Главный секрет повара из Докшиц — готовить с душой

3

Галоўны сакрэт кухара – гатаваць з душой. Пазітыў і энергетыка, бясспрэчна, уплываюць на смак стравы. У гэтым упэўнена Таццяна Сварцэвіч з Вілейшчыны, кухар чацвёртага разраду закусачнай “Шарм”. 

Упершыню ў ролі кухара Таццяна паспрабавала сябе ў васьмігадовым узросце, калі самастойна наварыла супу сваім дамашнім. А калі яе кулінарнае майстэрства ацанілі родныя, стала эксперыментаваць і з салодкай выпечкай.

– Марыла стаць кандытарам і збіралася паступаць у Маладзечна, – гаворыць Таццяна. – Але бацькі пабаяліся адпускаць мяне, 15-гадовага падлетка, пасля дзевяці класаў, як здавалася ім тады, далёка ад дома. Таму вучылася амаль на месцы – у Вілейскім прафтэхвучылішчы, толькі на звычайнага кухара, бо кандытараў у гэтай установе не рыхтавалі. Асвойвацца ў прафесіі пачала з 1995 года. Працавала ў розных аб’ектах грамадскага харчавання: кафэ “Блюз” і “Александрыя”, сталовай УП “Агракамбінат” “Ждановічы”, дзе кожны дзень неабходна было накарміць ажно паўтысячы чалавек.

Апошнія чатыры гады Таццяна разам з буфетчыцай Юліяй Бярозка і кухонным рабочым Галінай Роліч гатуе смачныя абеды і банкеты для наведвальнікаў закусачнай “Шарм”.

– Меню распрацоўваецца на два дні, а стравы гатуюцца па спецыяльным зборніку рэцэптаў, – адзначае кухар. – Напрыклад, сёння прапануем два віды супу – боршч халодны і з плаўленым сырком, гуляш з ялавічыны, тэфтэлі  са свініны з рысам, свініну, запечаную з цыбуляй і сырам, бульбяную кашу, а таксама тры найменні салаты. Кожны дзень у закусачнай харчуецца каля трыццаці чалавек, у асноўным, свае, мясцовыя жыхары, але нярэдка бываюць і тыя, хто знаходзіцца праездам у Докшыцах. Адзін з такіх гасцей аднойчы здзівіўся, калі плаціў за комплексны абед: маўляў, не можа ён так танна каштаваць.

Сапраўды, ці купіш, скажам, у сталічнай сталовай порцыю тэфтэляў за 2 рублі 40 капеек альбо духмяны суп з плаўленым сырком за 1, 9 рубля?

Для работы на кухні ёсць усё неабходнае абсталяванне, у першую чаргу, газавая пліта і канвектарная печ. Толькі, на жаль, днямі выйшаў са строю камбайн, з дапамогай якога два разы на тыдзень кухар гатавала адны з любімых страў наведвальнікаў – клёцкі і дранікі з мясам.

– Спадзяёмся, што хутка абсталяванне заменяць, бо людзі часта цікавяцца, ці ёсць у меню менавіта гэтыя стравы нацыянальнай кухні. Нам жа не хочацца іх засмучаць! – гаворыць кухар. – Адной з найлепшых узнагарод за працу лічу шчырае дзякуй ад кліентаў, якое не раз чула на кухні, нават за зачыненымі дзвярыма абедзеннай залы. Гэтыя два словы, паверце, дапамагаюць хутка зняць стомленасць пасля працоўнага дня і даюць новыя сілы рабіць сваю справу хутка, якасна, прафесійна.

Тэкст і фота Таццяны ПАДБЯРЭЗКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *