Активистке, спортсменке и просто красавице Анне Савицкой из Докшиц покорились точные науки
«Адкрыццё года» — менавіта ў такой намінацыі дакшычанку Ганну Савіцкую адзначылі сёлета на форуме таленавітай моладзі. Малады спецыяліст, які працуе намеснікам начальніка ўпраўлення ўліку ў Докшыцкім філіяле аблспажыўтаварыства, заззяла яркай зорачкай пасля ўдзелу ў раённым конкурсе прыгажосці “Міс Докшыцы – 2023”.
Уявіце сабе, як пасля пералічэння шматлікіх дасягненняў, такіх як дыпламант Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, магістр Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі, член Рэспубліканскага банка адоранай моладзі, на сцэну выйшла сціплая дзяўчына з чароўнымі ямачкамі на шчочках і на цымбалах феерычна выканала сучасны хіт. Гэты нумар палюбіўся гледачам, як і сама выканаўца, якая была адзначана журы як “Міс артыстычнасць”. Ганну сталі запрашаць і далей удзельнічаць у канцэртных праграмах. І не толькі.
– Не скажу, што надта медыйная асоба, – усміхаецца падчас сустрэчы Ганна, – хаця была аратарам – выступала з навуковымі дакладамі падчас вучобы ў Маладзечанскім гандлёва-эканамічным каледжы. У ім вучыліся і мае бабуля з мамай. Склалася сямейная дынастыя, пра якую мяне пастаянна прасілі расказаць. І я з задавальненнем гэта рабіла. Магчыма, з генамі і перадалася любоў да дакладных навук. Увогуле, пасля дзявятага класа думала стаць інжынерам (дзядуля і бацька Ганны – спецыялісты РЭСа – Аўт.). Але пасля пераходу ў клас з матэматычным ухілам, у якім матэматыку выкладаў Сяргей Камінскі, канчаткова спынілася на прафесіях эканаміста і бухгалтара. Дарэчы, малодшая сястра Уладзіслава таксама бухгалтар. Мы разам і ў конкурсе прыгажосці ўдзельнічалі. Брат Аляксей скончыў першы клас. Ці стане ён матэматыкам, пакажа час. Пакуль што ён наведвае музычную школу – вучыцца іграць на баяне.
Па жыцці Ганна аптыміст. Верыць у лепшае і стараецца ўсіх навакольных у гэтым пераканаць. На ўсё глядзіць з пазітывам і гаворыць: усё, што ні робіцца, – да лепшага. Прытрымліваецца актыўнага ладу жыцця. За калектыў філіяла аблспажыўтаварыства і ў Дні фізкультурніка спаборнічала, і ў велаквесце ўдзельнічала.
Любая спроба, нават не зусім удалая, – гэта вопыт, які дае правільныя арыенціры і мудрасць для дасягнення лепшых вынікаў, упэўнена суразмоўца. І з гэтым нельга не пагадзіцца.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.