Пасхальные пряники печет Валентина Василевич из Нестеровщины

img_7939

Фельчар Тумілавіцкага ФАПа Валянціна Васілевіч на варце аховы здароўя вяскоўцаў самааддана працуе больш за 35 гадоў, чым заслужыла павагу землякоў… Так бы напісалі ў афіцыйнай характарыстыцы медыка ў кадравай службе, і безумоўна, мелі б рацыю. Аднак слоў гэта шчырая, абаяльная жанчына заслугоўвае зусім іншых. Такіх жа, як сама, светлых, цёплых, душэўных і непадробных.

За гады работы з людзьмі спагадлівы фельчар, выдатны спецыяліст-практык ад лёгкага “наша Валечка” дарасла да важкага “Аркадзьеўна”. Па прыкладзе матулі зрабіла і дачушка Маша, якая трэці год працуе фельчарам на хуткай дапамозе ў Бягомлі і, мяркуючы па водгуках пацыентаў, вырасце ў такога ж спагадлівага і шчырага спецыяліста. Валянціна Аркадзьеўна клапоціцца не толькі пра цялеснае здароўе землякоў, але і пра духоўнае. Пакуль размаўляем у акуратным дворыку яе дагледжанай бацькоўскай хаты ў Несцераўшчыне, гутарку раз-пораз перарываюць тэлефонныя званкі. Жанчына хуценька дыктуе адрасы і прозвішчы, а потым тлумачыць:

– Перад Вялікаднем многія жыхары невялікіх вёсак нашага сельсавета хочуць прычасціцца. Не ўсе могуць даехаць да храма. Вось бацюшка іх і наведвае, а я, – усміхаецца, – што называецца, каардыную маршрут. Сама да храма прыйшла невыпадкова, а з цягам часу благаславілі нават быць пеўчай. І скажу вам, што з Богам у сэрцы намнога лягчэй, чым без спасцігання гэтай ісціны. Гэта не толькі мая выснова – так сцвярджаюць многія, з кім даводзілася сустракацца за жыццё.

Праца, гаспадарка, царкоўна-грамадская работа – здаецца, гераіня артыкула загружана напоўніцу. Аднак ёсць у яе сутках некалькі гадзін і для яшчэ аднаго выдатнага занятка – кандытарскай справы.

– Некалькі гадоў таму да гэтага мяне падштурхнуў сын. Маўляў, матуля, ты заўжды штосьці выпякаеш, час займацца справай па-сучаснаму. Ну я паслухалася… і набыла ў Інтэрнэце майстар-клас па вырабе тортаў. Прыбягала з работы, упраўлялася і прыступала да вывучэння працэсу стварэння смакаты. Кожны тыдзень трэба было дэманстраваць, чаму навучыўся: выпякаць і дасылаць фота сваёй работы. Пакрысе кухонныя шафы напаўняліся ўсё новымі і новымі спецыямі, фарбамі, пэндзлямі, насадкамі, формамі і ўсёй той дробяззю, якая вельмі неабходная пры стварэнні чарговага салодкага шэдэўра.

Асвоіўшы гэту справу, Валянціна Аркадзьеўна вырашыла, што да Новага года дамашніх трэба парадаваць размаляванымі пернікамі, і зноў пачала вучыцца. Зараз, дарэчы, гэта асноўны кірунак яе кандытарскай дзейнасці: велікодныя яйкі на падстаўках, зайчыкі, мішкі, пеўнікі, матрошкі ў хахламскім роспісе, сэрцайкі і фігуркі закаханых, а яшчэ наборы інструментаў і цацак, елачкі і ўпрыгажэнні для іх, домікі – усяго не пералічыш. Многія з начынкай з клубнічнага мармеладу, які гаспадыня таксама гатуе сама. Дарэчы, работы кандытара з Несцераўшчыны можна знайсці на яе старонцы ў сацыяльных сетках. Паверце, там ёсць чаму падзівіцца. З нядаўняга часу Валянціна Аркадзьеўна засвойвае сакрэты прыгатавання яшчэ адной салодкасці – зефіру. І ўжо, сцвярджае, метадам спроб і памылак вынайшла той самы ўдалы рэцэпт, калі выходзіць і смачна, і прыгожа адначасова. Падаецца, справа тут не толькі ў выверанай тэхналогіі: да таго, чым займаецца, яна дадае і шчырую малітву. А з такой дапамогай усё на лад пойдзе.

Наталля СТАШЭВІЧ.

Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Один комментарий для “Пасхальные пряники печет Валентина Василевич из Нестеровщины

  • 02.05.2023 в 3:32 пп
    Permalink

    Большое спасибо за предоставленную информацию

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *