і не памылілася: захапленне музыкай з часам перасіліла нават маю цягу да тэхнікі. Вучыўся іграць сам, на слых, і ў музычную школу прыйшоў ужо вольна выконваючы вальсы і полькі.

photo_2022-12-20_10-15-53

Траецкі кірмаш у Таргунах.

– А далей?

– Музычнай школай і закончылася, бо па прафесіі я, як кажуць, тэхнар. Аднак менавіта музыка стала неад’емнай часткай жыцця і сфарміравала мяне як асобу. Тры акорды на гітары мне паказаў сусед Сяргей Гушчык, на той час студэнт-першакурснік, а пасля галоўны інжынер ААТ “Таргуны”. Далей развіваўся сам. Першае вяселле сыграў яшчэ будучы васьмікласнікам – у Дзям’яна і Ліліі Варанковічаў, а пасля, дарэчы, і ўсім тром іх сынам. Вяселляў тых у маёй “практыцы” не злічыць, як і юбілеяў, хрэсьбін і іншых свят. Люблю “тамадзіць”, весяліць людзей. Калі віноўнікі свят знаёмыя, пішу для іх вершы і песні-прысвячэнні. Сваю ж першую песню напісаў у першым класе. Там былі такія радкі: На неабсяжнай зямлі беларускай/ Я нарадзіўся і вырас тут./ Беларусь мая, Беларусь мая,/ Мой мілы і родны мой кут. Песня “Докшыцы”, якую я практычна ў першапачатковым варыянце, як памяць пра тыя часы і сябе, юнага, уключыў у свой аўтарскі зборнік “Как приеду в Докшицы”, была напісана крыху пазней. На сённяшні дзень назбіралася песень на яшчэ адзін альбом, толькі вось ніяк не збяруся давесці ўсё да ладу і заняцца яго выпускам. Прыемна, што маёй творчасцю зацікавіліся салісты арт-групы “Беларусы” і спявак Аляксандр Саладуха. У хуткім часе маюся паслаць “Беларусам” некалькі песень, можа, і возьмуць што ў свой рэпертуар.

– Як нараджаюцца вершы, мне знаёма, а як нараджаецца музыка і песня ў цэлым?

– Як і верш, ад уражання, ад стану душы, ад перажытага, што пакінула значны след у душы. Па-рознаму. Бывае, што спачатку паяўляецца мелодыя, і шукаеш у сваёй душы для яе адпаведныя словы. Бывае адначасова. Верш можа нарадзіцца і першым, гучаць і гучаць у тваёй галаве, покуль не пакладзецца на музыку. Часам сходу атрымліваецца, як “Волагда” ў “Песняроў”, а часам доўга шліфуеш, працуеш над кожным словам, кожнай нотай…

– Аляксандр Уладзіміравіч, што для вас святое і ці мяняліся з гадамі гэтыя паняцці?

– Святое набываеш вось тут (паказвае на сэрца). Гэта глабальныя паняцці, такія, як радзіма, бацькі, сям’я, чалавечнасць, гонар, справа. А яны ўжо ўключаюць у сябе многія, скажам так, складнікі. Паняцці гэта нязменныя, біблейскія, на іх ніяк не ўплываюць ні абставіны, ні часы, то-бок ці жывеш ты зараз, ці жыў тысячу гадоў таму. Іншая справа, што, каб асэнсаваць іх, патрэбна прайсці пэўны шлях. Ёсць час раскідваць каменне і збіраць яго. І, чым больш раскідаў у маладыя гады, тым цяжэй сабраць у сталыя. Пра гэта ўвесь час кажу сваім дзецям. Увогуле мне ўяўляецца, што тут, на зямлі, мы праходзім іспыты, каб пасля з духоўным, а не матэрыяльным набыткам накіравацца, на жаль, у невядомае, але з больш высокай місіяй. А калі на ўяўных шалях дрэннае перацягвае добрае… не ведаю. Ведаю толькі, што мудрасць чалавеку даецца, каб зразумець, дзе памыляўся, дзе да святога адносіўся неадпаведна, і па магчымасці выправіць свае хібы і падказаць іншым, каб не рабілі іх.

– Уласных сыноў атрымліваецца засцерагчы ад памылак?

– Старэйшага, Максіма, бадай што, так. Вобразна кажучы, папярэдзіш яго: вунь там ляжаць граблі, глядзі не наступі – і ён абыдзе іх. А вось Ігар яшчэ і спецыяльна наступіць, каб праверыць, ці сапраўды не варта было гэта рабіць. Што ж, усе мы розныя, і жыццёвы вопыт набываецца па-рознаму.

– Вы чалавек-накапляльнік ці з узростам, наадварот, пазбаўляецеся ад усяго лішняга?

– Складанае пытанне. Безумоўна, стараюся накапіць у сваёй душы, у сваіх творах, сям’і ўсё тое, што лічыцца святым. З другога боку, у маладосці мы як губкі: часта ўсмоктваем у сябе ўсё без разбору. З гадамі штосьці знікае само па сабе, ды і ты ўжо не губка, а фільтр. І пазбаўляешся, вядома, ад чагосьці. Бывае, што і ад кагосьці – сэ ля ві.

– Выраз “Мужчына павінен пабудаваць дом, пасадзіць дрэва, нарадзіць сына” лічыце правільным?

– Так, але ў яго шырокім разуменні, бо ў тым доме, як на душы, павінна яшчэ быць цёпла, утульна, спакойна, і каб ніхто з “бруднымі нагамі” туды не сунуўся. Гэта таксама клопат мужчыны, а не толькі жанчыны. І пасадзіць дрэва мала – трэба даглядаць яго. І дзяцей яшчэ трэба выхаваць. А яшчэ мужчына – гэта муж і чын. Чын не ў сэнсе пасады, а ў сэнсе справы, майстэрства. Цяжка дацягнуцца да высокіх ацэнак па ўсіх гэтых пунктах, але ж імкнуся дацягвацца, і з гадамі ўсё больш.

– Вашы блізкія людзі – хто яны?

– Мая сям’я. Жонка Валянціна Паўлаўна, настаўніца. З ёй мы разам доўгія гады ў радасці і горы. Люблю яе, ганаруся ёю, дзякую Богу за яе. Сыны – мой працяг, мая самая цудоўная песня. Унучак – найвялікшая ўцеха і пацеха. Сябры, сярод якіх самы блізкі Сяргей Гамановіч. Сугучнасць нашых галасоў дапаўняецца сугучнасцю душ. Мае землякі – шмат добрага магу сказаць пра іх і радуюся, калі мне адказваюць узаемнасцю. Увогуле люблю людзей.

Аляксандр Малюжанец з сям'ёй.

Аляксандр Малюжанец з сям’ёй.

– Што Вам дапамагае не здавацца ўзросту?

– Цікавасць да жыцця, да ўсяго, што адбываецца навокал. Шырокае кола захапленняў – тут і падарожжы, і камп’ютар, і прырода, і тэхніка… Я фізік і лірык “у адным флаконе”. Што ж яшчэ? Пачуццё гумару. Зноў-такі мая сям’я. Мае карані. Адсутнасць боязі спрабаваць новае. Добрыя навіны. Добрыя людзі. Проста пагодныя дні.

– Сфармулюйце, калі ласка, коратка: я люблю…, я не люблю…

– Я люблю сваю работу, прыносіць радасць людзям, вострыя стравы – лёгка з’ядаю стручок перцу чылі. Анекдоты. Добрыя кампаніі. Свой дом.

Не люблю непунктуальнасць, дробязнасць. Калі ўсё мераецца грашыма. Калі хваляць – адчуваю сябе вельмі няёмка. Праграваць зімой машыну. Апранаць шмат адзення.

– Калі б вы займелі магчымасць пры дапамозе чароўнай палачкі змяніць нешта адно ў свеце, то…

– … зрабіў бы, каб усе людзі зразумелі: улада і багацце не павінны станавіцца асноўнай мэтай у жыцці. Думаю, тады спыніліся б войны, паменела забойстваў, не было б подласці, хцівасці, зайздрасці. І шчаслівейшых людзей стала б нашмат больш.

– Вы задаволены сваім жыццём, сваім лёсам?

– Так. Думаю, што ў барацьбе за шчасце я перамагаю з лікам 6:0. Тэрмін, што мне застаўся, мару пражыць так, каб быць прыкладам для дзяцей, іншых людзей, быць з усімі ў згодзе і станавіцца лепшым, чысцейшым душой.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *