120 лет под покровом Пресвятой Богородицы. История храма в городе Докшицы

Сучасны выгляд Свята-Пакроўскай царквы

Сучасны выгляд Свята-Пакроўскай царквы

Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Докшыцах святкуе свае 120-я ўгодкі. Менавіта столькі часу прайшло з таго моманту, калі 28 верасня (па старым стылі) 1903 года адбылося ўрачыстае асвячэнне благачынным Мікалаем Пляшчынскім новага каменнага храма, пабудаванага на сродкі казны. Удзел прыхаджан вызначыўся тым, што на сабраныя імі грошы была ўзведзена агароджа з боку вуліц Мікалаеўскай і Аляксандраўскай. Такім чынам Докшыцы сталі месцам, дзе існавалі дзве праваслаўныя царквы: драўляная св. Іаана Багаслова і ўновапабудаваная каменная.

Будаўніцтва храма. 1902-1903 гг.

Будаўніцтва храма. 1902-1903 гг.

За больш чым стогадовае існаванне Свята-Пакроўскі храм перажываў розныя часы, але, да радасці вернікаў, ніколі не зачыняўся, за выключэннем калі толькі кароткага перыяду на пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Немцы летам 1941-га зрабілі ў ім часовы канцлагер для ваеннапалонных, які праіснаваў да пачатку верасня. Пасля гэтага службы ў царкве былі адноўлены. Яшчэ раз небяспека навісла над ёй ужо напрыканцы 1970-х, калі тагачасны дырэктар музычнай школы, ацаніўшы акустычныя магчымасці храма, выказаў ідэю перарабіць яго пад канцэртную залу. Настаяцель Уладзімір Мялешка разам з прыхаджанамі царкву адстаялі, і сёння яна радуе сваім існаваннем праваслаўны асяродак Докшыц.

Каб мець той бліскучы выгляд, які ёсць сёння, храм, зразумела, некалькі разоў рамантаваўся. За польскім часам царква абзавялася электрычнасцю, якую страціла ў Вялікую Айчынную вайну. Аднавіць яе атрымалася толькі ўжо ў наш час настаяцелю Уладзіміру Мялешку. Першы рамонт храма спатрэбіўся пасля таго, як з будынка вывелі палонных. Сталярныя работы тады, у тым ліку і па аднаўленні алтара, зрабіў Дзмітрый Чысцякоў, а іконы рэстаўрыраваў мастак Сяргей Вішнеўскі. Зразумела, што ў атэістычны час, калі храмы не толькі не рамантаваліся, а, наадварот, зачыняліся і нават разбураліся, нічога адметнага не рабілася і ў Свята-Пакроўскай царкве. Толькі на пачатку 1980-х протаіерэй Уладзімір Мялешка пачаў праводзіць пазалоту іканастаса. Справу бацькі прадоўжыў яго сын протаіерэй Георгій Мялешка. Тое, што сёння Свята-Пакроўскі храм з’яўляецца сапраўднай перлінай горада, без перабольшання заслуга гэтага святара. Па яго просьбе вядомы беларускі мастак наш зямляк Віктар Маркавец аднавіў роспіс храма (пазней гэта работа будзе праведзена яшчэ раз). Будынак царквы быў пафарбаваны, іканастас, купалы і крыж пакрыты пазалотай, практычна заменены дах, зроблена газаацяпленне, адрамантавана старая і ўстаноўлена новая агароджа, устаноўлена гукаўзмацняльная апаратура, пабудавана альтанка. Добраўпарадкаванне працягваецца і зараз. Устаноўлены новыя званы, заменены ўваходныя дзверы, зроблена дарожка да альтанкі.

М. Пляшчынскі

Мікалай Пляшчынскі

Душой любога храма з’яўляецца, канечне, яго настаяцель, з якім разам вернікі ўзносяць малітву да Бога. У Свята-Пакроўскай царкве служылі сапраўдныя святары, якія годна выконвалі свае абавязкі ў няпросты час. Прыкладам для ўсіх, без сумнення, з’яўляецца асоба благачыннага протаіерэя Мікалая Пляшчынскага, чыё пастырскае служэнне ў нашай царкве доўжылася больш за паўвека. Сваім аўтарытэтам самаадданага Божага служкі, адукаванага, добрасумленнага чалавека ён уплываў на ўсе бакі не толькі царкоўнага, але і грамадскага жыцця. Быў членам гарадской думы, потым магістрата, выкладаў у гарадской вучэльні і ўсіх земскіх школах. Вернікі любілі свайго святара і цанілі за яго адданасць праваслаўю, прыхільнасць старасвецкаму ўкладу жыцця, за жыццёвую мудрасць і жаданне дапамагчы ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу. Пляшчынскі пакорліва прымаў усе зямныя іспыты. З матушкай Марыяй Рыгораўнай яны пражылі разам 63 гады, вырасцілі чацвярых сваіх дзяцей і адну прыёмную дачку. Памёр Мікалай Пляшчынскі ў 1957 годзе на 91-м годзе жыцця.

З 1945 па 1948 год настаяцелем Свята-Пакроўскай царквы быў Сава Дзюма, які павянчаўся з прыёмнай дачкой Пляшчынскага Кацярынай Галянкевіч. Яго змяніў Мікалай Гоман, які да таго часу быў настаяцелем сітцаўскай Свята-Георгіеўскай царквы.

Пётр Бітэль з сям'ёй. 1948 г.

Пётр Бітэль з сям’ёй. 1948 г.

У 1949 годзе ў Докшыцы прыехаў Пётр Бітэль. Вельмі адукаваны чалавек, ён пачынаў настаўнікам, закончыў Вышэйшыя настаўніцкія курсы пры Віленскім універсітэце. Дасканала валодаў некалькімі мовамі, быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Але па даносе быў звольнены з настаўніцкай працы. Мясцовы святар прапанаваў адукаванаму верніку пайсці ў пастырскае служэнне. Пётр Бітэль закончыў курсы пры Мінскай духоўнай семінарыі і ў 1947 годзе быў рукапакладзены ў сан, але зноў па даносе ў 1950 годзе быў арыштаваны. Дарма прасілі докшыцкія вернікі за свайго святара. У зняволенні Пётр Бітэль зрабіў, можна сказаць, галоўную справу свайго жыцця і гэтым упісаў сваё імя ў гісторыю – здзейсніў пераклад бессмяротнай паэмы А. Міцкевіча ”Пан Тадэвуш” з польскай на беларускую мову, які лічыцца лепшым да сённяшняга. Пасля рэабілітацыі зноў вярнуўся да служэння. У 1961 годзе ўлады прапанавалі яму прылюдна адмовіцца ад сану. Калі не згадзіўся, адабралі дакумент на права служэння. Пётр Бітэль вярнуўся ў родную вёску Вішнёва, што на Валожыншчыне, працаваў настаўнікам і зрабіў шмат перакладаў вершаў, раманаў на беларускую мову з рускай, украінскай, польскай, нямецкай, лацінскай моў. Пісаў і сам. Дарэчы, рэцэнзентам яго першай кнігі быў Уладзімір Караткевіч.

Глыбачанін Мікалай Леднік атрымаў назначэнне ў Докшыцы ў 1951 годзе. Старыя людзі ўспамінаюць айца Мікалая як чалавека светлай душы і розуму, уладальніка ўсіх хрысціянскіх дабрадзейнасцей, які вельмі клапаціўся пра сваіх вернікаў. Патаемна хрысціў дзяцей тых, хто баяўся рабіць гэта ў царкве, ездзіў па вёсках, здзяйсняючы трэбы. Ва ўмовах ваяўнічага атэізму гэта дзейнасць была падобнай да подзвігу.

Два гады (1960–1962 гг.) настаяцелем Свята-Пакроўскай царквы быў протаіерэй Пётр Хрышчановіч, пра якога вернікі захавалі ўспаміны як пра справядлівага, сумленнага і бескарыснага святара.

Яго змяніў Расціслаў Сцепуржынскі, бацька якога, айцец Міхаіл, быў у гэты час настаяцелем Петра-Паўлаўскай царквы ў Гняздзілаве. Айцец Расціслаў праслужыў у Докшыцах да 1965 года. Далейшы яго пастырскі шлях звязаны з прыходамі на Гродзенскай зямлі. У 1989 годзе мітрафорны протаіерэй Расціслаў Сцепуржынскі быў членам абласной выбарчай камісіі, што сведчыць аб вялікім аўтарытэце святара сярод вернікаў.

Прыкладам высокай духоўнасці, інтэлігентнасці, прыстойнасці і дабрыні быў протаіерэй Георгій Гаховіч. У Докшыцы ён прыехаў ужо вядомым і заслужаным святаром, чыё пастырскае служэнне вымяралася чатырма дзясяткамі гадоў. На Вялікдзень 1973 года свяцейшы настаяцель Свята-Пакроўскага храма мітрафорны протаіерэй Георгій Гаховіч за заслугі быў удастоены правам служэння літургіі з адкрытымі царскімі дзвярыма па “Ойча наш”.

Са жніўня 1973 года на працягу наступных двух гадоў настаяцелем Свята-Пакроўскага храма быў протаіерэй Валянцін Багаткевіч, які па сумяшчальніцтве праводзіў богаслужэнні і ў царкве Георгія Перамоганосца ў вёсцы Тумілавічы. Сын святара, айцец Валянцін, адрозніваўся сціпласцю, непадробнай рэлігійнасцю і высокімі маральнымі якасцямі.
З шасці гадоў пачаў прыслужваць у царкве будучы протаіерэй Уладзімір Мялешка, які стаў настаяцелем Свята-Пакроўскай царквы ў 1975 годзе. Святарамі сталі і два яго сыны. Меншы, Васіль, памёр рана, але паспеў пабудаваць храм у Лідзе. Георгій 35 гадоў быў настаяцелем Свята-Пакроўскай царквы, благачынным Докшыцкай акругі. Вельмі шмат зрабіў для ўмацавання храма, карыстаўся вялікім аўтарытэтам у прыхаджан, мясцовай улады.

Зараз настаяцелем Свята-Пакроўскай царквы з’яўляецца епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій, клірыкам прыходу – іерэй Павел Іоська. І па-ранейшаму Свята-Пакроўская царква з’яўляецца месцам захавання праваслаўнай веры на докшыцкай зямлі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *