В Докшицком районе ведутся работы по кормозаготовке
Калі заходзіць размова пра нарыхтоўку кармоў, цяжка ўздыхаюць і галоўныя аграномы сельгаспрадпрыемстваў, і заатэхнікі, і механізатары: засуха, якой, калі верыць сіноптыкам, у нашых краях не было амаль сем дзесяцігоддзяў, не тое што затрымала рост траў – месцамі літаральна спустошыла, выпаліла да жаўцізны палеткі. Першага, самага значнага ўкосу траў, можна сказаць, няма, і пытанне забеспячэння буйной рагатай жывёлы кармамі на зімова-стойлавы перыяд стаіць востра. Тым больш што пра далейшыя планы нябеснай канцылярыі наконт дажджоў ведаць нікому не дадзена. У ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” у чаканні выратавальнай вільгаці не сядзяць без справы – косяць азімае жыта на велізарным, больш за сотню гектараў, полі ва ўрочышчы “Ракаўшчына” і закладваюць зялёную масу ў траншэі каля фермы “Баяры”.
Падчас нашага прыезду заспелі за работай вопытнага, перадавога механізатара гаспадаркі Яўгена Машко, які рупіўся ў зялёных хвалях збажыны на КВК, і маладога Максіма Міндукшова, што за некалькі гадоў работы ў сельгасарганізацыі таксама паспеў заслужыць сабе аўтарытэт адказнага, працавітага, невыпадковага ў прафесіі чалавека, на адвозцы кармоў на трактары МТЗ-3022 з прычэпам ПС-45 – дзесяць тон за адзін рэйс. Упершыню ўбачылі прымацаваную да КВК 200-літровую бочку з вадкім кансервантам, які падаецца ў зялёную масу ў працэсе яе здрабнення. Такім чынам палягчаецца і паскараецца закладка кармоў непасрэдна ў траншэі, дзе шчыруе на “Амкадоры” механізатар Сяргей Каляга.
– Вельмі спадзяёмся, пэўна, як усе, хто працуе ў сельскай гаспадарцы, ды і ўсе жыхары нашага раёна, на змену засушлівага надвор’я, не можам не перажываць за будучы ўраджай, за тое, як накарміць жывёлу зімой, – гаворыць Яўген Машко. – Увогуле ж працаваць у неспрыяльных умовах нам не прывыкаць – абы толькі вынік тых намаганняў быў дастойны.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.