Туристический маршрут «Докшицкий венок» возобновили в ФСК «Урожай»

Спаса-Праабражэнская царква і касцёл Маці Божай Каралевы ў агр. Порплішча.

Спаса-Праабражэнская царква і касцёл Маці Божай Каралевы ў агр. Порплішча.

Докшыччына – цікавае з пункту гледжання археалогіі і гісторыі месца. Пазнаёміцца з адметнасцямі нашага краю, легендамі і паданнямі можна як самастойна, так і скарыстаўшыся мясцовымі турыстычнымі маршрутамі. Адзін з іх – “Докшыцкі вянок” – аднавілі сёлета ў ФСК “Ураджай”. Экскурсію праводзіць настаўніца Ірына Сабалеўская, якая сёлета прайшла атэстацыю на экскурсавода.

Знаёмства з Докшыцкім краем пачынаецца ў райцэнтры з наведвання храмаў праваслаўнай і каталіцкай канфесій. Дарэчы, сёлета Свята-Пакроўская царква, пабудаваная ў 1903 годзе з бутавага каменю і цэглы на месцы ўніяцкага храма, святкуе 120-гадовы юбілей. Цікава, што з пачатку ХХ стагоддзя і да сённяшняга часу храм заўсёды дзейнічаў, нават у Вялікую Айчынную вайну. Хаця ў першыя яе месяцы немцы трымалі там ваеннапалонных. Але настаяцель Мікалай Пляшчынскі разам з вернікамі адстаяў царкву. Яшчэ адна славутасць горада – касцёл Святой Тройцы, пабудаваны на пачатку 90-х гадоў на пагорку вуліцы Пушкіна, на месцы ўніяцкіх могілак.

Наступная кропка маршруту – агр. Параф’янава, па дарозе да якога абавязковы прыпынак ля помніка, узведзенага на месцы спаленай падчас Вялікай Айчыннай вайны вёскі Азарцы. Яшчэ адзін напамін пра тую страшную вайну – брацкая магіла 55 савецкіх воінаў і партызан у скверы, непадалёку ад чыгуначнага вакзала.

Параф’янава лічыцца адным з самых старажытных паселішчаў нашага раёна. Галоўная славутасць мястэчка – касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, драўляныя сцены якога былі ўзведзены ў далёкім 1630 годзе. Пасля гэтага будынак разбураўся і аднаўляўся зноў. У 1908 годзе на месцы драўлянага касцёла на ахвяраванні мясцовых жыхароў пачалося ўзвядзенне новага, белыя сцены якога і сёння велічна ўзвышаюцца тут. У 1956 годзе храм быў закрыты і прыстасаваны пад склад. Каталіцкай абшчыне ён быў вернуты ў 1989 годзе. Дарэчы, касцёл уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ўяўляе сабою сапраўдны шэдэўр беларускай архітэктуры.

Наступны прыпынак – Свята-Георгіеўская царква ў вёсцы Сітцы, якая пабудавана мясцовымі майстрамі ў 1913 годзе таксама на месцы драўлянай. У храме знаходзіцца ікона Багародзіцы, якая лічыцца цудадзейнай. Штогод 1 жніўня Вялікія Сітцы з асаблівай павагай ушаноўваюць прападобнага Серафіма Сароўскага, Цудатворца.Сітцаўская царква мае архіў і бібліятэку, якое налічвае 280 тамоў кніг.

Да цяперашняга часу захоўвае свае таямніцы старажытны сітцаўскі парк з 500-гадовым дубам і брамай ХVIIІ стагоддзя. У 1798 годзе сядзіба, заснаваная прадстаўнікамі роду Бжастоўскіх, перайшла да роду Дамейкаў. Некалі яна славілася адметным вінаграднікам. А яшчэ да дома была прыбудавана вялікая аранжарэя, што ацяплялася зімой. Якія толькі экзатычныя расліны не вырошчваліся тут: пальмы, эўкаліпты, апельсіны, лімоны!

Пасля Другой сусветнай вайны ад колішняга багацця амаль нічога не засталося. Сёння замест палаца, як маўклівыя сведкі, узвышаюцца чатыры калоны. Побач – 500-гадовы дуб-волат. Кажуць, калі дакрануцца да яго і загадаць самае запаветнае жаданне, то яно абавязкова спраўдзіцца.

Паркавай таямніцай называюць і падземны ход даўжынёй каля чатырох кіламетраў, які злучаў маёнтак і астравок на балоце каля фальварка Ямнае. Гэта месца падчас небяспекі служыла схованкай.

Галоўная славутасць агр. Порплішча – самая старажытная на тэрыторыі нашага раёна Спаса-Праабражэнская царква, якая з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства. Цікава, што першы будынак царквы быў пабудаваны на драўляных цвіках. Мясцовыя жыхары называюць храм “пізанскай вежай”, бо за гады існавання будынак прасеў, а таму барабан і купал царквы крыху нахіліліся.

Праз дарогу ад царквы – драўляны касцёл Маці Божай Каралевы, які знешнім выглядам вельмі падобны на суседку-царкву.

Падчас экскурсіі можна даведацца не толькі пра тыя славутасці, якія ўваходзяць у маршрут “Докшыцкага вянка”, а і ўвогуле пачуць шмат цікавага пра нашу малую радзіму. Замовіць паслугу і атрымаць дадатковую інфармацыю можна па нумары 5-07-18.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *