Первым комбайнером-тысячником в Докшицком районе стал Виктор Судник

dscn3926

Першым камбайнерам, на чыім рахунку сёлета тысячны намалот, стаў жыхар горада Докшыцы, механізатар ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Віктар Суднік.

Уборачная кампанія ў Віктара, дастойнага прадаўжальніка бацькоўскай справы (механізатар Аляксандр Суднік – неаднаразовы пераможца раённых і абласных спаборніцтваў, удзельнік абласных “Дажынак”, уладальнік звання “Чалавек года Віцебшчыны”), у гэтым годзе юбілейная – дзясятая. І юбілей малады і апантаны ў працы хлебароб, які ўжо па колькасці і значнасці ўзнагарод і званняў мала ў чым уступае Судніку-старэйшаму, можна сказаць, адзначыў чарговай перамогай. Спыняцца на ёй, няма сумненняў, не стане: наперадзе яшчэ значны фронт работ на жніве.

– У Докшыцах зараз вялікае ажыўленне: усе рыхтуюцца да Дня горада і фестывалю, а мне гэтага бачыць не прыходзіцца: раненька на працу, на змярканні дадому, – усміхаецца Віця, заўжды сціплы, стрыманы, абсалютна не “медыйны” чалавек. – Ці хацеў бы пабыць на свяце? Канешне. Спадзяюся, што змагу разам з жонкай і дачушкай Ульянай крыху адпачыць, перазагрузіцца, а то ўжо нават заплюшчыўшы вочы бачу перад сабой жытняе поле і жняярку камбайна.

Віншаванні Віктар прымаў, па добрай традыцыі, на рабочым месцы – на палетках сельгаспрадпрыемства. Дыплом пераможцы ад упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні ўручыла яго начальнік, першы намеснік старшыні райвыканкама Наталля Вараб’ёва, узнагароды ад Федэрацыі прафсаюзаў Рэспублікі Беларусь як фіналісту конкурсу на суісканне прэміі гэтай арганізацыі – старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Васюковіч. Ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама да віншаванняў далучылася галоўны спецыяліст Таццяна Гайчук. Першы сакратар РК ГА “БРСМ” Яўгенія Цяслёнак таксама павіншавала першага тысячніка і ўручыла яму дыплом і каштоўны падарунак, выказала цёплыя словы падзякі за самаадданую працу. Радасцю і гонарам было прасякнута эмацыянальнае віншаванне в.а. дырэктара ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Аляксандра Дзяконскага. “Так трымаць!” – чырвонай ніткай прагучала ва ўсіх выступленнях. Няма сумненняў: Суднік-малодшы трымаць будзе!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *