«Дрозды» дали огня в Докшицах

img_0743Вестка пра тое, што беларускі гурт “Дразды” ў межах гастрольнага тура выступіць у Крулеўшчыне і райцэнтры, разнеслася па сацыяльных сетках з хуткасцю, на якую здольны толькі выдатныя навіны. Білеты разляталіся не горш за духмянае печыва на кірмашы. Яно і не дзіўна: як жа прамінуць магчымасць паслухаць хіт “Не прадаецца хата бацькоў”, які за зусім невялікі час існавання літаральна пераламаў стаўленне да роднага краю ў сэрцах многіх беларусаў і прымусіў прыгадаць пра дарагія мясціны і культурны код? Дарэчы, пра тое, што любіць і ганарыцца сваім – гэта не сорамна, а годна, праз трапныя гумарныя і іранічныя падводкі да песень на кожным выступленні даносіць да слухачоў саліст гурта Віталь Карпанаў, з якім мы пагутарылі ў грымёрцы ККЗ “Іскра”перад канцэртам.

img_0722

– Вітаем у Докшыцах. І з месца ў кар’ер: а дзе ваша хата бацькоў, куды ваша душа заўсёды імкнецца?

– Нарадзіўся я на Віцебшчыне, у вёсцы Дзяцель Дубровенскага раёна. Калі мне было пяць гадоў, сям’я пераехала на Валожыншчыну, у вёску Сівіца. Лічыце, гэта мая адпраўная кропка, маё месца сілы, мая аддушына. Тата – аграном. Быў намеснікам і старшынёй калгаса, мама працавала на пошце. Вясковае дзяцінства як у большасці аднагодкаў: раніцой – басанож па роснай траве, на стале – сырадой, бліны, яечня. Галоўная мара – матацыкл… Ну а потым першы магнітафон, музычная школа, першы школьны гурт, першы канцэрт у Івянецкім доме культуры, Маладзечанскае музвучылішча, Акадэмія музыкі. Там ужо і нарадзіліся нашы “Дразды”.

– Гурт з’явіўся ў 2005 годзе, паспяхова развіваўся, аднак нават у 2018-м у інтэрв’ю аднаму з выданняў вы казалі, што галоўнай песні яшчэ не стварылі…

– Так. І гэта тэма – асноўная для кожнага музыканта. Мы спрабавалі сябе ў розных жанрах. Штосьці выстрэльвала адразу, штосьці прамаруджвала… Памятаю, як бацька, якога не стала амаль чатыры гады таму, казаў: усё самі і самі, вам бы аўтара якога. Увесь час пра гэта думаў, нават вырашыў: калі не вызначуся з кірункам да сваіх сарака гадоў, напэўна, кіну гэту справу. І ў гэты пераломны, складаны для кожнага мужчыны ўзрост да мяне нарэшце прыйшоў хіт. Безумоўна, калі я напісаў словы і музыку песні “Не прадаецца хата бацькоў”, адчуў, што гэта кампазіцыя зачэпіць кожнага. Бо ўсе мы адтуль – з вясковай бацькавай хаты, і толькі пражыўшы колькі часу разуеем, што, патрапіўшы нават у самы вялікі горад, не трэба саромецца сваёй “вясковасці”: вымаўлення, звычак. Зусім наадварот. Канешне, песня не загучала з усіх кропак на наступны дзень, аднак дзесьці за год яна палюбілася людзям.

– У мінулую суботу “Дразды” спявалі ў Крулеўшчыне, у нядзелю ў Жабінцы, у панядзелак у Докшыцах, 14 лютага плануеце прыехаць у Бягомль. Як рызыкнулі на такі вялікі тур?

– Пачалі мы восенню з маёй малой радзімы. Каб вы ведалі, які гэта быў іспыт – выступаць перад землякамі, дзе ты не артыст з тэлевізара ці кліпа на Ютубе, а свой хлопец! Дзе ведаюць тваіх бацькоў і ставяцца часам з насцярожанасцю, маўляў, пакажы, што можаш. Дык вось, думаю, колькі б чалавек ні сабралася, хай сабе і менш за дзясятак, усё адно выступім. Справа гонару… А людзі прыйшлі. Поўная зала. І першы раз, і другі, і яшчэ, спадзяюся, будзе канцэрт. І тады я зразумеў, што слухачу хочацца нашых беларускіх песень, душэўнасці, хочацца, каб прыехалі звычайныя свойскія хлопцы, якія разумеюць іх жыццё… А што тычыцца рэпертуару, то, як і раіў тата, аўтара свайго мы ўсё ж знайшлі. І гэта беларускі паэт, журналіст, перакладчык, аўтар слоў многіх хітоў “Песняроў”, “Сяброў”, “Верасоў”, “Бяседы”, папулярных беларускіх і расійскіх выканаўцаў – Леанід Пранчак. Наша сумесная творчасць – гэта “Сланечнік”, “Бацькава булка” (“Водар Айчыны”), “Вярба”, “Мама”, “Раз, два, тры, чатыры, пяць”, “Беларуская мова” і іншыя песні. Канешне, немалую ролю іграе і аранжыроўка, каб з тэксту і музыкі склаўся сапраўдны твор, які загучыць.

– А яны і сапраўды гучаць. Многія песні падпяваюць і мае трохгадовыя сын з дачкой, і старэйшая – падлетак. Ды і моладзі на вашых канцэртах багата…

– А мае двое сыноў, аднаму таксама тры, другому дзевяць – пакуль у рэжыме цішыні дома. Гэта гумар. На самай справе, так. Гэта неверагодная радасць, калі пасля канцэрта зрабіць фота падыходзяць і людзі ўзросту маіх бацькоў, і нашы аднагодкі, і моладзь. Ведаю, што нават настаўнікі беларускай мовы ўключаюць “Драздоў” на занятках, каб паказаць дзецям, што беларуская мова можа быць у музычным трэндзе.

– Жадаем вам найдаўжэй заставацца на хвалі народнай любові і чакаем у Докшыцах зноў.

img_0746 img_0762img_0779 img_0773img_0781

Наталля СТАШЭВІЧ.

Фота Аляксандра Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *