Заведующий детским садом № 4 г. Докшицы Наталья Бобровская — руководитель со стажем

img_9321

Наталля Баброўская – кіраўнік дашкольных устаноў амаль з 35-гадовым стажам. Яе, актыўную, адказную, творчую асобу, назначылі на кіруючую пасаду літаральна праз некалькі гадоў пасля атрымання дыплома Полацкага педвучылішча.

Пачынала маладым спецыялістам у Несцераўшчыне, дзе якраз адкрылася дашкольная ўстанова. Разам з калегамі ўздымала сад з нуля.

З 2013 года Наталля Яўгеньеўна – загадчык дзіцячага сада № 4 г. Докшыцы. А перад гэтым чвэрць века загадвала Параф’янаўскім дзіцячым садам. І менавіта тады валявы характар і дзелавую хватку Наталлі – якасці, уласцівыя добраму кіраўніку, – ацанілі ў аддзеле па адукацыі.

Калегі характарызуюць загадчыка як мэтанакіраванага менеджара, здольнага прымаць нестандартныя рашэнні, клапаціцца адначасова пра работу і людзей. Яна з’яўляецца кіраўніком рэсурснага цэнтра, які працуе на базе дзіцячага сада № 4, і абласнога творчага праекта па распрацоўцы гульнявых дапаможнікаў для дашкольнікаў.

У сваю чаргу Наталля Яўгеньеўна заўважае:

– Мая апора – мой калектыў. Толькі разам мы дасягаем поспехаў.

З кожным годам у садзе пашыраецца спектр адукацыйных паслуг – такім чынам задавальняюцца запыты бацькоў. Сад вылучаецца эстэтычным афармленнем дваровай тэрыторыі, гульнявых пляцовак і групавых памяшканняў, што стварае ўтульныя ўмовы для выхаванцаў.

У Віцебскім універсітэце Наталля Баброўская атрымала не толькі кваліфікацыю выхавальніка, але і лагапеда. Зараз асабіста вядзе заняткі з дзецьмі, якім патрэбна лагапедычная дапамога, і гэта яе аддушына. Вялікая любоў да дзяцей ляжыць у аснове ўсёй яе дзейнасці.

Ніна КРУКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *