Культорганизаторы санатория «Боровое» умеют создать настроение для отдыхающих
У нядзелю сваё прафесійнае свята адзначылі і супрацоўнікі сектара культурна-масавай работы санаторыя “Баравое”: загадчык Алена Юхнавец і культарганізатары Алена Дударонак і Ганна Аўтушка.
Нягледзячы на тое што штат сектара невялікі, кола абавязкаў калектыву – шырокае. У санаторыі пастаянна адпачывае пад дзве сотні чалавек, якія, зразумела, спадзяюцца атрымаць не толькі шэраг аздараўленчых працэдур, але і назапасіцца пазітыўнымі эмоцыямі.
– Да кожнага нашага госця імкнёмся знайсці індывідуальны падыход. Хтосьці хоча абсалютнай цішыні і спакою, але не супраць добрай кнігі ці красворда – у такім разе запрашаем у бібліятэку, расказваем, што ў нас ёсць кіназала, можна паглядзець фільм на вялікім экране, ці, скажам, згуляць у більярд, – дзеліцца асаблівасцямі работы Алена Уладзіміраўна. – Іншаму хочацца адпачынак сумясціць з экскурсійнымі паездкамі. У такім разе арганізуем азнаямленчыя выезды па славутых мясцінах раёна, у Бярэзінскі біясферны запаведнік, Мір, Нясвіж і далей, у залежнасці ад запыту. Праводжу і пешую экскурсію ў Бягомль з наведваннем нашага музея. Ёсць і свае брэндавыя святы. Ведаю нават, што некаторыя пастаянныя госці спецыяльна набываюць пуцёўку з улікам іх правядзення. Гэта адкрыццё і закрыццё летняга сезону, свята Нептуна, Купалле, Каляды, Вадохрышча, Масленіца і інш.
Да таго ж, кожны дзень, акрамя панядзелка (гэта звычайна дзень заезду і адаптацыі), у танцавальнай зале санаторыя праходзяць дыскатэкі, караоке-вечарыны, арганізуюцца чайныя пасядзелкі, каб госці маглі пазнаёміцца, пагутарыць. Для кожнага імянінніка, які ў дзень нараджэння адпачывае ў санаторыі, абавязкова выпякаюць святочны пірог. У арсенале работнікаў культуры шмат настольных гульняў, якія больш папулярны нават не сярод дзяцей, а сярод дарослых. Пераможцам прадугледжаны невялікія прызы ці сувеніры. Досыць актыўна адпачываючыя адгукаюцца на правядзенне майстар-класаў па вырабе розных прыгожых і карысных рэчаў.
На летні час дадаткова на работу прымаюцца аніматары, звычайна з ліку студэнтаў ВДУ імя Машэрава, якія на працягу дня забаўляюць дзетак. Летнімі вечарамі практычна ніколі не пустуе танцпляцоўка, пабудаваная літаральна на беразе возера.
Адным словам, сектар культурна-масавай работы санаторыя – гэта каманда ўніверсалаў ад культуры, якія, калі трэба, могуць распрацаваць сцэнарый і правесці свята, пераўвасобіцца ў любы вобраз, спець, станцаваць, арганізаваць экскурсію, спартыўны турнір… Карацей кажучы, зрабіць усё, каб людзям, якія выбралі адпачынак на докшыцкай зямлі, было камфортна, утульна, весела, душэўна, шчыра, захапляльна і каб кніга водгукаў санаторыя поўнілася новымі цудоўнымі радкамі.
Тыя самаахвярныя людзі, якія выбіраюць сферу культуры справай жыцця, добра ўсведамляюць, што нельга спаслацца на дрэннае самаадчуванне ці адсутнасць настрою і ідэй. Інакш прафесія выбракуе цябе. Сапраўдныя работнікі культуры ўключаны ў працэс лічы 24/7. Калі ты не рыхтуеш мерапрыемства, значыць праводзіш яго, бо як толькі яно заканчваецца – пачынай думаць і распрацоўваць наступнае. І працэс гэты бясконцы.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота з архіва санаторыя “Баравое”.